Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пераможа ў сьвеце - нацыянальны сувэрэнітэт ці інтэграцыя?


(эфір 28 студзеня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Уступленьне чалавецтва ў 2000-ы год сымбалізуецца дзьвюма галоўнымі і, разам з тым, супрацьлеглымі тэндэнцыямі геапалітычнага жыцьця. Гэта, з аднаго боку, інтэрнацыяналізацыя палітычнага жыцьця, зьнікненьне межаў, адмова дзяржаваў ад часткі свайго нацыянальнага сувэрэнітэту і ўмацаваньне, напрыклад, агульнаэўрапейскіх структураў, тыпу Эўрапейскага Зьвязу. З другога боку – ў некаторых рэгіёнах сьвету ідзе працэс умацаваньня і нараджэньня новых монанацыянальных дзяржаваў. Якая з гэтых тэндэнцыяў будзе вызначальнай для чалавецтва ў ХХІ стагодзьдзі?

Створаны больш за 40 год таму назад Эўрапейскі Зьвяз – сымбаль таго, як у народаў паасобных краінаў паволі, без ніякага націску звонку, без вайны, без гвалту, як гэта не аднойчы раней бывала ў гісторыі, нарадзілася пачуцьце неабходнасьці жыць разам, кіравацца адзінымі законамі, падпарадкоўвацца супольнаму для ўсёй Эўропы парлямэнту і, нарэшце, карыстацца адзінай валютай. Практычна ва ўсіх гэтых пытаньнях у краінах Эўрапейскага Зьвязу праводзіліся рэфэрэндумы, і народы выказваліся, за некаторымі выняткамі, за большую інтэграцыю.

У сувязі з гэтым некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што нацыянальныя дзяржавы, насельніцтва якіх складаецца пераважна з аднаго народу, паволі рабяцца анахранізмам. Вядомы брытанскі дасьледчык Антоні Гіддэнс, якога ў Вялікай Брытаніі ўважаюць за галоўнага навуковага дарадчыка прэм’ер-міністра Тоні Блэйэра, лічыць, што эра нацыянальных дзяржаваў скончылася назаўсёды, што будучыня належыць шматнацыянальным аб’яднаньням.

Сваю тэорыю Гіддэнс базуе ня толькі на патрэбах сусьветнага гандлю і рынкавай глябалізацыі. Ён лічыць, што чалавецтва толькі тады зможа надалей разьвівацца без войнаў і паўсюднага парушэньня правоў чалавека, калі на сьвеце па-сапраўднаму будзе панаваць міжнародны закон. Стварэньне пастановай ААН Міжнароднага трыбуналу ў справе ваенных злачынстваў у былой Югаславіі і Руандзе – сьведчаньне таго, што барацьба з ваеннай злачыннасьцю набывае сапраўды інтэрнацыянальны характар. Пра тое самае сьведчыць і справа былога чылійскага дыктара Аўгуста Піначэта, якога хочуць пасадзіць на лаву падсудных Гішпанія ды некаторыя іншыя краіны Эўропы.

На апошняй сэсіі ААН Генэральны сакратар гэтай арганізацыі Кофі Анан выступіў у падтрымку ідэі “права міжнароднай супольнасьці накіроўваць свае сілы ўсюды, дзе выразна парушаюцца правы чалавека”. Міжнароднае права павінна мець прыярытэт над нацыянальным заканадаўствам, падкрэсліў Кофі Анан.

Няўжо і сапраўды час нацыянальных дзяржаваў паволі канчаецца? Няўжо ўсе тыя дзясяткі нацыянальна-вызвольных рухаў, якія імкунуцца да стварэньня нацыянальных дзяржаваў, дзейнічаюць як бы насуперак руху кола гісторыі? Каб пракамэнтаваць гэтыя ідэі я зьвярнуўся да аднаго з самых вядомых нямецкіх спэцыялістаў у гэтай галіне, прафэсара Тюбінгенскага ўнівэрсытэту Дзітрыха Байраў. Вось ягоны камэнтар:

(Бэйраў: ) “На міжнароднай палітычнай арэне існуе як бы дзьве тэндэнцыі. З аднаго боку, палітычная ўлада цяпер канцэнтруецца ў руках міжнародных арганізацыяў, такіх як Араганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, Рада Эўропы, Эўрапейскі Зьвяз і інш. Але з другога боку, ўмацоўваецца новая этнічная сьвядомасьць, сьвядомасьць, якая зьяўляецца як бы падставай для стварэньня новых нацыянальных дзяржаваў”.

Калі ў 1945 годзе была створаная на сёньняшні дзень самая ўплывовая міжнародная арганізацыя – ААН, у якасьці яе закладальнікаў выступілі 43 краіны. У сярэдзіне 60-х гадоў колькасьць членаў ААН перавысіла ўжо 100 краінаў. Сёньня ж штогод на Гэнеральныя сэсіі ААН у Нь-Ёрк штогод прыяжджаюць прадстаўнікі больш 200 краінаў сьвету. Штогод на сьвеце зьяўляюцца ўсё новыя і новыя незалежныя краіны. І, як сьцьвярджаюць аналітыкі, працэс гэты будзе ісьці на працягу ўсяго ХХІ стагодзьдзя. Магчыма, да паловы ХХІ стагодзьдзя колькасьць незалежных краінаў на сьвеце павялічыцца на 50%. Нямецкі прафэсар Дзітрых Байраў камэнтуе гэты працэс наступным чынам:

(Байраў: ) “Я абсалютна ня ўпэўнены, што гэтая тэндэнцыя стварэньня новых нацыянальных дзяржаваў пануе толькі на Ўсходзе, у Азыі і Афрыцы. Мы назіраем падобныя працэсы і ў Заходняй Эўропе. Калі мы возьмем, напрыклад, баскаў, ці католікаў Паўночнай Ірляндыі, ці ў Вялікай Брытаніі – шатляндцаў і валійцаў, я ўжо не кажу пра імкненьне бальканскіх народаў да стварэньня нацыянальных дзяржаваў, якія ўваходзілі ў склад былой Югаславіі. Гэтае іх імкненьне прывяло да вядомай трагедыі.

Тое самае датычыцца тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Тут узьнікае шмат новых дзяржаваў. Але яны адразу ўключаюцца ў працэсы эўрапейскай інтэграцыі. Яны ўступаюць у Раду Эўропы, у Арганізацыю Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе і іншыя міжнародныя арганізацыі. Але пакуль што гэта вельмі вельмі слабая інтэграцыя. Яна не спрыяе нараджэньню новага агульна-эўрапейскага духа. Гэта ня тое, што ў Эўрапейскім Зьвязе, але і гэтае сяброўства ў эўрапейскіх структурах уплывае на іх унутраную палітыку. Такім чынам, абодвы працэсы – інтэрнацыяналізацыі міжнароднага жыцьця і нараджэньня новых нацыянальных дзяржаваў – адбываюцца разам. Яны як бы дапаўняюць адзін аднаго. Гэта два бакі адной зьявы, якую можна назваць працэсам далейшага фармаваньня палітычнай карты сьвету. І гэты працэс будзе адбывацца ў ХХІ стагодзьдзі”.

Як бачым, разам з шырокай інтэрнацыяналізацыяй міжнароднага жыцьця на сьвеце адбываюцца працэсы нараджэньня новых і ўмацаваньня старых нацыянальных дзяржаваў. Нацыяналізм зусім не зьбіраецца зьнікаць зь міжнароднай арэны. Наадварот, у некаторых рэгіёнах сьвету ён набірае сілы. Асабліва гэта датычыць такіх неспакойных рэгіёнаў, як былы Савецкі Саюз, краіны Азіі і Афрыкі. Няма таксама цалкавітай упэўненасьці, што працэсы інтэграцыі Эўрапейскага Зьвязу будуць пасьпяховымі. На сеньняшні дзень ЭЗ – гэта ўсё яшчэ толькі саюз сувярэнных дзяржаваў, а не фэдэрацыйнае аб’яднаньне.

На думку некаторых навукоўцаў менавіта нацыянальная дзяржава будзе яшчэ даволі доўга адыгрываць ролю найбольш эфэктыўнага інструмэнта нацыянальнага самакіраваньня для паасобных народаў, для групаў людзей, аб’яднаных адзінымі нацыянальнымі ідэаламі, агульнай гісторыяй і агульнымі традыцыямі.

Магчыма, што тэндэнцыя ўмацаваньня нацыянальных дзяржаваў, якая назіраецца ў некаторых рэгіёнах нашага сьвету, непасрэдна зьвязаная з узроўнем дэмакратыі і дабрабыту паасобных народаў. Чым багацейшая і свабаднейшая нацыянальная дзяржава, тым у большай ступені яе народ схільны адмаўляцца ад некаторых элемэнтаў сувэрэннасьці ды ісьці на інтэграцыю зь іншымі дзяржавамі. Вось што нямецкі гісторык і палітоляг, прафэсар Тюбінгэнскага ўнівэрсытэту Дзітрых Бэйраў, мяркуе на гэтую тэму:

(Бэйраў: ) “Я ня думаю, што ёсьць непасрэдныя ўплывы паміж узроўнем дабрабыту і дэмакратыі, з аднаго боку, і глябалізацыяй і ўмацаваньнем нацыянальных дзяржаваў, з другога. Шмат залежыць ад актульнай палітычнай сытуацыі ў тым ці іншым рэгіёне сьвету. Ня ясна яшчэ што адбудзецца з Інданэзіяй, вельмі змрочная будучыня Кітаю, невядома, якім шляхам разьвіцьця пойдзе Індыя.

У Індыі, пакуль што захоўваецца саюз дзясяткаў паасобных народаў.
Шмат залежыць таксама ад паводзінаў так званой ваеннай касты, якая сфармавалася ў Югаславіі, напрыклад, з сэрбаў. У Інданэзіі – гэта людзі з Усходняй Явы. Так што калі мы назіраем дэфіцыт раўнавагі паміж палітычнымі аўтанамічнымі правамі нацыянальных мяншыняў і панаваньнем адной нацыянальнай касты (напрыклад, вайсковай) тады, гэтая краіна не павінна мець будучыні.

Тое самае можна сказаць пра былы Савецкі Саюз. Сытуацыя там мне добра вядомая. Там было ўсё якраз наадварот. Найбольш актыўна да стварэньня нацыянальных дзяржаваў імкнуліся тыя народы, якія мелі самі высокі ўзровень дабрабыту. Гэта народы Прыбалтыкі. Яны былі самыя багатыя і самыя нацыяналістычныя. Прыбалты імкнуліся да сувэрэнітэту, іншыя народы таксама імкнуліся. Але там гэта не было сапраўдным народным рухам. Так што імкненьне да стварэньня нацыянальнай дзяржавы залежыць перш за ўсё ад актуальнай палітычнай сытуацыі, а таксама ад ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці, а не ад дабрабыту і дэмакратыі. Заходнія дзяржавы больш дэмакратычныя, і таму там канфлікты не нагэтулькі вострыя, як у Югаславіі ці Інданэзіі”.

І на заканчэньне нашай размовы я папрасіў прафэсара Байраў падзяліцца сваімі думкамі на тэму расейска-беларускага саюзу.

(Бэйраў: ) “Я думаю, што ў лукашэнкаўскага рэжыму няма ніякіх пэрспэктываў. Гэта аўтарытарны, напоўдыктатарскі рэжым. Будучыня Беларусі залежыць ад наступных фактараў: перш за ўсё, ад палітыкі Расеі. Калі імпэрскія тэндэнцыі, якія праяўляюцца цяпер, узрастуць, тады якраз Беларусь можа стаць часткаю Расеі, хаця і мірным шляхам, ня так, як гэта адбываецца на Каўказе. Калі ў Маскве будзе нармальная дэмакратыя, тады магчымы і нармальны саюз. Калі ж перамогуць імпэрскія тэндэнцыі, тады будзе простае падпарадкаваньне. Гэта вельмі сумная пэрспэктыва, асабліва для нацыянальна сьвядомых беларусаў, хаця яны і не складаюць бальшыні”.

Гэтыя два працэсы нараджэньня новых нацынальных дзяржаваў і стварэньня вялікіх шматнацыянальных дзяржаўных аб’яднаньняў спадарожнічаюць чалавецтву на працягу амаль усёй яго гісторыі. Вось толькі дасюль стварэньне шматнацыянальных дзяржаваў адбывалася амаль выключна з дапамогай сілы, крывавых заваёваў, і трымаліся дзяржавы-імпэрыі толькі на сіле зброі. Вось чаму яны ніколі не былі доўгавечнымі.

Сёньня час імпэрыяў скончыўся назаўсёды. Але ці сымбалізуе гэта сабой гістарычную перамогу монанацыянальнай дзяржавы над шматнацыянальнай?

Тое, што будуецца цяпер у рамках Эўрапейскага Зьвязу выразна адрозьніваецца ад добра вядомай нам імпэрскай дзяржавы. Тамака – абсалютна добраахвотнае міждзяржаўнае аб’яднаньне з мэтай стварэньня найбольш спрыяльных эканамічных, сацыяльных і палітычных умоваў жыцьця народаў. Бясспрэчна гэтая форма чалавечага сужыцьця будзе адной з галоўных тэндэнцыяў удасканаленьня чалавечага грамадзтва ў ХХІ стагоддзі. Але ці прывядзе гэты Зьвяз да стварэньня адзінай дзяржавы? Бальшыня палітычных аналітыкаў лічаць, што не…

Дзеля таго, каб любы зьвяз, тым больш зьвяз незалежных дзяржаваў, быў пасьпяховым, ён павінен быць аб’яднаньнем роўных. Менавіта такое аб’яднаньне будуецца ў рамках ЭЗ, і зусім іншага характару зьвяз будуецца на ўсходзе Эўропы…

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG