Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛІЦА


СТАЛІЦА

(Эфір 11 Студзеня 2001)

Удзельнік — Валянцін Акудовіч.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.
Музычны рэдактар — Ягор Маёрчык, прадусар — Алесь Гурыновіч.

(Ракіцкі: ) "Сёньня — пра сталіцу. Чаму той ці іншы горад становіцца сталіцай? Стагодзьдзямі Беларусь вагалася ў выбары свайго цэнтральнага гораду, пакуль жэрабя гісторыі не абрала Менск беларускай сталіцай.

Менск — горад без прывабнай гістарычнай міталёгіі — стаў, здаецца, насуперак сваёй волі ў ХХ стагодзьдзі сталіцай. Чаму? А якая ўвогуле роля сталіцы?

Напэўна, сталіца мусіць ахапіць усе рэгіянальныя тэрыторыі, арганізаваць прастору існаваньня супольнасьці як дадатак да самой сябе. Велічыня цэнтру вызначае й памеры правінцыі. Ці такі Менск? Ці выконвае ён гэтую місію? Менск — сталіца ці найноўшы міт?

Працягвае мой госьць — філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч".

(Акудовіч: ) "Ці была б магчымая Вялікая Рымская Імпэрыя з заканадаўчым мястэчкам у сярэдзіне? Безумоўна, не. І таму, як толькі заняпаў Вялікі Рым, згарнулася амаль уся Імпэрыя. Пры нашым тыпе цывілізацыі безь вялікай сталіцы можна было заваяваць палову сьвету, як гэта зрабіў Аляксандар Македонскі. Але адразу па сыходзе войскаў ад усіх заваёваў заставалася адно — гістарычны міт.

Геапалітычная трагедыя беларусаў якраз у тым, што мы ніколі ня мелі вялікай сталіцы. Не ў пару занядужаў Полацак, не акрыяў да сапраўднай моцы Наваградак, зашылася ў пэрыфэрыйнае памежжа Вільня".

(Ракіцкі: ) "Наш край, як ні дзіўна, ніколі ня меў сталай сталіцы ці цэнтру свайго. Ролю сталіцы, цэнтру цягам стагодзьдзяў спрабавалі Полацак, Наваградак, Смаленск, Вільня. Спадар Валянцін, чым з вашага гледзішча выкліканае гэткае вось блуканьне сталіцы на нашай зямлі?"

(Акудовіч: ) "Наўрад ці тут магчымы адзіны й пераканаўчы адказ. У мяне самога іх некалькі. Падам толькі найбольш верагодны.

На прасторы, якую мы сёньня пазначаем словам "Беларусь", існавала некалькі тыпаў цывілізацыяў. Найбольш выразныя зь іх — гэта Крэўская й Ліцьвінская. І кожная з гэтых цывілізацыяў шукала цэнтар самой сябе. Але штораз гэты цэнтар апынаўся на ўскрайку ўсёй прасторы як цэлага. І таму, уласна, мы ніколі сапраўднага цэнтру й ня мелі. Адсюль гэтыя радыкальныя скокі ад сталіцы ў Полацку й Смаленску на ўсходзе да супрацьлеглага краю — Наваградку й Вільні на захадзе".

(Ракіцкі: ) "Сталіца выконвае пэўныя функцыі. Перадусім, яна гарманізуе дзяржаўнае, грамадзкае ўпарадкаваньне. Сталай сталіцы ў нас не было. Дзяржаўнасьць была. Дык хто ж тады трымаў функцыі цэнтру дзяржавы ў нашым краі?"

(Акудовіч: ) "Пры адсутнасьці сапраўднага цэнтру функцыю калектыўнае сталіцы, як змаглі, супольна ўзялі на сябе шматлікія мястэчкі й невялікія гарады. Гісторыі Нясьвіжу ці Міру, Мсьціслава ці Сьвіслачы значна багацейшыя за, прыкладам, гісторыю Гомеля.

У мястэчках друкаваліся кнігі, ствараліся тэатры, распрацоўваліся эканамічныя, палітычныя й культурныя стратэгіі ўсяго гаспадарства. Нашыя мястэчкі — вялікая нашая каштоўнасьць".

(Ракіцкі: ) "Нейкая містыка… Гарады ўхіляліся ад выкананьня функцыяў сталіцы. Дэманстравалі нежаданьне быць ёю.

Менск увогуле ў гэтых працэсах знаходзіўся на ўзбочыне. Не вытыркаўся з узроўню звычаёвасьці. І ўсё ж у ХХ стагодзьдзі менавіта Менск зрабіўся сталіцай. Чаму? Няўжо толькі з-за палітычнае віхуры, што менавіта ў ім пранеслася?"

(Акудовіч: ) "Менск — сапраўды сталіца Беларусі. Што я хачу гэтым сказаць? А тое, што Менск ня мог быць сталіцай, пакуль з парэшткаў крэваў, ліцьвінаў, русінаў, яцьвягаў ды іншых не сфармаваўся новы этнас, які мы (магчыма, ня вельмі ўдала) называем беларускім. І вось прастора існаваньня гэтага новага этнасу й вылучыла Менск як гарманізуючы цэнтар".

Мы —
дзеці шалёнага места,
мы жыць выходзім
на Поўначы.

І ты —
выпадковы вандроўнік,
як трасцы,
баісься нас.

Мы носім
пад чорнымі строямі,
пад робамі
і бразготкамі

ад нас
адмыслова хаванае
нашай радзімы
імя.

(«Дзеці чорнага гораду», гурт «Новае неба»)

(Ракіцкі: ) "Калі гаварыць толькі пра этнас, дык гэта можа падацца ўвогуле выпадковым. Я думаю, што да ўвагі трэба браць усё ж гістарычныя аспэкты. Менск мае тысячагадовую гісторыю. Няўжо ніколі не ўзьнікала на такім доўгім шляху ідэі гарманізавальнага гораду, гораду-цэнтру, гораду, урэшце, з сакральным сэнсам?"

(Акудовіч: ) "Дзіўна й нават містычна, але ўжо на самым пачатку нашае летапіснае гісторыі было некалькі спробаў вылучыць Менск як цэнтар нашай прарадзімы.

Гарадзень Ізяслаўль, сёньня Заслаўе, быў адмыслова збудаваны для сына Рагнеды. Ізяслаў пакінуў месту сваё імя й вярнуўся на айчыну-маці, каб у Полацку далей трымаць дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Ўсяслаў, будзе шукаць страчанае дзедам. Чытаем у "Слове пра паход Ігаравы":

"Не чалавечыя ведушчыя Усяслава ўрэшце вызначыла каардынаты Нямігі, але..."

Вялікая кроў заўсёды сьведчыла пра невыпадковасьць месца, дзе яна пралілася. Але каб на тым месцы, дзе яна пралілася, узьнялося жыцьцё, патрэбны час. Зрэшты, я скептычна стаўлюся да містыкі".

(Ракіцкі: ) "Давайце пагаворым пра залаты век нашае гісторыі. Пра час зьбіраньня земляў у адну дзяржаву — ВКЛ. Зьбіраньне вакол Вільні, Наваградку. Зьбіраньне практычна без крыві. Якую ролю ў росквіце, у заняпадзе Княства адыгрывалі цэнтры?"

(Акудовіч: ) "Выкажу нахабную думку, за якую навукоўцы верагодна..."

(Ракіцкі: ) "...адарвуць вам галаву?"

(Акудовіч: ) "...аблаюць мяне апошнімі словамі. Але хай сабе. Дык вось. Заняпад ВКЛ абумоўлены шэрагам самых розных прычынаў. Аднак ці не найперш вінаватая ў гэтым заняпадзе сама Вільня, дакладней тое, дзе яна знаходзілася".

(Ракіцкі: ) "Патлумачце".

(Акудовіч: ) "У пару свайго росквіту ВКЛ — адна з найбуйнейшых дзяржаваў у Эўропе, тэрыторыя якой сягала ад Балтыйскага да Чорнага мора. А яе сталіца Вільня знаходзілася ў закутку гэтай вялікай Імпэрыі. І таму не магла доўга трымаць адсунутую ад самой сябе прастору дзяржавы як цэлага.

Княства было само сабой, Вільня — сама сабой. Ня ведаю, ці адчувалі тагачасныя кіраўнікі дзяржавы гэтую небясьпеку, але вось вам прыклад такога адчуваньня ў сучасную пару. Каб утрымаць Казахстан як цэлае, Назарбаеў перанес сталіцу з Алма-Аты, што знаходзіцца на ўскрайку краіны, у Акмалу — бліжэй да яе сярэдзіны".

(Ракіцкі: ) "Згодна вашай лёгіцы, можам, напэўна, сьцьвярджаць, што менавіта неакрэсьленасьць цэнтру й дазволіла Кароне пакласьці лапу на Княства. А пазьней, калі мы мелі ўжо ня нашую, а польскую сталіцу, гэта дазволіла аддацца нам пад акупацыю Расейскай Імпэрыі.

Вы ўзгадалі казаскі прыклад. Вяртаючыся да Менску, няўжо геаграфічным фактарам можна вытлумачыць тое, што ўсё-такі Менск стаўся сталіцай Беларусі? Яно так, менавіта тут цэнтар нашае зямлі, але наўрад ці гэта найгалоўнае, як мне здаецца…"

(Акудовіч: ) "Няма Менску, акрамя Менску. У 1918 годзе Менск як цэнтар яшчэ мог выглядаць выпадковым. Хаця б таму, што поруч зь ім у гэтае ролі спрабавалі зьдзейсьніцца й Смаленск, і тая ж Вільня.

Але сёньня можна быць пэўным, што нідзе, акрамя як тут — на берагах зьніклай Нямігі, не маглі быць абвешчаныя ні БНР, ні цяперашняя Рэспубліка Беларусь. Нарэшце, этнаграфічная прастора намацала й зацьвердзіла сярэдзіну самой сябе, з чаго адразу згарманізаваліся ўсе дачыненьні цэнтру й пэрыфэрыі. Сёньня прасторава-адміністрацыйна Беларусь — адна з самых цэласных краінаў Эўропы. А гэта сур'ёзная падстава яе незалежнага існаваньня, у які б складаны час мы не жылі".

Краса Беларускага краю
І творчай думкі ўзьлёт,
Табе сваю песьню складаю,
Табе сваю песьню складаю –
Мой горад,
Мой горад,
Мой горад — герой, патрыёт.
("Песьня пра Мінск", камп. Алоўнікаў)

(Ракіцкі: ) "Ну вось, мы прасьпявалі дыфірамб Менску як сталіцы. Але як жа быць з сакральнай гісторыяй гэтага гораду? Менск, з майго гледзішча, пазбаўлены сакральнага сэнсу, уласнай міталёгіі, якую маюць, прыкладам, Прага, Парыж ды Лёндан.

Вы самі, між іншым, неяк напісалі, што "Менск ёсьць горад, якога няма". Мо безь міталягічнае даўніны ён як сталіца й ня мае пэрспэктывы? Мо нам трэба ўхапіцца за нейкі іншы горад — скажам, Горадню?"

(Акудовіч: ) "Сапраўды, Менск — гэта горад, якога пакуль што няма. Бо горад — гэта ня проста шмат дамоў і шмат людзей. Горад — гэта шмат мітаў, ідэяў, падзеяў, якія ўсе разам і фармуюць вялікі вобраз гораду.

Менску ў гэтым сэнсе пакуль што няма. Але ён ужо пачынаецца. Па-першае, у выніку вялікага перасяленьня вёскі ў 1950-70-х гадох Менск нарэшце зрабіўся этнічна беларускім горадам.

Па-другое, у 1980-90-я гады пачынае фармавацца ягоная найноўшая міталёгія, уласьцівая ўжо менавіта сталіцы. Толькі ў сталіцы маглі адбыцца Дзяды 1988 году й Чарнобыльскія шляхі наступных гадоў, Маршы свабоды й культавыя канцэрты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды зацяты, шматгадовы супраціў, і знакавая трагедыя на станцыі мэтро "Няміга".

...але мне хлусіць нецікава,
мне пра гэта
казалі сьведкі,
прэса распавядала
пра тое,
як у адзін
сонечны дзень
загінула разам
колькі людзей.
Гэта ня быў
банальны разбор
крымінальны,
не захоп,
не тэракт,
не няўдалае
каханьне,
не бязглуздая бойка
фанатаў футболу.
Нешта ў сьвеце
ня так,
нешта з намі
ня тое.
А хто я такі?
Чаму пра гэта
я кажу?
Таму што гэта —
мой горад,
і я тут жыву.
Гэта мой рэгіён,
як зараз модна казаць.
Таму гэта
ня можа мяне
не кранаць.
Можа, гэта таму,
што сам
ня быў там я,
але вось яна —
сумная гісторыя.
А быў гэта травень 99-ы,
запрашалі ўсіх
на крывавае сьвята.
("Крывавае сьвята", А.Памідораў)

(Ракіцкі: ) "З намі, шаноўнае спадарства, быў філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч, які лічыць, што Менск з гораду, "якога няма", робіцца горадам, "які ёсьць".

Валянцін Акудовіч гэтак акрэсьлівае пэрспэктыву Менску як сталіцы:

"Менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалягемаў, сьляды — сьлядоў. Цені ірацыянальнага будуць гуснуць, цяжэць, усё цяжэй класьціся на покрыва каардынаты. І пустэльня, выпаленая ляда пакрысе ажыве, напоўніцца нечым, што некалі стане тым другім, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялёг. І, такім чынам, спакваля з гораду, якога няма, зробіцца горадам, які ёсьць".

Вячаслаў Ракіцкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG