Адміністрацыя вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” працягвае спробы гвалтоўным
чынам прымусіць людзей уступіць у “дырэктарскі” прафсаюз. Аднак сутыкаецца
з прыкметным супрацівам працоўнага калектыву.
Жорсткі прэсынг з боку кіраўніцтва аб’яднаньня сёньня меў месца на ўсіх
пяці прадпрыемствах, якія ўваходзяць у “Інтэграл”. На працягу працоўнага
дня рабочых і інжынэраў прадстаўнікі адміністрацыі агітавалі ўхваліць ініцыятыву
генэральнага дырэктара Віктара Емяльянава. Пасьля гэтага “інтэгралаўцам”,
як правіла, аддаецца загад напісаць заявы на выхад з прафсаюзу радыёэлектроннае
прамысловасьці ды ўступленьне ў новы прафсаюз.
Кіраўніцтва аб’яднаньня разьлічвала, што новы прафсаюз будзе створаны
ўсяго за некалькі дзён. Зараз, аднак, бачна, што гэты працэс складаны —
шмат хто з працаўнікоў “Інтэгралу” супраціўляецца дырэктарскаму гвалту.
Сумненьні ў распачатай справе маюць нават тыя, хто дапамагае Емяльянаву
“зламаць” калектыў. Вось што паведаміў нашаму радыё адзін зь лідэраў новага
прафсаюзу Вадзім Фёдараў:
“Сумневы ёсьць. І таму прафсаюзны камітэт прыняў гэтае рашэньне не аднагалосна,
і ў першасных арганізацыях ухвалілі ідэю толькі 78 адсоткаў працаўнікоў.
У кожнага сваё меркаваньне”, — зазначыў Фёдараў. Паводле ягоных словаў,
сумневы арганізатараў новага прафсаюзу нарастаюць у сувязі з пагрозаю ўтварэньня
ў аб’яднаньні некалькі прафсаюзаў.
Між іншым, паводле апошніх зьвестак, “дырэктарскі” прафсаюз заснаваны
пакуль яшчэ толькі на адным прадпрыемстве “Інтэгралу” — заводзе імя Дзяржынскага.
На менскіх заводах “Транзыстар” і “Электроніка”, берасьцейскім прадпрыемстве
“Цьветатрон” і пінскім “Камэртоне” працаўнікі ўпарцяцца прафсаюзнай ініцыятыве
Емяльянава. Гаворыць старшыня рэспубліканскага камітэту прафсаюзу радыёэлектронікі
Генадзь Фядыніч:
(Фядыніч: ) “Зараз яны там працуюць над статутам, бо яго трэба ўдакладніць.
Нашыя першасныя арганізацыі, што ёсьць на “Электроніцы” і на “Транзістары”,
паводле яго, ня маюць тых правоў, што мелі раней, але ператвараюцца проста
ў цэхавую арганізацыю. Гэта паводле словаў Мураўёвай Ірыны Дзьмітраўны,
старшыні прафкаму “Транзістара”,
— паведаміў Фядыніч.
Дарэчы, прафсаюзны лідэр заводу “Транзыстар” Ірына Мураўёва сёньня паведаміла
сваім калегам, што й тут нарастае гвалт з боку адміністрацыі. Паводле ейных
словаў, Мураўёвай быў фактычна закінуты ўльтыматум: або дапамагаць адміністрацыі
ў арганізацыі новага прафсаюзу, або звальняцца з прадпрыемства.
Замаруджваецца працэс прафсаюзнага будаўніцтва й на заводзе “Цьветатрон”.
З гэтае прычыны генэральны дырэктар аб’яднаньня Віктар Емяльянаў сёньня
тэрмінова накіраваўся ў Берасьце.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1