Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


26 лістапада ў Горадні адбылася ІІІ-я абласная Асамблея няўрадавых арганізацыяў. Ейныя ўдзельнікі назвалі Сямёна Домаша як магчымага адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Напачатку прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў з усяе вобласьці абмеркавалі шляхі разьвіцьця трэцяга сэктару на Гарадзеншчыне. Яны таксама выслухалі паведамленьне пра пашырэньне абсягаў працы Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў. Сямён Домаш паведаміў пра тое, як разгортваецца дзейнасьць Каардынацыйнае рады «Рэгіянальная Беларусь», якую ён узначальвае: створаныя філіі ў абласных цэнтрах, а таксама ў некаторых буйных гарадох. Такім чынам, удалося згуртаваць дэмакратычныя сілы па-за сталіцаю.

Пры абмеркаваньні ягонае кандыдатуры Сямён Домаш не прысутнічаў, бо ў яго была сустрэча з прафсаюзьнікамі. Удзельнікі асамблеі абгрунтавалі магчымасьць вылучэньня кандыдатуры спадара Домаша для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах наступным чынам: ён мае вялікі досьвед працы ў дзяржаўных ворганах — ад старшыні гарадзкога выканкаму й гарадзкога Савету да кіраўніка Гарадзенскіх абласных выканкаму й Савету дэпутатаў. Затым у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ён быў абраны ў Прэзыдыюм, сябрам якога зьяўляецца да гэтага часу. Ён беспартыйны, пасьлядоўна займае дэмакратычныя пазыцыі.

Удзельнікі зьвярнуліся да ўсіх дэмакратычных арганізацыяў Гарадзеншчыны з заклікам падтрымаць ініцыятыву Асамблеі наконт кандыдатуры Сямёна Домаша. У звароце таксама прапануецца Нацыянальнай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў разгледзець гэтую кандыдатуру ў якасьці адзінай, якая будзе прадстаўляць дэмакратычныя сілы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG