Славутаму беларускаму сьпеваку Міхалу Забэйду-Суміцкаму
спаўняецца сто гадоў. Аднак нават гэтая юбілейная дата ня стала падставаю,
каб нарэшце вартасна ўшанаваць на радзіме ягоны шырока прызнаны за межамі
непаўторны талент.
Сто гадоў таму ў вёсцы Шэйпічы, што на Пружаншчыне Берасьцейскае вобласьці,
у сям’і Івана Забэйды ды Аляксандры Суміцкай нарадзіўся хлопчык, якога
Бог пазначыў сваёй адмысловай іскрынкаю. Хлопчык адмалку хацеў сьпяваць.
Ня толькі працуючы ў полі. Ня толькі за сямейным сьвяточным сталом. Хлопчык
хацеў сьпяваць на сцэне. Вучыцца ж не было дзе. Таму Міхаська без ахвоты
засвойвае навуку ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, разам зь якою
ў часе першае ўсясьветнае вайны эвакуюецца ў Смаленск. Адкуль пасьля перамогі
бальшавікоў зьяжджае ў Харбін. І там лёс зводзіць яго са славутымі расейскімі
майстрамі опэрнае сцэны. Яны й далі юнаку першыя прафэсійныя ўрокі вакальнага
мастацтва.
Спачатку была сцэна опэрнага тэатру ў Харбіне. У 1932 годзе ён спаўняе
нарэшце сваю мару пра радзіму опэрнага мастацтва ды пераяжджае ў Італію,
дзе з посьпехам выступае ў знакамітым “La Skala”. У 1935 годзе ён становіцца
артыстам Познаньскага опэрнага тэатру, а яшчэ праз два гады – салістам
Варшаўскага радыё.
Але ні на дзень не пакідае яго мара сьпяваць на радзіме. Лучыцца зь
якою заставаўся адзіны спосаб – празь песьню. І яна загучала з вуснаў знакамітага
ўжо на ўсю Эўропу лірычнага тэнара. Заходні слухач упершыню пачуў у канцэртных
праграмах опэрнага сьпевака беларускі песенны фальклёр. З кожнага канцэртнага
турнэ ён прывозіў у сваю маленькую праскую кватэру, дзе ад 40-га году жыў,
кружэлкі з запісамі родных песьняў. Адусюль, толькі не з радзімы, у якой
ён быў і невядомы, і нежаданы.
Пад час нямецкай акупацыі ўдалося прыехаць ненадоўга. Сьпяваў у Вільні
й Ваўкавыску. За што быў зьвінавачаны бальшавікамі “за сувязь зь немцамі”,
а немцамі – “за сувязь з партызанамі”. Цудам пазьбег сьмерці. Але той прыезд
прарваў усё ж шчытную заслону няведаньня.
Таемная слава ў асяродку сьвядомае беларускае інтэлігенцыі жыла ажно
да адліжных хрушчоўскіх 60-х. Сёй-той адважваўся наведваць праскага салаўя,
апынаючыся ў Чэхаславаччыне. Яны ж і спрычыніліся да наладжаньня першых
і адзіных гастроляў Міхала Забэйды-Суміцкага па савецкай Беларусі.
Той ягоны прыезд на радзіму ў 1963 і да сяньня не забываць тут многія,
хто патрапіў тады на канцэрты. У іх ліку – паэт Сяргей Грахоўскі. Ягоныя
ўспаміны вы пачуеце ў нашай праграме пазьней. Але такіх адносінаў да славутага
суайчыньніка ня мае бальшыня беларусаў.
Сьцяна маўчаньня па-ранейшаму ахутвае талент знакамітага сьпевака. Не
выходзяць запісы ягоных сьпеваў, не выдаюцца альбомы пра ягоны непаўторны
талент, не ладзяцца канцэрты памяці. Нават да сотых ўгодкаў сёньня адбудзецца
толькі камэрная вечарына ў сталічным доме дружбы. Опэрная сцэна на радзіме
аказалася зачыненай для Міхала Забэйды-Суміцкага як пры жыцьці, гэтак і
пасьля сьмерці. Толькі ў невялікім коле знаёмцаў шчымліва льецца з зацёртых
замежных кружэлак ягоны – Богам дадзены – голас.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1