За камуністамі кожны адукаваны беларус ведаў пра Вандэю, бо Вялікай
Французкай рэвалюцыі адводзілася шмат мейсца ў гісторыі КПСС.
Але ніхто не зьвязваў назву гэтага дэпартаманту Францыі з хоць чым у
Беларусі да той пары, пакуль напрыканцы 80-х Алесь Адамовіч не назваў Вандэяй
усе тыя сілы, што супрацьстаялі дэмакратычным пераменам і нацыянальнаму
адраджэньню на нашай Бацькаўшчыне.
Зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча слова Вандэя імгненна набыло надзвычайную
папулярнасьць. Калі ў 1989 годзе на Дзяды ля зачыненай брамы "Маскоўскіх"
могілкаў шчыльныя шыхты міліцыянтаў з усіх бакоў сьвядома сьціскалі шматтысячны
натоўп, каб людзі падушылі самі сябе, то адзінае, што мы змаглі тады супрацьпаставіць
карнікам -- гэта нястомны вокліч: "в а н д э я ! в а н д э я !
в а н д э я !". Менавіта гэты вокліч задзіночыў натоўп у змагарнае
цэлае й дапамог яму выстаяць.
Зрэшты, лёсы словаў яшчэ больш пакручастыя і непрадказальныя за лёсы
людзей. І колькі б сёньня гісторыкі не тлумачылі пра нейкую сапраўдную
ролю гэтага заходняга дэпартаманту Францыі ў ейным далейшым лёсе, але Вандэі,
бадай, назаўсёды наканавана заставацца метафараю контаррэвалюцыі, ва ўсе
часы прыдатнай для тых, хто прагне пераменаў.
Валянцін Акудовіч
Самае папулярнае
1