Калі вам пашчасьціла гуляць хоць раз на сапраўдным народным вясельлі,
то, ведама ж, не забудуцца вясельныя ўпэўненыя маршы. Гэтак бывае ляскацяць,
зьвіняць пляскатыя талеркі, б’ючыся адна аб другую, што і маршалак
не перакрычыць, зазываючы да стала.
Быццам усе гукі сьвету зьбіраюцца ў мэталёвыя блішчастыя дыскі, і каму
тут уздогад, што сьцішацца аркестравыя талеркі, адплывуць у памяць
маршы, і застанецца сям’я сам-насам з клопатам пра іншую талерку
– сваячку тых сьпеўных і вясёлых каваных віртуёзам-кавалём латкаў, талерку,
якую трэба штодня поўніць спажываю. Гэта ж колісь годна казалі ў нашых
краёх: “Госьць, ня дзьміся, еш, што ў місе”. А цяперака мы паціху ўсталявалі
культ вялікавяльможнай талеркі. Каб жа нашая талерка была
паўнейшаю, чым суседзкая, ды смачнейшым на ёй усё здавалася.
Сышло ў нябыт “Госьць, ня дзьміся, еш, што ў місе”. Гэтак жа сышоў у
нябыт гонар тых шляхетных талеркаў, што цяпер зіхацяць парцалянаю
ў зьнямелых залях былых палацаў. Здаецца, яшчэ тыя, княжыя, выкшталцоныя
талеркі памятаюць сваё паходжаньне, роўнае дарагім нашым старажытным
грашом – талерам, што займелі колісь назову ад нямецкага “талер”.
Затое ў нас ганарова над вокнамі пабліскваюць дыскі талеркаў
спадарожнікавае сувязі, ды недзе пад самымі нябёсамі, кажуць, зьяўляюцца
зрэдзьчасу талеркі-лятункі іншаплянэцянаў. Ім, напэўна, тут раскоша,
сярод нашага талеркавага энтузіязму ды нязбытнай талерантнасьці.
Толькі мы ня ў сваёй талерцы – у нашым часе і ў нашай краіне.
Але тое нам вырашаць. Не іншаплянэцянам.
Ніхто ж на талерачцы волі і шчасьця не падасьць.
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1