Беларусы шмат да чаго здатныя. Але, што мы сапраўды добра ўмеем – дык
гэта наракаць і скардзіцца. Між іншым, нас гэтаму само жыцьцё навучыла
– калі няхочаш, каб да цябе розныя прыхадні лішне чапляліся – наракай на
гаротную долю. Мы й наракалі дзень пры дні, бо прыхадняў у нас адвеку ня
менела.
І так з гэтага да гаротнай мовы прызвычаіліся, што цяпер ужо нават паміж
сабой не гаворым, а толькі крыўдуем: на галечу, недарод, сьпёку, начальства
ды іншую халеру.
Натуральна, што мы й прэзыдэнта выбіралі не па якіх там адмысловых здольнасьцях,
а каб лепей за іншых умеў наракаць і скардзіцца… І не памыліліся
ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзыдэнцтва – на
апазыцыю, паветраныя шары, NATO, прафсаюзы, засуху, карупцыю, Пазьняка,
усясьветны імпэрыялізм – усяго да ранку не перабярэш.
Але, што праўда, мы таксама гэтыя 5 гадоў у шапку ня спалі – як толькі
на свайго абраньніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасьцяў
не зьвярталіся са скаргамі на яго…
Дарэчы, іншаземцы ўсур’ёз даюць веры нашым і нашага прэзыдэнта скаргам
– абураюцца, спачуваюць, раюць, як нам наш нягеглы лёс на кані аб’ехаць.
Сьмеху варта. Зрэшты, а скуль ім ведаць, што як мы спынімся наракаць і
скардзіцца, дык нам адразу мову адыме. Бо на іншыя словы мы ўжо
невядома калі забыліся. Засталося адно на ўсі выпадкі – скарга.
Валянцін Акудовіч
Самае папулярнае
1