Слова “рэвалюцыя” за савецкім часам звычайна ўжывалася побач
са словам “кастрычнік”. Нагадайма, што “рэвалюцыя” паходзіць ад
лацінскага “revolutio”, што ў перакладзе азначае “пераварот”. Зьдзейсьніўшы
яго, бальшавікі ахрысьцілі спакойны восеньскі месяц, калі, здаецца, прырода
адпачывае, пачаткам новай эры.
А каб не было сумневу, увялі дэкрэтны час і новы каляндар, паводле якога
кастрычніцкая рэвалюцыя надарылася… у лістападзе.
Як мэлянхалічна пісаў Купала з нагоды 10-годзьдзя ўтварэньня БССР: “Рэвалюцыя.
Воля. Верх узяў пралетарый. Беларусь як жабрачка брыдзе зь “бежанства”
хмарай”.
Імем рэвалюцыі раскулачвалі й высылалі зь Беларусі ў Сібір сялянаў,
зьнішчалі нацыянальную інтэлігенцыю, мову, гісторыю, выпраўлялі беларускіх
хлопцаў “выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Аўганістан”.
Паступова рэвалюцыя зрабілася штампам – звычайным, шэрым, як
той восеньскі дзень, калі масы людзей у шэрай вопратцы шпацыравалі пад
чыровонымі штандарамі перад аднолькавымі трыбунамі ў тысячах аднастайных
з выгляду савецкіх гарадох. З вышыні трыбунаў масы віталі, так бы мовіць,
правадыры рэвалюцыі – мажныя, пешчаныя, з азызлымі тварамі. І ня
было ў рэвалюцыі, як сьпявалася ў аднэй савецкай песьні, cканчэньня…
Потым была “перабудова”, якую таксама называлі рэвалюцыяй.
А наогул, дваццатае стагодзьдзе атрымалася багатым на рэвалюцыі
– навукова-тэхнічную, кампутаровую, сэксуальную. Савецкага Саюзу гэты рэвалюцыйны
“бум”, як быццам, не закрануў. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы да слова
“рэвалюцыя” дае такі прыклад з часопіса “Беларусь”: “Аўтаматы сыстэмы
Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю
на камбінаце”.
А напрыканцы стагодзьдзя выбухнулі сьпеўная рэвалюцыя ў краінах
Балтыі ды аксамітная – у Чэхаславаччыне. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Віталь Тарас
Самае папулярнае
1