Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябірынт


Лябірынт -- знакавае слова беларускае культуры. Цягам стагодзьдзяў беларусы ратавалі ў нябачных чужынскаму воку сховах мову, звычаі, памяць.

Старажытную беларускую цывілізацыю, схаваную ад захопнікаў у полацкіх лёхах, паказаў у сваёй фантастычнай аповесьці "Лябірынты" Вацлаў Ластоўскі.

Слова лябірынт прыйшло да нас з антычнасьці. У грэцкай міталёгіі Лябірынтам называлася збудаваная на востраве Крыт грандыёзная спаруда з заблытанымі хадамі, адкуль аніхто ня мог выбрацца. У Лябірынту жыла крыважэрная пачвара -- чалавека-бык Мінатаўр, якому аддавалі на разарваньне маладых афінянаў.

Першым, хто выбавіўся зь Лябірынту, быў пераможца Мінатаўра Тэзей, якому дапамог клубок нітак, падараваны герою закаханай у яго Арыяднай.

Беларусь мае свае лябірынты. І легендарныя, і мэтафарычныя, і цалкам рэальныя. Найславуцейшы зь іх -- Полацкі -- разгалінаваная сыстэма падземных хадоў-лёхаў, якая ў сярэднявеччы злучала гарадзкія манастыры й храмы.

Магчыма, менавіта там, у Полацкім лябірынту ў гады Інфлянцкае вайны зьнікла славутая Полацкая бібліятэка зь кнігамі, пісанымі рукою самой Эўфрасіньні. Можа, якраз у гэтых таямнічых лёхах некалі знойдзецца неацэнны Полацкі летапіс. Існуе вэрсія, згодна зь якой у 1941 годзе зьнікла толькі копія нашае нацыянальнае сьвятыні -- крыжа Лазара Богшы. А арыгінал таксама трэба шукаць у полацкіх сутарэньнях.

Цяперашняя ўлада асуджае беларускую культуру зноў на напалову падпольнае існаваньне, заганяючы яе ў сутарэньні. Ужо каторы год краіна блукае ў лябірынту, шукаючы зь яго выйсьця ў ХХІ стагодзьдзе.

Уладзімер Арлоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG