Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі кожныя тры гадзіны на дзень вымяраюць узровень радыяцыі на мяжы з Украінай

Вымярэньне радыяцыі пры дапамозе адмысловай прылады. Ілюстрацыйнае фота
Вымярэньне радыяцыі пры дапамозе адмысловай прылады. Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік начальніка Цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля (Белгідрамэт) Аляксандар Трусаў заявіў, што радыяцыйны ўзровень у памежных з Украінай Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях пачалі больш пільна кантраляваць з 2022 году.

«Праз тое, што ў нас ваенна-палітычная абстаноўка вакол Рэспублікі Беларусь, яна зьяўляецца нестабільнай, таму ў нас з 2022 году пераведзеныя 14 пунктаў назіраньня ў больш часты рэжым працы, і з пэрыядычнасьцю ў тры гадзіны адбываецца вымярэньне ў памежных раёнах. Гэта Берасьцейская і Гомельская вобласьці», — працытавала выданьне «Позірк» Аляксандра Трусава.

Паводле яго, вынікі дасьледаваньня магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня перадаюцца ў рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіраваньня.

«Што тычыцца своечасовай гатоўнасьці да рэагаваньня на магчымыя пагрозы ядзерных і радыяцыйных аварый, у нас штодня дзяжурныя зьмены праводзяць прагназаваньне розных аварый вакол Рэспублікі Беларусь з пункту гледжаньня трэніроўкі пэрсаналу і забесьпячэньня неабходнай інфармацыяй на выпадак аварый рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня», — адзначыў прадстаўнік Белгідрамэта.

Паводле яго, цягам 2025 году радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі Беларусі, уключаючы рэгіёны, прылеглыя да Ўкраіны, заставалася стабільнай, магутнасьць дозы гама-выпраменьваньня «адпавядала ўстаноўленым шматгадовым значэньням».

  • 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі.
  • У першы дзень расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС і зону адчужэньня.
  • Пасьля ўварваньня Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны зафіксавала значнае павелічэньне ўзроўню гама-выпраменьваньня праз перамяшчэньне вайсковай тэхнікі.
  • 31 сакавіка 2022 году расейская армія адступіла з той тэрыторыі.

У ноч на 14 лютага 2025 году расейскі дрон пацэліў у саркафаг, пабудаваны над разбураным аварыяй у 1986 годзе рэактарам. Ліквідацыя наступстваў атакі завяршылася летась 7 сакавіка.

1 кастрычніка 2025 году расейская армія атакавала падстанцыю ў Славуцічы, у выніку, паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, ЧАЭС была абясточаная цягам трох гадзін.

За 60 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю функцыянуе Ровенская АЭС.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG