Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: былога намесьніка кіраўніка турэмнай сыстэмы Беларусі разам з жонкай асудзілі за ўдзел у пратэстах

абноўлена

Суд у Гомлі, ахіўнае фота
Суд у Гомлі, ахіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Справу Сяргея Сандалюка і Анжэлы Сандалюк разглядалі яшчэ ў канцы 2024 году ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска. Ім было прад’яўлена абвінавачаньне ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Цяпер сталі вядомыя яе дэталі.

Як паведамляе Dissidentby, Сяргей і Анжэле Сандалюкам прызначылі пакаранне па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сяргей Сандалюк — былы намесьнік начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС. Гэтае ведамства кіруе ўсёй пэнітэнцыярнай сыстэмай Беларусі — турмамі, калёніямі, СІЗА і іншымі папраўчымі ўстановамі.

Сяргей шмат гадоў служыў у вайсковай часьці 7404 у Баранавічах — у 4-й спэцыяльнай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС. У 1996 годзе Сандалюк камандаваў там ротай, а ў 2000-х даслужыўся да камандзіра часьці.

У 2013 годзе Сяргей Сандалюк і стаў намесьнікам начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў. На гэтай пасадзе ён адказваў за ідэалягічную працу і кадравае забесьпячэньне.

На мяжы 2018-2019 гадоў Сяргей Сандалюк пайшоў у адстаўку з пасады намесьніка кіраўніка ДВП. У тым жа студзені 2019 года Сандалюк зарэгістраваўся ў Ленінскім раёне Менска ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, каб аказваць паслугі па здачы жыльля ў пасутачную арэнду, піша Dissidentby.

Былога міліцыянта з Рагачова асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што набыў моц прысуд Гомельскага абласнога суда датычна 33-гадовага жыхара Рагачова Віктара Антушэвіча. Яго асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Паводле праваабаронцаў, дакладна невядомы вырак, але верагодна, што яму прызначылі «хімію» з накіраваньнем ці пазбаўленьне волі.

Пра Віктара Антушэвіча вядома, што ён пасьля сканчэньня рагачоўскай сярэдняй школы № 3 працаваў міліцыянтам-кіроўцам групы затрыманьня ў мясцовым аддзеле Дэпартамэнту аховы МУС.

Праваабаронцы маюць інфармацыю, што Антушэвіча затрымалі ў чэрвені 2025-га году.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG