Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, афіцыйныя прычыны сьмерці немаўлят не назвалі.
На сайце лякарні адзначаецца, што праз перавышэньне парогу захворваньня на рэспіраторную інфэкцыю акушэрскі стацыянар прыпыніў шпіталізацыю пацыентак «на час правядзеньня карантынных мерапрыемстваў». Радзільны дом закрыўся 12 студзеня.
Міністар аховы здароўя Кемераўскай вобласьці Андрэй Тарасаў пацьвердзіў гэты факт, але не ўдакладніў колькасьць памерлых дзяцей.
«Сытуацыя адбылася. Цяпер ідзе разьбіральніцтва. Выяжджала камісія Мінздароўя, выяжджалі галоўныя пазаштатныя спэцыялісты. [...] Пасьля завяршэньня праверкі, мы дамо афіцыйную інфармацыю», — заявіў Тарасаў у часе відэатрансьляцыі на старонцы ўраду Кузбасу ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Рэгіянальнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Расеі завяло крымінальную справу паводле артыкулаў аб сьмерці па неасьцярожнасьці двум і больш асобам. Таксама праводзіцца праверка паводле артыкулу аб халатнасьці.
Губэрнатар Кемераўскай вобласьці Ільля Серадзюк паведаміў аб адхіленьні галоўнага лекара Новакузьнецкай клінічнай лякарні № 1 Віталія Хераскава.
Форум