Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Алесін: Генэральскія пагоны чыноўнікам – вяртаньне да савецкай практыкі


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Пра ўзмоцненую ўвагу, якую апошнім часам Аляксандар Лукашэнка надае сілам тэрытарыяльнай абароны, а таксама пра наданьне званьняў генэрал-маёраў кіраўнікам абласьцей і гораду Менску мы пагаварылі з вайсковым экспэртам Аляксандрам Алесіным.

Абламейка: Сёньня званьні генэрал-маёраў атрымалі кіраўнікі абласьцей і старшыня Менгарвыканкаму. У мэдыях адразу загаварылі пра вяртаньне генэрал-губэрнатараў часоў Расейскай імпэрыі. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?

Алесін: Ну я б такі далёкі экскурс у гісторыю не рабіў. Прысваеньне вайсковых званьняў цывільным асобам існавала і ў савецкую эпоху, і перадусім найвышэйшыя партыйныя чыноўнікі - кіраўнікі райкамаў і абкамаў, ЦК рэспублік - усе яны мелі вайсковыя званьні і ў выпадку вайны занялі б адпаведныя пасады. Яшчэ вайсковыя званьні мелі генэральныя канструктары і генэральныя дырэктары буйных заводаў абароннага значэньня або такіх, якія ў выпадку вайны станавіліся ваеннымі заводамі. Так што тут бліжэйшая савецкая практыка, а не часы генэрал-губэрнатараў.

Абламейка: Чаму Лукашэнка пачаў клапаціцца пра тэрытарыяльную абарону менавіта цяпер? Я вось гляджу, што у верасьні ў Берасьці праходзілі вучэньні сілаў тэрытарыяльнай абароны. І тады намесьнік галоўнага камісара вобласьці палкоўнік Міхаіл Філюк у інтэрвію тыднёвіку "Брестская газета" ён сказаў: “Мы адпрацоўвалі сытуацыйныя варыянты, набліжаныя да рэальнасьці. Улічвалі нядаўні досьвед Лібіі, Эгіпту і гэтак далей, каб прадухіліць магчымыя падзеі, каб не застацца без вады, хлеба, паліва і сьвятла, як мірныя жыхары Трыпалі...” Дык можа ўлады Беларусі баяцца рэвалюцыі?

Алесін: Думаю, што тэрытарыяльныя войскі - дрэнная абарона супраць рэвалюцыі, паўстаньняў, сацыяльных бунтаў, бо гэта тыя людзі, што жывуць побач з патэнцыйнымі апазыцыянэрамі і бунтаўнікамі. Наўрад ці яны маюць навыкі такога роду, настрой і душэўны стан, каб выступаць нейкімі жандармамі, дзяржымордамі. Для нэўтралізацыі ўнутраных сацыяльных канфліктаў, бунтаў у нас ёсьць унутраныя войскі, міліцыя, прычым у дастатковай колькасьці - паводле некаторых дадзеных падразьдзяленьняў МУС у нас парадку 90 тысячаў. У іх ёсьць спэцсродкі, спэцтэхніка, агентурная сетка - я думаю, усё неабходнае для гэтых мэтаў.

Я б запрапанаваў іншую вэрсію. І вядома, не лібійскую, бо супраць рэгулярных сілаў, супраць авіяцыі, сілаў спэцыяльнага прызначэньня наўрад ці тэрытарыяльная абарона здольная быць дастаткова эфэктыўнай. Хутчэй гэта элемэнт адцягненьня ўвагі найбольш дзеяздольнай часткі мужчынскага насельніцтва ад уласных праблемаў на праблемы абароны.

Абламейка: Дык чаму Лукашэнка азадачыўся тэрытарыяльнай абаронай менавіта цяпер і чаму менавіта цяпер надаў высокія вайсковыя званьні кіраўнікам абласьцей?

Алесін: Першае і самае галоўнае - ва ўмовах эканамічных цяжкасьцяў, росту пратэстных настрояў і незадавальненьня насельніцтва - асабліва сярод дарослага, дзеяздольнага, актыўнага ва ўзросьце 35-50 гадоў - гэта пера ша ўсё імкненьне пераключыць іх энэргію, іх увагу на гэткія вайсковыя гульні, на вучэньні. Улічваючы, што гэта набывае дастаткова сур'ёзны размах, дый невядома хто будзе прыцягнуты да гэтых вучэньняў.

І другое - прысваеньне званьняў, выбудоўваньне паралельна з адміністрацыйнай вэртыкальлю аналяга нейкай вайсковай вэртыкалі, вайсковай арганізацыі - гэта імкненьне падмацаваць вэртыкаль улады вэртыкальлю вайсковых званьняў, зрабіць чыноўнікаў больш кіраванымі, усталяваць больш жорсткі кантроль і адказнасьць, абавязаць іх хутчэй рэагаваць і быць больш паслухмянымі камандам згары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG