Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cherchez la femme. Из-под Твери


Элен Карэр Д'Анкос
Элен Карэр Д'Анкос
1991-шы вачыма ўдзельніка.

У канцы жніўня 91-га, празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, дэпутаты Апазыцыі БНФ атрымалі факс з Парыжу — даслаў яго кіраўнік "Хаўрусу" (беларускай суполкі ў Францыі) Лявон Шыманец. То былі копіі артыкулаў, надрукаваных у найбуйнейшых францускіх газэтах.

Беларусь ня мае выразных нацыянальных асаблівасьцяў. Беларуская нацыя ня мае гісторыі...савецкая ўлада прыдумала гэтую штучную Беларусь..

"Беларусь з 20 мільёнамі насельніцтва (так у тэксьце — С.Н.) была таксама захопленая вялікай хваляй незалежніцкіх памкненьняў. Аднак, у адрозьненьне ад Украіны, Беларусь ня мае выразных нацыянальных асаблівасьцяў. Беларуская нацыя ня мае гісторыі. Беларуская мова была сфармаваная ў 20-я гады савецкімі ўладамі на падставе мясцовых гаворак. І, у выніку іроніі гістарычнага лёсу, калі савецкая ўлада прыдумала гэтую штучную Беларусь, каб аслабіць сапраўдныя нацыі, зраўняўшы іх у становішчы зь іншымі — штучнымі, яна ўрэшце здолела пераканаць беларусаў, што яны існуюць як нацыя. У 1991 годзе Беларусь хоча быць незалежнаю і нават выстаўляе да сваіх суседзяў тэрытарыяльныя прэтэнзіі, вакол якіх узьнікаюць спрэчкі і нават можа загаварыць зброя…"

Гэтыя словы былі надрукаваныя 28 жніўня ў газэце "Le Figaro" і належалі Элен Карэр Д'Анкос.

А за дзень да гэтага, 27 жніўня, на першай старонцы ня менш знакамітая і ўплывовая "Le Monde" зьмясьціла наступнае:

"Прызнаючы, што для Францыі настаў час падправіць свой гадзіньнік, спадар Ралян Дзюма (тагачасны міністар замежных спраў Францыі — С.Н.) быў вымушаны ў нядзелю ўвечары прызнаць пэрспэктыву хуткай незалежнасьці балтыйскіх краінаў. Аднак ён дадаў, што патрабаваньні іншых савецкіх рэспублік, якія абвясьцілі ці пацьвердзілі іхнюю волю да незалежнасьці пасьля няўдалага путчу, выглядаюць праблематычнымі. Але ж як, напрыклад, можна заўтра адмовіць у незалежнасьці Ўкраіне, калі гэтая рэспубліка з волі Сталіна і празь недагляд Захаду ўжо мае месца сярод Аб’яднаных Нацыяў? Тое ж самае, дарэчы, і зь Беларусьсю, нацыянальныя асаблівасьці якой больш чым сумнеўныя".

Мы перадалі факсы рэдактару "Свабоды" Ігару Гермянчуку, і на старонках газэты зьявіўся камэнтар, дзе адзначалася, што "французы ставяць свой "гадзіньнік" на Гарбачова й Ельцына. І яшчэ, магчыма, на лідэраў балтыйскіх дзяржаваў. А на Беларусі яны не разгледзелі "нацыянальных асаблівасьцяў". Тлумачэньне наіўнае. Францыя шукае сабе геапалітычных партнэраў і, паставіўшы на Гарбачова й Ельцына, будзе цяпер ва ўгоду ім абплёўваць і Беларусь, і Украіну гэтаксама, як яшчэ паўгады таму плявала на Летуву" ("Свабода", нумар 12, верасень 1991 г).

У гэтым камэнтары Сяргея Паўлоўскага (псэўданім Сяргея Дубаўца) усё слушна, хіба што трэба зрабіць адно ўдакладненьне: такую пазыцыю займала ў тыя дні ня толькі Францыя, але — усе вядучыя краіны Захаду. Гэта можна было б патлумачыць разгубленасьцю заходніх палітыкаў у першыя дні пасьля абвяшчэньня незалежнасьці (яны такога не чакалі), але і ў наступныя тыдні і нават месяцы стаўленьне практычна не зьмянілася.

Праз гады сталі вядомымі пратаколы гутарак заходніх лідэраў зь Міхаілам Гарбачовым, і яны цалкам разбураюць міт, што нібыта Захад і асабліва ЗША былі зацікаўленыя ў распадзе СССР.

"Я нядаўна чуў заяву Ўкраіны пра тое, што яна хоча ўвесьці ўласную валюту. Наступствы гэтага былі б жахлівыя". (Старшыня Камісіі эўрапейскіх супольнасьцяў Жак Дэлёр, 19 ліпеня 1990 г.)

"Важна пазьбягаць дзеяньняў, якія б стваралі на Захадзе адчуваньне таго, быццам СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік". (Канцлер Нямеччыны Гельмут Коль, 5 ліпеня 1990 г.)

"У рэспублік Савецкага Саюзу зараз ёсьць унікальны шанец пазьбегчы фазы адасабленьня нацыянальных дзяржаў і адразу ступіць у эпоху канфэдэратыўных формаў дзяржаўнага жыцьця". (Міністар замежных спраў Нямеччыны Ганс Геншэр, 9 верасьня 1991 г.)

"Эўропа імкнецца да аб’яднаньня, а вы шукаеце якія заўгодна нагоды, каб разьяднацца. Гэта парадаксальна і ня можа быць нічым апраўдана". (Той жа Геншэр, 26 кастрычніка 1991 г.).

"Казахстан як такі — гэта нонсэнс. Аддзяленьне — гэта абсурд". (Прэм’ер-міністар Гішпаніі Фэліпэ Гансалес, 29 кастрычніка 1991 г.)

"Мы маем кантакты з рэспублікамі, імкнучыся, каб яны не падрывалі Вашыя (Гарбачова — С.Н.) пазыцыі". (Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, 29 кастрычніка 1991 г.).

Франсуа Мітэран і Міхаіл Гарбачоў
Франсуа Мітэран і Міхаіл Гарбачоў
"Я разважаю абсалютна халодна: у інтарэсах Францыі, каб на ўсходзе Эўропы існавала цэнтральная сіла… Я з тых, хто жадае мець у Вашай асобе моцнага партнэра — новы Саюз. Інакш што — Расея, Украіна, Беларусь, Грузія, нейкія яшчэ дзяржавы?.. Францыя ня будзе спрыяць цэнтрабежным сілам. І, я думаю, на такіх пазыцыях стаяць усе старыя эўрапейскія краіны з даўняй гісторыяй, у якіх старажытныя традыцыі і глыбокі эўрапейскі досьвед. Я маю на ўвазе Англію, Францыю, Гішпанію, Партугалію…" (Прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, 30 кастрычніка 1991 г.).

Джордж Буш не жадае развалу Савецкага Саюзу... Нам патрэбны Гарбачоў і моцны інстытут прэзыдэнта СССР

"…Для мяне няма сумненьняў у неабходнасьці захаваньня Саюзу як моцнай дзяржавы. Гэта ў інтарэсах і Гішпаніі, і Эўразьвязу, і ўсяго Захаду. Рэальна Джордж Буш не жадае развалу Савецкага Саюзу. Больш за тое. Ён на Захадзе — найбольш сур’ёзны і пасьлядоўны прыхільнік, разам з Бэйкерам (дзяржсакратар ЗША — С.Н.), захаваньня Савецкага Саюзу, ён усьвядоміў неабходнасьць гэтага. …Дзіўнаватыя школьніцкія разважаньні некаторых маіх калегаў, якія сур’ёзна гавораць пра гэты дрэнны жарт — права нацыяў на самавызначэньне. Нам патрэбны Гарбачоў, і нам патрэбны стабільны, моцны інстытут прэзыдэнта СССР". (Прэм’ер-міністар Гішпаніі Фэліпэ Гансалес, 30 кастрычніка 1991 г.).

Гэтыя рэплікі стануць нам вядомыя толькі праз дваццаць гадоў, але халоднае (калі не сказаць — варожае) стаўленьне да незалежнай Беларусі мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету, у тыя дні адчувалі добра.

Мэтазгодна было б адкрыць у Менску філіял беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, якое мае мільёны слухачоў па ўсім сьвеце

Тады ж у "Народнай газеце" я надрукаваў артыкул "Блякада. Ці пераадолеем яе?", дзе закранаў і чарнобыльскую праблему ("…Нас напаткаў яшчэ адзін удар, нанесены экспэртамі МАГАТЭ, якія ў вачах сусьветнага грамадзтва паставілі чарнобыльскую трагедыю на ўзровень падзеі, ня вартай асаблівай увагі"), і тэму СМІ ("Спрыяць прарыву блякады магло б БелТА — адзінае дзяржаўнае агенцтва. Аднак па сёньняшні дзень уся інфармацыя зь Менску фільтруецца праз замежны аддзел ТАСС, і можна ўявіць, у якой інтэрпрэтацыі яна выходзіць з маскоўскіх офісаў на Рэйтэр альбо Асашыэйтэд прэс. Значыць, трэба шукаць прамыя кантакты зь міжнароднымі агенцтвамі. Мэтазгодна было б адкрыць у Менску філіял беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, якое мае мільёны слухачоў па ўсім сьвеце. Нарэшце, у той жа Маскве ёсьць дзясяткі карэспандэнцкіх пунктаў ледзь ня ўсіх уплывовых выданьняў, журналісты якіх вымушаны карыстацца тасаўскай стужкай і (пераканаўся на ўласным вопыце) вельмі ўдзячныя за апэратыўную інфармацыю зь першых рук. Дарэчы, і "Народная газета" — парлямэнцкае выданьне сувэрэннай Беларусі — магло б мець сваіх карэспандэнтаў у буйнейшых дзяржавах сьвету — напачатку ў Парыжы, Нью-Ёрку і суседняй Варшаве".

Артыкул быў надрукаваны 4 кастрычніка, і слова, вынесенае ў назву ("блякада"), потым часта выкарыстоўвалася і ў прэсе, і на сэсіях Вярхоўнага Савету.

А празь некалькі тыдняў, у лістападзе, мне давялося самому памацаць муры той блякады вакол Беларусі. І адчуць, як ставіліся ў тыя дні на Захадзе да новаабвешчанай краіны.

Разам за здымачнай групай фільму, які рабілі Аляксандар Лукашук і Юры Гарулёў, некалькі лістападаўскіх дзён мы правялі ў Парыжы (адразу заўважу, што Вярхоўнаму Савету, увогуле дзяржаўнаму бюджэту тая паездка не каштавала ніводнага франка). Нас найперш цікавіла тэма ядзернай энэргетыкі (у Францыі, як вядома, разьвітая атамная энэргетыка, але і моцны антыядзерны рух), але Лявон Шыманец зрабіў для нас шматтэматычную праграму.

Так, наведалі мы рэдакцыі двух буйнейшых выданьняў, каб распавесьці пра Беларусь, — "Libération" і "Le Figaro".

У "Libération" нам з Аляксандрам Лукашуком наладзілі экскурсію — я ўпершыню патрапіў у рэдакцыю заходняга выданьня, і ўсё было ў навіну. У "Le Figaro" была сустрэча толькі з рэдактарам аднаго аддзелу, затое вельмі важнага — міжнароднага.

Недзе каля гадзіны я распавядаў, што мы, беларусы, абвясьцілі Незалежнасьць, што БНФ дамагаецца беларускага войска і беларускіх грошай, што "саюзнае кіраўніцтва" — ня больш чым фантом і яму засталіся лічаныя месяцы (тут памыліўся — лік ішоў на дні), што Савецкага Саюзу хутка ня будзе — уласна, яго і цяпер няма, таму што былыя рэспублікі пераўтварыліся ў незалежныя дзяржавы.

Мае словы ён успрымаў так, як бы я распавядаў, што днямі ў Менску высадзяцца іншаплянэцяне

Сказаць, што францускі журналіст слухаў мяне зь недаверам, — значна спрасьціць гаму эмоцыяў, якія чыталіся на ягоным твары. Мае словы ён успрымаў так, як бы я распавядаў, што днямі ў Менску высадзяцца іншаплянэцяне, цэлая эскадрылья міжплянэтных караблёў, і тады беларусы ўступяць зь імі ў кантакт, што, натуральна, зьменіць усё жыцьцё беларусаў, і ня толькі іх. Тэарэтычна — магчыма? Магчыма. Але чалавеку, які зьбіраецца плянаваць жыцьцё з улікам кантакту з іншапланяцянамі, месца не ў парлямэнце...

Здаецца, апошнім пытаньнем, якое задалі мне ў "Le Figaro", было —

— А як вы пры ўсім, што вы тут нагаварылі, прадбачыце палітычную будучыню Міхаіла Гарбачова?

— Адстаўка. — адказаў я.

На гэтым размова была скончаная, з намі разьвіталіся, і мы пакінулі будынак адной з найстарэйшых францускіх газэтаў. Натуральна, у наступныя дні ня мела сэнсу шукаць на яе старонках сваё інтэрвію — усё, пра што я казаў, было, пэўна, аднесена да катэгорыі ненавуковай фантастыкі. Празь месяц інфармацыю пра адстаўку Гарбачова "Le Figaro" надрукуе на першай паласе як сэнсацыю.

Пасьля "Le Figaro" мы наведалі фірму, якая займалася вытворчасьцю каштоўных папераў, і вось там нам паказалі тое, што ўжо мне падалося фантастычным — хаця пра гэтую "фантастыку" сам казаў з трыбуны ВС не адзін раз.

У той фірме (хоць, напэўна, яе трэба назваць карпарацыяй), дзе мы апынуліся па пратэкцыі аднаго вельмі саліднага бізнэсоўца (у мінулым — знакамітага лётчыка, які быў адным зь першых, хто пасадзіў самалёт на палубу эсьмінца), нам паказалі рэч незвычайную. Але перад гэтым з нас узялі слова, што мы нідзе ня скажам пра гэта публічна — на працягу бліжэйшых гадоў (здаецца, двух). Просьба тлумачылася абяцаньнем замоўніку трымаць у сакрэце факт замовы. Але ў нас, прадстаўніках сілы, якая, як яны лічылі, абавязкова прыйдзе да ўлады, яны таксама бачылі патэнцыйных замоўнікаў.

Нам далі альбом — кшталту тых, у якіх захоўваюць фатаздымкі.

Толькі замест фатаздымкаў тут былі грошы. Дакладней, будучыя грошы — украінскія грыўні.

Прычым не эскізы, а ўжо аддрукаваныя экзэмпляры.

Мы, дэпутаты БНФ, дамагаліся ўвядзеньня нацыянальнай валюты — але ні Шушкевіч, ні Кебіч увосень 91-га не жадалі пра яе чуць. У суседняй Украіне мара Вячаслава Чарнавіла і іншых лідэраў "Руху" пераўтваралася ў рэальнасьць — і яе, гэтую рэальнасьць, можна было ўзяць у рукі. Зразумела, што ўкраінскія грошы францускай фірме замаўляла вышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны .

Я аддаваў альбом, які мне далі патрымаць некалькі сэкундаў, з адчуваньнем зайздрасьці да ўкраінцаў.

Выглядае, што ў гэтай фірме ўмелі пралічыць будучыню значна больш дакладна, чым у адміністрацыі Мітэрана альбо ў аўтарытэтных выданьнях.

Па вяртаньні ў Менск я распавёў пра грыўні Пазьняку — як і абяцалася, мы нідзе не казалі пра гэта публічна. Але насядалі на Вярхоўны Савет з патрабаваньнем увесьці нацыянальную валюту зь яшчэ большым імпэтам.

Найчасьцей прыгадваюць мадам д'Анкос у сувязі зь яе візытамі ў Маскву, а ў біяграфіі пазначаецца, што адзін з продкаў яе аднекуль з-пад Цьвяры

Між іншым, Лявон Шыманец тады сказаў нам, што аўтарка артыкула ў "Le Monde" Элен д'Анкос — мадам у Францыі вельмі аўтарытэтная. Яна нават увайшла ў лік "бесьсьмяротных" — так называюць у Францыі чальцоў Акадэміі, яая была заснаваная яшчэ кардыналам Рышэлье. Урэшце яна стала пажыцьцёвым сакратаром Акадэміі — першай жанчынай на такой пасадзе ў гісторыі гэтай установы. Але ў інтэрнэце найчасьцей прыгадваюць мадам д'Анкос у сувязі зь яе візытамі ў Маскву, а артыкул пра яе ў францускай Вікіпэдыі ілюструецца толькі адным фатаздымкам — побач з Уладзімерам Пуціным. Акрамя трох ордэнаў Ганаровага легіёну, мадам узнагароджаная расейскім ордэнам Гонару.

А ў біяграфіі пазначаецца, што адзін з продкаў мадам д'Анкос графскага паходжаньня, з Расеі, аднекуль з-пад Цьвяры.

Лявон Шыманец і Сяргей Навумчык. Парыж, лістапад 1991 г.
Лявон Шыманец і Сяргей Навумчык. Парыж, лістапад 1991 г.
…У Парыжы мы пасяліліся ў самым цэнтры, на вуліцы дэ Гравіе, 65, у доме 17-га стагодзьдзя, з вузкай крутой лесьвіцай, па якой, магчыма, які-небудзь Д'Артаньян мог прабірацца да сваёй мадам Банасье... Але для беларусаў той дом каштоўны не літаратурнымі рэмінісцэнцыямі. Начавалі мы ў той самай кватэры, якая дзесяцігодзьдзямі была цэнтрам беларускага жыцьця ў Францыі. У 1991-м гэта ўжо быў адзін сярэдняга памеру пакой, але раней ён быў падзелены на два маленькія. Калісьці тут жыў старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык, пазьней — сьвятар Леў Гарошка, тут беларусы зьбіраліся на багаслужбу, тут адзначалі 25 сакавіка, гадавіны Слуцкага паўстаньня. Тут друкавалася беларуская газэта "За волю". Тут месьціўся Хаўрус — згуртаваньне беларусаў Францыі, тут перахоўваўся архіў Хаўрусу, ягоная бібліятэка, у якой былі і кнігі, падпісаныя Васілём Быкавым. (Пазьней, у 2006-м, каталіцкая місія, якой належала кватэра, прапануе беларусам яе выкупіць, і Лявон Шыманец зьвернецца да дыпляматаў з амбасады Рэспублікі Беларусь — хай бы кватэра належала амбасадзе, маглі б сяліць камандзіровачных ці здаваць за сымбалічную плату практыкантам зь Беларусі. Прадстаўнік беларускай амбасады, ветлівы, з афіцэрскай выпраўкай, адкажа, што "это место для нас совершенно не представляет интереса").

У адзін зь вечароў Лявон Шыманец запрасіў нас з Аляксандрам Лукашуком у свой дом у гарадку Сартрувіль.

Пазьней я пабываю ў дзясятках гасьцінных беларускіх дамоў на чужыне — у Міхалюкоў і ў айца Надсана ў Лёндане (думаю, што беларускім домам можна назваць і дом прафэсара Джыма Дынглі ў тым жа Лёндане — бо ажаніўся ён зь беларускаю), у Завістовічаў і ў Алесі Кіпель у Вашынгтоне, у Зоры і Вітаўта Кіпеляў пад Нью-Ёркам, у Андрусышыных у самім Нью-Ёрку, у Орса-Рамана і Бартулёў у Нью-Джэрзі, у Карніловіча ў Кліўлэндзе, у Луцкевічаў і ў Нюнькі ў Вільні, у Станкевічаў у Мюнхэне, у Лужынскіх у Сыднэі, у Грушаў у Мэльбурне, у Кандрусікаў у Адэлаідзе і ў дзясятках іншых. Але той дом Шыманцоў у Сартрувілі пад Парыжам быў для мяне першым домам беларускай дыяспары.

Лявон прывёз нас з Аляксандрам Лукашуком да сябе падвечар, нас ужо чакалі ягоная маці спадарыня Эвэліна і жонка.

Уладзімер Шыманец
Уладзімер Шыманец
Гаспадаром дому быў Лявон, але ў сьценах (ці, больш дакладна — на сьценах) адчувалася прысутнасьць іншага, старэйшага гаспадара, ягонага бацькі, які калісьці сваімі рукамі пабудаваў увесь дом — з дапамогай жонкі, дзяцей і сяброў. Палотны Ўладзімера Шыманца былі паўсюль — з выявамі старажытных беларускіх храмаў, зь беларускімі пэйзажамі, партрэтамі беларусаў. Можна было б сказаць, што маляваньне было хобі для Шыманца-старэйшага — калі б ён не дасягнуў у ім, як на мой погляд, майстэрства. Ці было гэта для яго спосабам вярнуцца — думкамі — на Радзіму?

Уладзімер Шыманец ніколі не разьвітваўся зь Беларусьсю

На радзіму, калі мець на ўвазе геаграфічнае паняцьце, Уладзімер Шыманец пасьля вымушанага ад'езду ў 44-м так і не вярнуўся, але ён ніколі не разьвітваўся зь Беларусьсю — сям’я яшчэ не пасьпявала атабарыцца ў новай краіне, а ён ужо ўключаўся ў беларускае жыцьцё. Уладзімер Шыманец быў міністрам фінансаў ва ўрадзе БНР за часамі прэзыдэнцтва Міколы Абрамчыка, выступаў арганізатарам шмат якіх беларускіх імпрэзаў у Парыжы.

І, канечне, нельга не сказаць пра знакамітыя маркі БНР, якія былі зробленыя па эскізах Уладзімера Шыманца — з выявай "Пагоні", партрэтамі Крэчэўскага і Захаркі і этнічнай мапай Беларусі. Філятэлісты мяне паправяць і скажуць, што, строга кажучы, іх нельга называць маркамі, паколькі яны былі выдадзеныя не ў адпаведнасьці з усімі міжнароднымі правіламі... Думаю, што праблема лёгка вырашыцца перавыданьнем выяваў марак Шыманца (як і ранейшых марак БНР) на марках незалежнай і ўжо дэмакратычнай Беларусі.

Эвеліна Шыманец
Эвеліна Шыманец
Спадарыні Эвэліне Шыманец было за восемдзесят, але яна распавядала пра жыцьцё ў Беларусі так, нібыта гэта было не паўвека таму, а ўчора. Казала, што для яе вялікае шчасьце дажыць да часоў, калі Беларусь стала незалежнай, і асабліва эмацыйна гаварыла пра дзяржаўнасьць бел-чырвона-белага сьцяга і "Пагоні". Прыгадала спадарыня Эвэліна і дачку Івонку , якая пераняла ад бацькі талент маляваньня, мае дзьвюх прыгожых і разумных дачок і жыве з мужам Янкам у Канадзе — вядома, ніхто тады ня мог падумаць, што празь няпоўныя шэсьць гадоў Івонка будзе абраная старшынёй Рады БНР.

…Як і ў папярэднія дзясяткі гадоў, беларуская дыяспара ў Францыі — цяпер пераважна ў асобах Лявона Шыманца і Міхася Навумовіча — прадстаўляла інтарэсы Бацькаўшчыны, і, як і ўсе папярэднія гады, яны, гэтыя інтарэсы, разыходзіліся з мэтамі савецкіх дыпляматаў. Дыпляматы ў 1991-м былі савецкія і арыентаваліся на Маскву — інакш і быць не магло, бо беларускай амбасады ў Францыі не існавала. Як, зрэшты, і ў іншых краінах.

Інфармацыйную блякаду трэба было прабіваць нетрадыцыйнымі спосабамі.

Гэта, напэўна, была самая кароткая мая гутарка з Шушкевічам

У рэдакцыях "Libération" і "Le Figaro" нам сказалі, што калі б кіраўніцтва Беларусі правяло ў Менску прэсавую канфэрэнцыю для замежных журналістаў (такога ніколі ў беларускай сталіцы не было) — дык, бясспрэчна, яны б накіравалі туды сваіх карэспандэнтаў, гэтак жа зрабілі б і ўсе ўплывовыя заходнія выданьні. Былі і іншыя прапановы, зь якімі адразу па вяртаньні ў Менск я прыйшоў да старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча.

Гэта, напэўна, была самая кароткая мая гутарка з Шушкевічам — дакладней, мой маналёг доўжыўся некалькі хвілінаў, а вось кіраўнік дзяржавы, якой жыцьцёва неабходна было заявіць пра сябе сьвету, сказаў толькі адну фразу.

Шмат куды больш важных эпізодаў той восені 91-га сьцерліся з памяці, а вось тая гутарка зафіксавалася ў дэталях. Шушкевіч узьняўся з-за пісьмовага стала, падышоў да вокнаў, што выходзілі на слаба асьветленую плошчу Леніна. Выслухаўшы ўсе мае прапановы, Станіслаў Станіслававіч адказаў:

— Ведаеце, я прыблізна гэтак уплываю на сродкі масавай інфармацыі і іншае, пра што вы тут кажаце, як уплывае на іх сьвятло Месяца.

Што тут скажаш — словы фізыка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG