Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка, якое стала аграселішчам


Селішча, Ушацкі раён.

Мястэчка Селішча вядомае шырокай публіцы па кнізе ўспамінаў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». Пісьменьнік узгадвае мястэчка свайго дзяцінства як галоўны каталіцкі асяродак навакольля. Быкаў нават намаляваў Селіцкі касьцёл. Што сабою ўяўляе Селішча сёньня?

Калі чытаеш «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава, у памяць западаюць нешматлікія малюнкі пісьменьнкіа, якімі праілюстраваная кніга. У тым ліку малюнак касьцёла ў Селішчы. Ці мог падумаць пісьменьнік, што ягоная праца, зробленая ў трыццатыя гады — апошняя выява яшчэ не зруйнаванага і не апаганенага храма? Але касьцёл сьвятой Веранікі, пабудаваны ў 1726 годзе, сваёю адной ацалелай вежаю да сёньняшняга дня пануе над навакольлем і прыцягвае позіркі за доўгія вёрсты.

Калгасныя ўлады ўзялі за моду любы больш-менш населены пункт, дзе пабудавана некалькі новых хатаў і празь які праходзіць дарога, абзываць аграгарадком. Прычым указальнік, што гэта менавіта аграгарадок, як правіла ў некалькі разоў большы за дарожны знак з назваю пункта. Селіцкія ўлады падышлі да справы з гумарам і крэатывам. Перад мястэчкам вас сустракае стэнд з надпісам «АграСелішча». Два ў адным.

Зрэшты, рацыя ў такім агракрэатыве ёсьць. Бо сучасныя пабудовы аграселішча знаходзяцца на пачцівай адлегласьці ад уласна Селішча. Мястэчка, якое на вачах прыходзіць у заняпад. Даўно неасфальтаваная дарога вядзе ўздоўж старых хатаў, многія зь якіх нежылыя, да старога, напаўразбуранага касьцёлу. Савецкая ўлада пабудавала перад касьцёлам калгасную краму, бы хацела схаваць руіну. Але даўно закрыты і закалочаны магазын выглядае на тле барочнай спаруды нейкай недарэчнасьцю.

Селіцкіх старажылаў засталося няшмат. Усе яны разьмянялі дзявяты дзясятак. Уладзімір Антонавіч Крывапушчанка быў у касьцёле хрышчаны. Стары памятае, што службы аднавіліся пры немцах. Але ненадоўга. Ксяндза расстралялі за сувязь з партызанамі.

— Калі яны толькі прыйшлі, калі яны перамагалі, я добра гэта памятаю, яны разьмясьціліся ў дварах. Нават у дамы ім не дазвалялася заходзіць. Ня тое што зьдзекавацца. Помню, да нас нейкі заскочыў, дык іхны камандзір яму ледзь галаву не адарваў, за тое, што той зайшоў у дом. Людзей яны не чапалі, калі толькі прыйшлі. А пасьля, калі пачалася партызанка, немцаў выгналі, у нас была савецкая ўлада партызанская. А пасьля, калі немцы прыйшлі перад адступленьнем, вось тады яны ўжо былі жорсткія.

— Калі прарыў быў?

— Калі быў прарыў. Нас усіх тут зьбіралі, трупы закапваць хадзілі туды.

— Вы хадзілі як далакопы, як магільшчыкі?

— Так. Там ляжалі тысячы людзей. Трэба ж было пахаваць.

— Вам было тады…

— Дзесяць гадоў.

— Жахлівае было відовішча?

— Мы прывыклі да гэтага. Ксяндза немцы завалаклі ва Ўшачы. А ён хадзіў па дамах, зьбіраў адзеньне, шкарпэткі валёнкі. Для партызан.


Марыя Дзянісаўна Дуброўская, сумная хударлявая старая, пра разбурэньне касьцёлу ўспамінала без ахвоты. А пытаньне пра скінуты звон старалася, чамусьці, абыходзіць.

— На сьвятога Антонія зьбіраліся. І звон быў самы большы. Самы лепшы. У Селішчы.

— Далёка чуваць яго было?

— Дужа далёка. Тады, як скінулі, у школе вокны зазьвінелі. Расшчапіўся. А на тое сьвята, на фэст, — людзей поўны касьцёл. Тата казаў, што, калі касьцёл будавалі, падавалі цэглу сюды на руках. Адзін аднаму перадаючы. Стаяла цэлая чарга, і перадавалі. Як сканчалі касьцёл, адзін зьляцеў з самай вышыні. І зараз там ляжыць камень пад касьцёлам, збоку.

— Людзі сумавалі па касьцёле?

— Цяпер абы-што і абы-як. Раней верылі, а цяпер ніхто ня верыць. Станеш што-небудзь гаварыць пра даўнейшае, яны сьмяюцца.

— А хто яго скідаў, гэты звон? Свае людзі? Свае селіцкія? Ці прыежджыя якія?

— Тут адусюль ужо наежджыя. Дамы пабудавалі чарнобыльцам.

— А хто тады, у трыццатыя, скідаў гэты звон?

— Гэта пры партызанах было. Гэта партызаны скінулі і пасьля бляху дралі. Рабілі кацялкі салдацкія.

Дзіўна было чуць пра скінуты партызанамі звон. Бо ад Крывапушчанкі я чуў пра трыццатыя.

— Калі ў трыццатыя гады рабавалі гэты касьцёл, рабавалі ўсё. І званы скідалі, арган разламалі. А калі партызаны былі, не таму, што ім ламаць хацелася, а бляха патрэбная была. Кацялкі, вёдры рабіць.

Нестары невысокі барадач Віктар Русецкі выглядае ў Селішчы маладзёнам. Ён тут, напэўна, самы патрэбны чалавек. Ён сацыяльны работнік. Але ў жыцьці мястэчка спадар Русецкі мог адыграць у свой час куды большую ролю.

— Застаюцца адны алкашы. А ад алкашоў алкашы нараджаюцца. І вымірае вёска. Садзік быў, цяпер хрэнушкі. Адзін час, гадоў 25 назад, прыехалі зь Менску, з Акадэміі навук. Давай, гавораць, абшчыну створым. Я сабраў пятнаццаць подпісаў. А чыноўнік па справах рэлігій прыехаў з райвыканкаму. «Ну, што вам гэта дасьць, гэтая абшчына? Усё роўна, кажа, грошай на рэстаўрацыю няма». Так я і закінуў.

— Вы зьбіралі абшчыну, каб ствараць прыход і аднаўляць касьцёл?

— Так.

— І не шкада, што кінулі такую справу?

— А ў нас няма народу. Прыяжджаў ксёндз. Тры чалавекі зьбіраліся ў хаце.

Іосіф Уладыславіч Яцыневіч, сын апошняга касьцёльнага арганіста. Дзевяностагадовы нямоглы стары выйшаў на свой ганак пагрэцца на апошнім восеньскім сонейку. Загаварылі пра бацьку.

— А ён вас вадзіў да аргана? Паказваў?

— Мех трэба качаць было, каб дзьмуў. Я качаю…

— А бацька за клавішамі…

— А ён грае.

— Бацьку не рэпрэсавалі?

— Рэпрэсавалі. Расстралялі.

— Расстралялі? У якім годзе?

— Вайна скончылася. І не аднаго яго расстралялі. НКВД.

— А хоць сказалі, за што?

— Нічога. Без суду і сьледзтва.

Жвавая і гаваркая Вольга Літвін усё жыцьцё жыве каля самага касьцёлу. І ўсё жыцьцё назірае за ягоным разбурэньнем.

Каб пасьля вайны камуністы ня сталі яго разбураць, тут рамонт малы патрэбны быў бы. Тут жа здурнелі. МТС зрабілі. Машыны, трактары стаялі. Сталі трактары заганяць у касьцёл. Іконы, якія былі на алтары, скідвалі, білі іх ламамі і рубілі сякерамі. Во што рабілі. Хіба ў камуністаў быў розум? Наймалі людзей, плацілі дорага за гэта. Званы скідваць ніхто не ішоў. Адзін чалавек пайшоў. Рашыўся. І 18 гадоў ляжаў у ложку. І паміраць не паміраў і жыць яму не хацелася. Ён казаў: «Мяне Бог пакараў за тое, што я пайшоў званы скідваць». А ў яго сямёра дзяцей. Іх карміць трэба неяк было. Але ўсё роўна ніхто больш не ішоў.

Нарэшце я зразумеў, чаму так неахвотна гаварыла пра разбурэньне храму Марыя Дуброўская.

— Эдзька Дуброўскі тут арудаваў.

— Дуброўскі? А Марыя Дуброўская, гэта не ягоная сваячка?

— Яна была за ягоным сынам замужам.

— Гэта яе сьвёкар?

— Так. Яе сьвёкар.

Старая Вольга раптам заплакала. Паказаўшы на суседнюю хату.

— Сын вось гэтай во майго сыночка зарэзаў. Тры гады, як я сына пахавала.

— Хто?

— Сын вось гэтай жанчыны, што ў гэтым доме жывець. Далі трынаццаць гадоў. Усё роўна ж мала за забойства чалавека! За што? Па п’янцы завяліся.

Гісторыя пра п’янае забойства, даруй Госпадзі, вельмі дарэчна слухаецца «ў краіне парушаных храмаў». А што ж яшчэ тут магло здарыцца? Я зайшоў усярэдзіну касьцёлу. Маштабы будынку ўражваюць. Высачэзная столь, калёны, тоўстыя сьцены, здаецца, прастаяць яшчэ не адзін год. Вось толькі ці будзе каму гэтую веліч адраджаць?

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG