Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрыемствы, якія могуць пацярпець ад санкцыяў Эўразьвязу


Эўрапарлямэнт прапануе разгледзець магчымасьць эканамічных санкцыяў у дачыненьні да беларускага ўраду. Найбольшая фракцыя – Эўрапейскай народнай партыі – лічыць магчымым, напрыклад, узьдзейнічаць на беларускія ўлады праз замарожваньне актываў і маёмасьці “Белтэхэкспарту” і іншых беларускіх экспартэраў узбраеньняў.

Экспэрты рэсурсу “Заўтра тваёй краіны” вызначылі беларускія прадпрыемствы, якія найбольш пацярпяць у выпадку разрастаньня канфрантацыі Брусэлю і Менску.

З усіх галінаў беларускай эканомікі ў найбольшай ступені завязаныя на эўрапейскі рынак сёньня нафтаперапрацоўка, нафтахімія, мэталюргія і трактарнае машынабудаваньне. Долі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у сумесных збытавых і зборачных вытворчасьцях, склады прадукцыі і запасных частак – патэнцыйныя аб'екты, якія могуць трапіць пад магчымыя санкцыі.

Розныя прадпрыемствы канцэрну “Белнафтахім” зьяўляюцца сузаснавальнікамі ТАА «Ойл Лагіcтык» (Рыга, Латвія), ЗАТ «Трансхема» (Вільня, Літва) і ТАА «БНХ-Ойл Польска» (Варшава, Польшча), а таксама ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», якая ў сваю чаргу мае прадстаўніцтва ў Лёндане і Варшаве. Гэтая тавараправодная сетка – найбуйнейшы прадстаўнік інтарэсаў беларускай дзяржавы на эўрапейскім рынку. Празь яе эўрапейскім спажыўцам пастаўляюцца нафтапрадукты, хімічныя валокны і іншыя прадукты дзьвюх галоўных галін эканомікі Беларусі.

Ува ўсіх вышэйпералічаных трэйдэрах заснавальнікамі выступаюць выключна дзяржаўныя прадпрыемствы або прадпрыемства з кантрольнай доляй дзяржавы (напрыклад, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Пры гэтым практычна ўсе яны зьяўляюцца ключавымі выплатнікамі ў беларускі бюджэт.

ААТ «Беларуськалій» у латвійскім «Ойл Лагістык» належыць доля 55%, канцэрну «Белнафтахім» – 25%, РУП ПА «Беларуснафта» – 10%, ААТ «Нафтан» – 10%.

Заснавальнікамі літоўскай «Трансхемы» зьяўляюцца УП «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» (51%) і «Беларуснафта» (49%).

Польская кампанія «БНХ-Ойл Польска» належыць «Беларускаму нафтаваму гандлёваму дому» (61%), ААТ «Гроднаазот» (15%), ААТ «Лідзкая Лякафарба» (14%), РУП «Сьветлагорскае хімвалакно» (5%) і «Нафтану» (5%).

Беларуская нафтавая кампанія створаная ў 2007 годзе «Беларуснафтай», «Беларускім нафтавым гандлёвым домам», «Нафтанам» і сумесным беларуска-расейскім СП «Мазырскі НПЗ».

Акрамя таго, у асобных прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» ёсьць іншыя актывы на тэрыторыі Эўразьвязу. "Беларуснафта" ў канцы мінулага году зарэгістравала ў Польшчы даччыную кампанію ТАА «Беларуснафта Польшча» (Варшава), мэтай якой зьяўляецца выхад на аптовы і ў пэрспэктыве на раздробны рынак гандлю нафтапрадуктамі і звадкаваным газам.

«Беларуськалію» належаць 40% акцыяў у ТАА «Балткаліс» (Вільня, Літва), якое займаецца пастаўкамі калійных угнаеньняў і тэхнічнай солі на прыбалтыйскі рынак. У Вене знаходзіцца офіс Belurs Handels Gmbh. Праз гэтую кампанію салігорскае аб'яднаньне пастаўляе тэхнічную соль на заходнеэўрапейскі рынак.

У Вільні знаходзіцца кампанія Beltyre, якая выконвае функцыі дыстрыбуцыйнага цэнтру прадукцыі бабруйскай «Белшыны» на эўрапейскі, а таксама паўночнаамэрыканскі і лацінаамэрыканскі рынкі. У Эўропе ў зоне адказнасьці даччынай кампаніі бабруйскага вытворцы знаходзяцца таксама Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Нарвэгія, Швэцыя, Францыя, Іспанія, Італія, Партугалія, Нямеччына, Бэльгія, Нідэрлянды.

У найбуйнейшага мэталюргічнага вытворцы Беларусі – РУП ПА «Беларускі мэталюргічны завод» – у 2009 годзе пастаўкі ў далёкае замежжа склалі 739.600.000 даляраў, у той час як продажы на ўнутраным рынку 220.700.000 даляраў, а ў СНД – 160.700.000 даляраў. Замежнаэканамічная экспансія БМЗ забясьпечваецца сеткай даччыных прадпрыемстваў – чатыры з васьмі разьмешчаныя на тэрыторыі Эўразьвязу. Гэта – Belastahl Aussenhandel Gmbh (Бэрлін, Нямеччына), Belmet Handelsgesellschaft mbh (Лінц, Аўстрыя), ЗАТ «Гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя” (Шаўляй, Літва) і Belorussian Steel Works Trading s.r.o (Прага, Чэхія). Акрамя гэтага, у Эўропе знаходзяцца офісы асноўных мэталатрэйдэраў, якія зьяўляюцца галоўнымі партнэрамі жлобінскага заводу, – Stemcor, Duferco, DR Karl J. Pisec і Carbofer.

У меншай ступені ў залежнасьці ад эўрапейскага спажыўца знаходзіцца РУП ВА «Менскі трактарны завод». Тым ня менш эўрапейскі рынак таксама вельмі важны для аднаго з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў трактароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG