Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Кацярыны Ваданосавай у рэанімацыі: празь бюракратыю ў яе няма страхоўкі, BYSOL абвясьціў збор


Кацярына Ваданосава са сваёй маці Нэлі Ваданосавай
Кацярына Ваданосава са сваёй маці Нэлі Ваданосавай

Маці тэлевядоўцы і культурніцкай дзяячкі Кацярыны Ваданосавай знаходзіцца ў цяжкім стане ў адным з польскіх шпіталёў.

Пасьля інсульту, які здарыўся 23 сьнежня, Нэлі Ваданосава трапіла ў рэанімацыю і цяпер падключаная да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Паводле лекараў, існуе рызыка незваротных пашкоджаньняў мозгу.

Сытуацыя ўскладнілася тым, што Нэлі Ваданосава фактычна засталася без мэдычнага страхаваньня. Хоць яна знаходзіцца ў працэдуры атрыманьня міжнароднай абароны ў Польшчы і мае права на дзяржаўную мэдычную дапамогу, празь бюракратычную памылку яе дадзеныя не былі своечасова ўнесеныя ў базу Упраўленьня па справах замежнікаў. Выпраўленьне сытуацыі адкладаецца як мінімум да панядзелка праз калядныя выходныя.

Кацярына Ваданосава піша, што пакуль незразумела, ці атрымаецца дамагчыся пакрыцьця выдаткаў дзяржавай, а кошт апэрацыі і далейшага лячэньня можа складаць дзясяткі або нават сотні тысяч злотых.

У сувязі з гэтым фонд BYSOL адкрыў збор сродкаў на аплату мэдычнай дапамогі. Кацярына адзначыла, што ў выпадку, калі выдаткі ўсё ж будуць пакрытыя дзяржавай, сабраныя грошы перанакіруюць на іншыя дабрачынныя ініцыятывы.

  • Два месяцы таму Варшаўскі адміністрацыйны суд скасаваў рашэньне аб высылцы Нэлі Ваданосавай з Польшчы ў Літву. 74-гадовая жанчына, якая мела сур’ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку перанесены інфаркт, падалася на міжнародную абарону ў Польшчы пасьля выезду зь Беларусі, хаця візу мела літоўскую. Польскі суд прызнаў, што рашэньне аб яе высылцы ў Літву не адпавядае праву і было вынесена з парушэньнямі, у выніку жанчына засталася з дачкой у Польшчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG