Юрыстка, заснавальніца «Партызанкі» Ганна Маціеўская выйграла некалькі складаных судовых спраў беларусаў, якіх спрабавалі дэпартаваць з краінаў Эўразьвязу. Зараз яна ўдасканальвае веды ў Нью-Ёркскім унівэрсытэце і марыць паглядзець увесь сэзон Metropolitan Opera.
Ганна Маціеўская — юрыстка, заснавальніца ініцыятывы «Партызанка», якая аказвае юрыдычную дапамогу палітуцекачам у Польшчы. Нарадзілася ў Горадні ў беларуска-польскай сям’і. Расказвае, што зь дзяцінства была актыўнай, удзельнічала ў шматлікіх грамадзкіх арганізацыях польскай меншасьці, у культурніцкім жыцьці і канцэртах, бо мае абсалютны музычны слых.
«Я была сурпэрангажаваная менавіта ў польскую меншасьць у Беларусі. І глядзіце, як лёс распарадзіўся: цяпер я супэрангажаваная ў беларускую меншасьць у Польшчы», — кажа Ганна.
Мэца-сапрана
Ганна прызнаецца, што яшчэ ў дзяцінстве вырашыла: далей хоча вучыцца не ў Беларусі, а ў Эўропе. Бо адчувала, што і тады ў роднай краіне не было асаблівай свабоды.
«Я памятаю, быў міжнародныі конкурс імя Адама Міцкевіча, я ўдзельнічала ў рэгіянальным этапе. Да нас прайшлі прадстаўнікі КДБ і пачалі пытацца, што за мерапрыемства, маўляў, „яно не санкцыянаванае“. Канечне, цяпер мы дайшлі да дна, але і тады не было поўнай вольнасьці, і тады прэсынгавалі прадстаўнікоў меншасьці.
Я даволі прамалінейны чалавек і ўсьведамляла, што пэрспэктывы ў Беларусі будуць даволі абмежаваныя, а паколькі я ўжо езьдзіла ў Эўропу, мне хацелася мець больш свабоды і разуменьня, што я кірую сваім жыцьцём, і чым больш я ўкладу ў сваё разьвіцьцё, тым больш будзе шанцаў, каб пабудаваць жыцьцё, як я гэтага хачу», — прызнаецца Ганна.
Тады былі розныя праграмы навучаньня беларусаў за мяжой, а паколькі яна скончыла школу з залатым мэдалём, не было асаблівых праблем, каб трапіць на такую праграму, навучацца бясплатна са стыпэндыяй. Адзінае — Ганна ніяк не магла вызначыцца, на які кірунак паступаць. Спэцыялізацыю «права» выбрала выпадкова — канчаткова вызначылася за 10 хвілін да падачы дакумэнтаў у Варшаўскі ўнівэрсытэт. Бо тады 17-гадовая беларуска ўсё ж вельмі хацела навучацца ў кансэрваторыі.
«Насамрэч у Польшчы ў кансэрваторыю ідуць пазьней, там сканчаюць школу ў 19 гадоў, а ў Беларусі — у 17. Да таго ж, лічыцца, што ў 17 гадоў яшчэ не сфармаваўся голас. Таму падумала: добра, павучуся спачатку на юрыста. Мяне прынялі ў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Так што спачатку было права, каб я і мае бацькі былаі спакойныя, што ў мяне ёсьць нармальная прафэсія», — кажа Ганна.
Яна скончыла факультэт права, працягвала вучыцца ў дактарантуры, выкладала ў Варшаўскім унівэрсытэце карпаратыўнае права. І паралельна паступіла ў кансэрваторыю.
«Паводле другой адукацыі, я — опэрная сьпявачка, мэца-сапрана. У 2019 годзе скончыла кансэрваторыю, але ў пачатку 2020 года пачалася пандэмія каранавірусу. Працы для артыстаў тады не было.
Што да майго фінальнага рашэньня, чым займацца, можна вінаваціць 2020 год. Думала: перачакаю ковід, можа, штосьці зьменіцца ў музычнай сфэры — бо падчас пандэміі працы для артыстаў не было», — кажа Ганна.
Дапамагаць людзям
І ў 2020-м Ганна напоўніцу ўключылася ў працу зь беларускімі уцекачамі, людзям была патрэбна дапамога. Раней яна глядзела на працу як на інструмэнт, каб жыць, ёй падабалася займацца карпаратыўным правам.
«Менавіта 2020-ы мне дапамог вызначыцца з напрамкам — дзе як юрыстка, я магу быць больш карыснай для грамадзтва. Асабліва таму, што ў Польшчы наагул няшмат юрыстаў, якія валодаюць расейскай мовай, да таго ж, мала хто хоча займацца праваабаронай, бо ў гэтай сфэры грошай няшмат. А тут зьявіўся сэнс — дапамагаць людзям», — кажа Ганна.
Апошні раз Маціеўская была ў Беларусі ў ліпені 2020 года. І ўсю далейшую сытуацыю ў роднай краіне назірала ўжо з-за мяжы. У жніўні-верасьні 20-га людзі пачалі зьбягаць зь Беларусі. Ганна ўзгадвае, што спачатку ніхто ня думаў пра дакумэнты, легалізацыю.
«Людзі перажывалі, што ім няма чаго апрануць, бо пачынаўся восеньскі сэзон. І я пачала зьбіраць сярод сваіх знаёмых юрыстаў адзеньне (яны больш заможныя людзі, у іх шмат рэчаў). Выставіла пост у інтэрнэце, мне людзі пачалі масава пісаць і я пачала літаральна жыць на гэтых мяшках. Людзі несьлі і несьлі новую вопратку добрай якасьці. Пазьней у нас зьявіўся склад для рэчаў. Яшчэ я зьвярталася да апэратараў мабільных сетак, калі былі праблемы зь інтэрнэтам, каб званіць у Беларусь без роўмінгу. Льготы прпадаставілі польскія кампаніі „Оrangе“ і „Plus“», — узгадвае Ганна.
А потым пачалася юрыдычная праца. Трэба было тлумачыць польскім працадаўцам, што, да прыкладу, гуманітарная віза дае беларусам доступ да рынку працы. Далей — праца зь дзецьмі палітзьняволеных, у якіх абодва бацькі былі затрыманыя. Гэта ўнукі Ганны Канавалавай (дачка якой Антаніна і зяць Сяргей Ярашэвіч сядзелі ў турмах), таксама іншымі сем’ямі. Па дапамогу стала зьвяртацца ўсё больш і больш людзей.
Ганна зразумела, што яна зь некалькімі паплечнікамі ўжо не дае рады, нягледзячы на тое, што зьяўлялася шмат арганізацый, якія дапамагалі беларусам. І дзяўчаіты заснавалі ініцыятыву „Партызанка“. Прайшлі шлях ад збору рэчаў, вырашэньня сацыяльных праблем да дапамогі ў пошуку працы, вывучэньні мовы. А потым урэшце намацалі напрамак — менавіта юрыдычная дапамога.
«Не пытайцеся мяне, як я ўсё пасьпявала. Бо былі асноўныя працы — выкладаньне ва ўнівэрсытэце, праца ў карпарацыі, дзе першыя два гады займалася транзакцыямі „па зьліцьці і паглынаньні“ (гэта лічыцца сярод юрыдычных напрамкоў, з аднаго боку, найбольш прэстыжным, з другога боку, зьяўляецца найбольш нерэгулярным і складаным па дынаміцы) — я ўсё рабіла паралельна.
А беларускай справай займалася па вечарах, начах, ва ўікэнды, у перапынках паміж працамі — тады быў проста шалёны рэжым! Адкуль я брала сілы, я ведаю. Ёсьць людзі, якіх складаныя рэчы адштурхоўваюць, яны іх баяцца, а ў мяне наадварот. Складаныя справы мяне „драйвяць“: калі ёсьць несправядлівасьць, у мяне зьяўляецца яшчэ больш энэргіі», — прызнаецца Ганна.
Белая варона
Яна вельмі ўдзячная невялікай камандзе «Партызанкі», дзе няма ратацый — усе дзяўчаты працуюць ад самага пачатку. Гэта сапраўды каманда, беларускі брэнд, лічыць Маціеўская.
«Яшчэ ў 2020 годзе мы жартам сябе назвалі „Клясныя жанчыны з павышаным пачуцьцём справядлівасьці“ — гэта менавіта пра „Партызанку“. Калі не было б „Партызанкі“, я, магчыма, ужо вярнулася бы да свайго карпаратыўнага жыцьця. Але мяне трымае менавіта адказнасьць за наш юрыдычны напрамак.
Мы ня маем грантаў, фінансаваньне маем выключна ад беларусаў. Яны нас „сапорцяць“. І перакананасьць, што наша праца патрэбная, дадае шмат энэргіі. Нават калі ўсё ня так, як мы хочам, зьяўляюцца тыя, хто можа нам дапамагчы. Але, думаю, мы яшчэ не адну смутную гісторыі з вамі прачытаем, бо такі наш лёс беларускі», — кажа Ганна.
І яшчэ адна важная перамена, якая адбылася з Ганнай пад уплывам падзей 2020 і 2022 года: яна перайшла на беларускую мову. А гэта было няпроста, бо больш за 15 гадоў жыве ў Польшчы і дасканала валодае польскай, без акцэнту.
«Пачынаецца вайна, я чую, што ўсё больш беларусаў пераходзяць на беларускую мову. Нават Сьвятлана Ціханоўская перайшла. А маімі пэрсанальнальнымі інспіратарамі былі Алясь Аляхновіч і Сяржук Наўроцкі з Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой — тады мы шмат працавалі разам. Яны абодва валодаюць супэрскай беларускай. Я думаю: „Блін, а я што — белая варона?“», — кажа Ганна.
Суразмоўца расказвае, што абрала такі мэханізм: забараніла сабе ўжываць расейскія словы. Можна польская, ангельскія, але не расейскія. Напачатку яе беларуская была прыкладна на 30% зь беларускіх словаў, астатнія — польскія і ангельскія.
«Я ўключала падкасты, перадачы — і вельмі хутка набралася слоўнікавага запасу. Бо мне не хапала слоў, экспрэсія для мяне важная: я кажу хутка і шмат. А тут мне не хапае слоў, я не магу выказацца Гэта быў найлепшы мэтад! Мне на гэта спатрэбіўся год», — расказвае адвакатка.
У 2023 годзе Ганна Маціеўская стала пераможцай конкурсу «Юрыст „Pro Bono“ — за ўвесь спэктар дапамогі беларусам з 2020 года, асабліва ў самых складаных кейсах, дзе яна працавала на дабрачынных пачатках, без аплаты.
Яшчэ Ганна стала ляўрэаткай польскага нацыянальнага конкурсу Rising Stars сярод юрыстаў да 35 гадоў адразу за 3 напрамкі — за дзейнасьць у межах транзакцыйнага права, за акадэмічную дзейнасьць (працу ва ўнівэрсытэце, публікацыі, добрыя вынікі яе студэнтаў) і за працу з уцекачамі.
А потым былі вельмі складаныя кейсы: Андрэя Гнёта, якога хацелі дэпартаваць у Беларусь з Сэрбіі, Нэлі Ваданосавай, у якой была літоўская віза, а яна жыла зь сям’ёй дачкі ў Польшчы, Натальлі Падлеўскай з падобнай гісторыяй. У кожнага было шмат падводных камянёў. Кожны кейс быў цяжкі. Ганна шчыра прызнаецца, што пасьля экстрадыцыйнага кейсу Натальлі Падлеўскай яна адчувала вялікую стомленасьць, доўга прыходзіла ў сябе.
«Для гэтай прафэсіі трэба мець добрую „мэнталку“. З аднаго боку, трэба быць эмпатам, бо інакш ты ня зможаш працаваць, ня будзе кантакту з кліентам альбо ён будзе адчуваць, што ты яго не разумееш. З другога боку, трэба быць вельмі асьцярожным і мець сваю „абарону“. Бо кліент можа разгубіцца, расклеіцца, а ты ня можаш, у цябе павінен быць гэты субстракт, устойлівы хрыбетнік, які будзе цябе трымаць. Я не магу ў сваёй працы дапусьціць эмоцыі (дакладней, я магу іх дапусьціць, калі скончыцца паседжаньне — я усё ж чалавек). Але падчас працы мне гэта нельга рабіць», — адзначае Ганна.
І гэта адна з найвялікшых складанасьцяў — як знайсьці добры балянс. Ганна прыйшла ў сфэру праваабароны з карпаратыўнага сьвету, не была падрыхтаваная да праваабароны.
«С кейсам Натальлі Падлеўскай было і эмацыйна складана, я сапраўды ня спала дзьве ночы. Памежная служба экстрадыравала жанчыну перад самым судом, я зараз знаходжуся ў ЗША (мы ў розных гадзіньнікавых паясах) І гэта асаблівы від праваабароны, бо праваабарона мае шмат адценьняў. Скажу больш: у мяне не было нават курсу „міграцыйнага права“ ва ўнівэрсцытэце. Я па сутнасьці ўсё рабіла з нуля, але з мэтаю — каб дапамагаць людзям. Мне гэта пасуе (у сэньсе характару). Я не губляюся, я задзяўбу ўсіх — гэта добра для юрыдычнага напрамку. Мне цікава працаваць з такімі выклікамі. Я звычайна сама прыяжджаю ў суд за дакумэнтамі па аскарджваньні. А тут паслала сябра, бо я ня ў Польшчы: „О! Гэтую пані мы ведаем“ — сказалі яму. Я не спушчу, задзяўбу, каб кліент дамогся справядлівасьці. А вось для акадэмічнай дзейнасьці мне не хапае ўсідчывасьці», — расказвае Ганна.
«Будзе яшчэ менш магчымасьцяў»
Ганна адзначае, што зараз ва ўсім сьвеце антыміграцыйныя настроі. І чакаць нейкіх пазытыўных зьменаў не даводзіцца, бо і ў ЗША, і ў Эўразьвязе міграцыя становіцца выклікам
«Зь міграцыяй і раней складана было працаваць у Польшчы. Часам няма на што спасылацца, законы слаба напісаныя, незразумела, як інтэрпрэтаваць справы, шмат момантаў, якія можна трактаваць дваяка. Гэта была няўдзячная праца на юрыдычным узроўні. Цяпер жа міграцыя становіцца палітычным інструмэнтам барацьбы, і мігрантам проста рыкашэтам дастаецца», — кажа суразмоўца.
Юрыстка тлумачыць, што ў Польшчы ў 2026 годзе будуць вялікія зьмены ў міграцыйным заканадаўстве. Летам будзе прыняты новы міграцыйны пакт, які складаецца са шматлікіх нарматыўных законаў, там будзе мадыфікаваная вэрсія Дублінскага пратаколу, і ў шмат якіх аспэктах яна не спрыяльная для беларусаў
«Я вам шчыра скажу: будзе яшчэ менш магчымасьцяў, каб пракруціць некаторыя „фінты ушамі“, якія мы рабілі. Гэта не надае аптымізму. У прафэсійным аспэкце я ведаю, што ў мяне будзе яшчэ больш працы, будзе больш працы і ў „Партызанкі“», — кажа адвакатка.
Зараз Ганна вучыцца ў магістратуры Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту ў сфэры карпаратыўнага права — даўно марыла паглядзець, як выглядае навучаньне ў найлепшых юрыдычных установах ЗША.
«Да 2020 года я ўсё зьбіралася і адкладала, потым 5 гадоў жыла ў нейкім „трэшаку“. У 2023 годзе я зьезьдзіла з калегамі ў Гарвардзкі ўнівэрсытэт на стажыроўку на паўтара месяцы. І я вырашыла, што трэба вяртацца ў ЗША — вучыцца. У мяне не было фінансаваньня, падавалася сама на магістарскую праграму „LLM“. Мне прапанавалі стыпендыі 8 ВНУ ЗША. Вагалася паміж New York University і Columbia University. Але аддала перавагу Нью-Ёркскаму ўнівэрсытэту, які зьяўляецца другім у ЗША па бізнэсовым праве, і які прадаставіў мне прэстыжную стыпендыю, што пакрывае ўсе затраты за вучобу, пражываньне (заплаціў 83 тысячы даляраў за маё навучаньне. Такія ўмовы атрымалі толькі 5 асобаў з 3 тысяч аплікантаў з усяго сьвету. То бок, я канкуравала з усім сьветам, я тут першая беларуска! Я гэтым вельмі ганаруся», — прызнаецца Ганна.
Яшчэ яна расказвае, што займаецца «прамоўшэнам» Беларусі — заўсёды прадстаўляецца беларускай. Ініцыявала два івэнты на вялікіх пляцоўках: сустрэчу са Сьвятланай Ціханоўскай і сустрэчу са спэцдакладчыкам ААН па Беларусі Нілсам Муйжніексам. Беларуска ўсталёўвае сувязі, сетку кантактаў юрыстаў па ўсім сьвеце, заводзіць знаёмствы.
«Па маёй праграме вучыцца каля 800 амэрыканскіх юрыстаў і 400 замежных — і калі я пакіну на іх кляснае ўражаньне (я спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца), то людзі раз’едуцца па сваіх краінах на добрыя пасады, і яны ўжо будуць мець уражаньне пра Беларусь. І гэта такі „прамоўшн“, які важна рабіць за мяжой. Я яго не плянавала, але так склаўся пазл. У мяне ёсьць калегі, якія падтрымліваюць Беларусь. Такія кантакты застаюцца на ўсё жыцьцё.
Тым больш, ніколі ня ведаеш, што здарыцца — у тым сэньсе, што экстрадыцыя беларускі можа быць не апошняя, а ў цябе ёсьць такая сетка кантактаў юрыстаў ва ўсім сьвеце», — мяркуе Ганна Маціеўская.
Праслухаць увесь сэзон Metropolitan Opera»
Ганна прызнаецца, што да 2022 года яшчэ спадзявалася стаць опэрнай сьпявачкай. Але опэрнае мастацтва — як спорт, трэба быць у форме, пастаянна займацца. Яе пэдагог па вакалу жыве і працуе ў Вене, раней яна езьдзіла туды.
«Цяпер сьпяваю толькі пад застольле ці пад душам — опэрныя арыі і шансон у опэрным выкананьні. А опэрнае мастацтва люблю, засталіся музычнае вуха і абсалютны слых. Цяпер адна з маіх мэтаў — праслухаць увесь сэзон у Нью-Ёркскай Metropolitan Opera. Маю магчымасьць купляць студэнцкія квіткі (умоўна не за 200 даляраў, а за 45). Нядаўна слухала выбітную армянскую опэрную сьпявачку Асмэг Грыгаран. Так што прэфэрую купляць як юрыстка квіток у опэру, чым быць артысткай і плаціць юрысту за ягоныя паслугі», — жартуе Ганна.
Форум