Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША гатовыя падтрымаць санкцыі ЭЗ супраць уладаў Беларусі


ЗША падтрымліваюць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту пра ўвядзеньне санкцыяў супраць кіраўнікоў Беларусі за іх рэакцыю на сьнежаньскія выступленьні апазыцыі. ЗША таксама гатовыя са свайго боку распачаць дадатковыя захады ў гэтым напрамку, паведамляе РИА "Новости".

"Мы праводзім кансультацыі з партнэрамі па Эўразьвязу па гэтым пытаньні. Мы ведаем і падтрымліваем крокі, якія робіць ЭЗ, і мы гатовыя да прыняцьця дадатковых крокаў у аднаўленьні санкцыяў, якія раней былі зьнятыя", - заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі.

Рашэньне пра ўвядзеньне санкцыяў могуць прыняць кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў 27 дзяржаў ЭЗ, якія сустрэнуцца 31 студзеня ў Брусэлі.

Дакумэнт, які ў 20 студзеня ўхваліў Эўрапарлямэнт, у прыватнасьці заклікае Раду ЭЗ увесьці забарону на выдачу візаў і замарозіць сродкі кіраўніцтва Беларусі, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бясьпекі, якія, на думку Эўрасаюза, нясуць адказнасьць за фальшаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і перасьлед апазыцыі.

Санкцыі могуць заставацца ў сіле да тых часоў, пакуль беларускія ўлады не вызваляць усіх палітычных зьняволеных і прадстаўнікоў апазыцыі і не здымуць з іх абвінавачваньні.

14 студзеня ЗША далі беларускім уладам некалькі дзён, каб адпусьціць затрыманых падчас акцыі пратэсту ў Менску.

Пра гэта заявіла ў Вільні прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Нэнсі МакЭлдані:

«Калі арыштаваныя ня будуць вызваленыя вельмі хутка, у нас ня будзе іншага выйсьця, як лічыць іх палітзьняволенымі. А гэта будзе азначаць, што зноў будуць уведзеныя санкцыі, дзеяньне якіх было прыпыненае».

На пытаньне ўдакладніць — як хутка такое можа здарыцца — амэрыканская чыноўніца адказала: «Гэта пытаньне некалькіх дзён».

Яна таксама ўдакладніла, што ў адносінах кіраўніцтва Беларусі ЗША і Эўразьвяз будуць праводзіць узгодненую палітыку.

ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў яшчэ ў 2006 годзе, два гады таму санкцыі часткова былі прыпыненыя.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG