Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля і вада


фота 1
фота 1

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Здавалася б, што можа быць прасьцей за гэтую фатаграфію: сьцяблінкі знаёмай (дзікай збожжавай) травы на фоне бяскрайняй вады. Проста – але немагчыма адвесьці погляд. Фатаграфія прыцягвае, як магніт, на яе прыемна глядзець! Адразу відаць, што гэты нескладаны прыгожы сюжэт (фота 1) зьняты майстрам фатаграфіі. (Здымак называецца “Трава на беразе мора”.)

Прыемнае ўражаньне грунтуецца на камфортным адчуваньні бясьпекі, асьветленасьці сонцам і харастве паўтаноў, якія мякка зыходзяць у размытую далячынь.

Камфортнае адчуваньне бясьпекі ўзьнікае ад сузіраньня і ўсьведамленьня цёплага берага, парослага травой, і ад мяккай пустаты акіяна, контуры якога хоць і размытыя ў лагодным сьвятле, але небясьпечныя сваёй глыбінёй. (Прытым мы, назіральнікі, знаходзімся віртуальна па гэты бок мяжы берага, на цьвёрдай цёплай зямлі).

Фатографу ўдалося тонка выявіць тут супрацьпастаўленьне і гармонію двух пачаткаў – зямлі і вады. Прытым карціна прыгожа збалянсавана па тону і кампазыцыі, добра адчуваецца глыбінная пэрспэктыва краявіду, суадносіны рэзкай травы і нярэзкага акіяну.

Усё гэта якраз і ўзьдзейнічае на нашыя эстэтычныя пачуцьці і адчуваньні.

Шмат хто з фатографаў калі-небудзь здымаў нешта падобнае на свой “Кэнан” альбо “Нікан”. Але атрымлівалася інакш. Немалаважна ведаць, што фота, якое тут экспануецца, было зьнятае на шырокую эмульсію (пласьцінку) 10х15 ці нават 18х24 см. Тыя тонкасьці, якія ў прынцыпе “ня ўлоўлівае” вузкастужкавая камэра (тым больш, лічбавая), тут ёсьць, і гэта спрыяе хараству і ўспрыняцьцю фатаграфіі.

Аўтарам фота зьяўляецца вядомы амэрыканскі фатограф Эдвард Уэстан (1886-1958). Ён прайшоў тыповы шлях ад піктарэалізму да “натуральнай” фатаграфіі і мадэрнізму ў 20-х. Скончыў мастацкі інстытут і “калэдж” па фатаграфіі. Супрацоўнічаў з Энсэлам Адамсам у групе “F/64”. Здымаў нацюрморты, краявіды, прадметны сьвет, партрэты, аголеную натуру (жанр у фатаграфіі, практычна, бясплённы) і інш.

Уэстан здымаў да 1948 года амаль выключна на шырокую эмульсію (у асноўным 10х15 і 18х24), здымкі яго якасныя і дагледжаныя. Ва ўсіх жанрах ён стварыў па некалькі выдатных твораў, якія сталі нібы яго візітнай картачкай.

Асяроддзе, якое папулярызавала Ўэстана, прадстаўляе яго як аднаго з самых вялікіх фатаграфічных мастакоў ХХ стагоддзя. Гэта, зразумела, перабольшаньне, але не такое ўжо і далёкае ад праўды. Ягоная творчасьць займае высокія пазыцыі ў сусьветнай фатаграфіі.

У Эдварда Ўэстана, на мой погляд, было тонкае адчуваньне і бачаньне прыроды. Але ён мала надаваў значэньня краявіду, а больш практыкаваньням у рэчышчы мадэрновых падыходаў.

У пэўнай ступені гэта дыктавалася тады модай і мастацкім рынкам, падкім на фармальныя адкрыцьці. Краявід і прырода заставаліся побач, як быццам для душы. Але тут Уэстан праявіўся надзвычай хораша і прыгожа.

фота 2

Прапаную паглядзець яшчэ адну добрую фатаграфію Ўэстана, якая называецца “Дажджавая хмара” (фота 2). Здымак выдатны. Творча адлюстравана прыгожая зьява прыроды. Адразу заўважу, што, працуючы з грувасткай цяжкай камэрай на штатыве, выпадкова такі кадр ня зробіш. Да яго трэба падрыхтавацца і “прыпільнаваць” (можна патраціць на гэтае некалькі дзён альбо і тыдняў). У Беларусі, напрыклад, такі пэрыяд кароткіх навальніцаў і нізкіх кучава-дажджавых пералётных хмараў узьнікае ў жніўні, у канцы лета (2-3 тыдні). Тут і трэба быць падрыхтаваным.

Памятаю, у жніўні, стоячы на Замкавай гары ў Браславе, бачыш на поўначы далёкія (за 12 км) вежы Слабодзкага касьцёла, асьветленыя сонцам. У гэты час за плячыма на поўдзень пералётная цёмная дажджавая хмара зь вясёлкай вісіць, і назіраеш (акурат, як на гэтай фатаграфіі Ўэстана), як побач сьцяной ідзе дождж і спадае ў хвалі Дрывят.

(Фатаграфіі Ўэстана, якія тут экспануюцца, узятыя з вольнага Сеціва.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG