Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы раяць часьцей прыслухоўвацца да ўнутранага гадзіньніка


Група нямецкіх біёлягаў зь мюнхэнскага інстытуту мэдычнай псыхалёгіі прыйшла да высновы, што калі чалавек ігнаруе свой “унутраны гадзіньнік”, то бок, натуральныя біярытмы, якія вызначаюць час сну і няспаньня, рэгулююць тэмпэратуру цела і выпрацоўку гармонаў, гэта вельмі шкодзіць здароўю.

Кіраўнік мюнхэнскай навуковай групы доктар Тыль Рэнэбэрг лічыць, што ўся справа ў канфлікце паміж натуральнымі біярытмамі і так званым сучасным сацыяльным часам, які абумоўлены адпаведнымі грамадзкімі патрабаваньнямі.

"Калі б людзі мелі магчымасьць спаць у адпаведнасьці зь іх унутраным рытмам, яны б менш стамляліся, лепш працавалі і радзей хварэлі", перакананы нямецкі псыхоляг.


Усё пачалося з паравозу


Паводле доктара Рэнэбэрга, пачатак масавага ігнараваньня натуральных біярытмаў чалавека прыпадае на 1884 год, калі ў сувязі з адкрыцьцём чыгункі, сьвет быў падзелены на 24 гадзіньнікавыя паясы. Сонечны гадзіньнік тады палічылі больш немэтазгодным.

Тым часам праз гэта на масавым узроўні павялічылася колькасьць разнастайных хранічных хваробаў. На жаль, гэтай праблеме, усё яшчэ не надаецца належнай увагі ані зь якога боку, лічаць нямецкія псыхолягі.

“Калі чалавеку нядужыцца, наўрад ці ён сам , яго блізкія ці калегі задумваюцца пра тое, што прычынай можа быць збой яго “унутранага гадзіньніка”. А ён, між іншым, уплывае на агульны стан куды мацней, чым можа падацца на першы погляд. Зь біярытмамі зьвязаныя практычна ўсе фізіялягічныя працэсы, якія адбываюцца ў арганізьме, — харчаваньне, уздым і спад разумовай і фізычнай актыўнасьці”, сьцьвярджае доктар Рэнэбэрг.

Жаўрукі і совы


Нямецкі біёляг Тыль Рэнэбэрг зьвяртае ўвагу на існаваньне розных тыпаў натуральных рытмаў чалавека, а таксама на падзел людзей на "соваў" і "жаўрукоў".

Першыя, умоўна кажучы, прызвычаіліся класьціся спаць а 2-гой гадзіне ночы і ўзьнімацца а 10-тай, другія — прачынацца а 6-тай раніцы і засынаць а 10-ай вечара.

Але, на жаль, жыцьцё такое, што даводзіцца падладжвацца пад акалічнасьці. Людзі вымушаныя абуджацца, калі арганізм яшчэ патрабуе
Калі б людзі мелі магчымасьць спаць у адпаведнасьці зь іх унутраным рытмам, яны б лепш працавалі і радзей хварэлі.
адпачынку, есьці, калі ім гэтага зусім ня хочацца, і штучна стымуляваць жыцьцядзейнасьць пры дапамозе кавы і розных прэпаратаў. А гэта для арганізму калясальны стрэс. Нядзіўна, што шмат каго пачынаюць турбаваць мігрэні, бяссоньне, сардэчна-сасудзістыя захворваньні, нэрвовыя зрывы, падвышаецца ўзровень цукру ў крыві, разьвіваецца дыябэт, атлусьценьне.

Паводле нямецкага хронабіёляга, асаблівую небясьпеку для здароўя прыхоўвае ў сабе рэгулярны пераход зь зімовага часу на летні і назад, а таксама зьменная праца, якой, паводле яго падлікаў, у прамысловых краінах займаюцца каля 20% працоўных.

Тым часам дасьледаваньні, якія сумесна правялі навукоўцы зь Вялікабрытаніі, Францыі, Канады і Даніі паказваюць, што ігнараваньне ўнутраных біярытмаў вядзе да розных генэтычных парушэньняў, у тым ліку, паломкі гену, які адказвае за выпрацоўку гармону мэлятаніну. У выніку парушэньні цыклічных ваганьняў інтэнсіўнасьці розных біялягічных працэсаў, зьвязаных са зьменай дня і ночы, перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленьням. А гэта цягне за сабой прыроджаныя эндакрынныя і аўтаімунныя паталёгіі


Што рабіць?


Зразумела, далёка ня кожны чалавек у гэтай сувязі можа дазволіць сабе кінуць працу ці радыкальна зьмяніць лад жыцьця. Аднак, адзначаюць навукоўцы, ён можа, калі ня цалкам засьцерагчыся ад хвароб, выкліканых парушэньнем біярытмаў, то хаця б зьменшыць рызыку іх разьвіцьця.

Якім чынам?

Перш за ўсё, уважліва паназіраць за сваім арганізмам. Лепш за ўсё зрабіць гэта ў выходныя, калі ня трэба ісьці на працу. Чалавеку трэба проста фіксаваць час, калі ён самастойна без будзільніка прачынаецца, калі яго пачынае хіліць да сну, калі яму хочацца есьці, калі адчуваецца прыліў сіл.

Усе гэтыя моманты варта акуратна запісваць, а потым на іх падставе скласьці свой індывідуальны графік біярытмаў.

Калі ён не супадае са звычайным рэжымам дня, то трэба паспрабаваць хаця б часткова зьмяніць яго.

Так, зусім неабавязкова сьнедаць дома, калі з раніцы няма апэтыту. Можна ўзяць ежу з сабой на працу або, калі праца дазваляе, пайсьці пасьнедаць у той час, калі адчуваецца сапраўдны голад.

У некаторых выпадках можна падумаць аб радыкальных захадах кшталту зьмены працы або пераходу на індывідуальны графік, што ў стагодзьдзе кампутараў не ўяўляе сабой асаблівай праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG