Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваць голадам вязьняў больш ня будуць


У Беларусі адмянілі адмысловыя заніжаныя нормы харчаваньня для зьняволеных-штрафнікоў. Гэтыя нормы трымаліся яшчэ са сталінскіх часоў, праваабаронцы расцэньвалі іх як катаваньне.

Для беларускіх вязьняў, якія адбываюць пакараньне ў сыстэме Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, устаноўлена сем розных нормаў харчаваньня для розных груп грамадзян у розных сытуацыях. У тым ліку ёсьць і так званая норма № 7, якая прымяняецца да зьняволеных, пакараных за парушэньне рэжыму.

У Беларусі парушальніка рэжыму выпраўленчай установы могуць зьмясьціць у штрафны ізалятар, памяшканьне камэрнага тыпу або адзіночную камэру. Пры гэтым у якасьці дадатковай меры пакараньня яго пераводзяць на зьніжэньне нормы харчаваньня.

Так, пры перакладзе на норму № 7 колькасьць найменьняў прадуктаў скарачалася больш як у два разы, а тыя, што заставаліся, зразалі да мінімуму. Напрыклад, норма мяса зьніжалася ў чатыры разы – са 120 да 30 грамаў у суткі. Пры гэтым з 50 да 75 грамаў у суткі павялічвалася норма спажываньня рыбы (у Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі гэта звычайна селядзец), каб зьняволены хацеў піць і пакутаваў ад смагі.

Праваабаронцы не раз зьвярталі ўвагу беларускіх уладаў, што норму № 7 нельга ўспрымаць інакш, як катаваньне. Прычым катаваньне голадам і смагаю адносіцца да адных з самых бесчалавечных, якія шырока ўжываліся, напрыклад, у сталінскія часы і ў фашысцкай Германіі.

Рашэньнем ураду з 22 жніўня норма № 7 будзе выключаная і больш да беларускіх зьняволеных ужывацца ня будзе, – паведамляе Ежедневник.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG