Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхаваньне футболам


Мне не цікавы спорт як такі. Гадзіннае назіраньне за тым, хто хутчэй прыбяжыць, далей кіне і цяжэй падыме, ніяк не мяняе тэмпэратуру майго цела. Але мне аж надта цікавыя людзі, якія аддаюцца гэтаму занятку шчыра і даверліва.

Мне цікава сядзець у пабе і глядзець, як ад хваляваньняў напружваюцца цягліцы спатнелых футбольных заўзятараў, па якіх адразу відаць, што найбольшай фізычнай нагрузкай за апошнія пару гадоў для іх былі хіба “дзьве па паўтары”; як мяняюцца іх твары і галасы, калі з тэлеэкрана наўпрост пад іх нос высоўваецца чырвоная картка. Мяне не раздражняе начны лямант фанатаў і гукі вувузэлаў, што ўшчэнт спустошваюць чэрап. Напэўна таму мне так даспадобы “Мундыяль” Паўла Касцюкевіча, бо мне сымпатычнае гэтае супольнае вар’яцтва.

Мне прыемна падзяляць спартовае шаленства са сваімі сябрамі, хаця я ведаю, што ніхто зь іх не адкажа на мае дзіўныя для “футбольнага” чалавека пытаньні. Чаму жанчыны не камэнтуюць футбольных матчаў? Чаму на чэмпіянаце сьвету вобмаль арбітраў з Афрыкі? Чаму талібы забаранілі спорт? Чаму прыкольна размаляваць цыцкі ў колеры нацыянальнага сьцягу і трэсьці імі на трыбунах?..

Любая сыстэма падпарадкаваньня – ад старажытных ініцыяльных рытуалаў да абавязковай вайсковай службы і школьнай формы – заснаваная якраз на дысцыпліне цела. Адсюль прага да разнастайных парадаў, дэманстрацыяў, публічных нарадаў з падначаленымі і іншых “трыюмфаў волі” падпарадкаваных целаў
А чаму мы так ненавідзім лядовыя палацы? Звычайны аргумэнт “эканоміка разваленая, сувэрэнітэт краіны ў небясьпецы, а тут палацы будуюць” ніяк не праходзіць, бо ненавідзім гэтыя бяскрыўдныя і вельмі нават карысныя будынкі ўсім народам, разам. Прычыны гэтай шчырай нянавісьці ў тым, што спорт наўпрост павязаны з чалавечай годнасьцю. Ідзецца ня толькі пра волю да перамогі, дух спаборніцтва і іншыя падобныя рэчы. Ідзецца хутчэй пра тое, чым кожны з нас мусіць распараджацца адзінаўласна і дабравольна, – пра сваё ўласнае цела.

Любая сыстэма падпарадкаваньня – ад старажытных ініцыяльных рытуалаў да абавязковай вайсковай службы і школьнай формы – заснаваная якраз на дысцыпліне цела. Адсюль прага да разнастайных парадаў, дэманстрацыяў, публічных нарадаў з падначаленымі і іншых “трыюмфаў волі” падпарадкаваных целаў. Падпарадкаваныя целы – падпарадкаваныя душы. Таму ў нас галоўныя па спорце – спрэс першыя людзі краіны. Такую справу нельга выпускаць з рук.

ЧС у Паўднёва-афрыканскай рэспубліцы таксама быў цікавы зусім не футбольнымі жарсьцямі. Наогул, самым захапляльным у такіх падзеях ёсьць працэс лёсаваньня. Блатэр гэта вам не васьміног Паўль, хаця шчупальцаў у яго, напэўна больш. Дык вось, як толькі аддалі перавагу ПАР перад Лібіяй і Эгіптам (хаця ўжо ад Пэкінскай ды Сочынскай алімпіядаў сталі відавочныя інтарэсы вялікай спартовай палітыкі), у мяне сам сабою склаўся вобраз “новай калянізацыі”. Афрыка застаецца балючым месцам маёй сьвядомасьці, я дагэтуль памятаю, як у другім клясе мы зьбіралі зубныя шчоткі і мыла, каб адправіць іх няшчасным і, здаецца, вечна галодным афрыканскім дзецям. Страшнае само па сабе слова “апартэід” я помню яшчэ вымаўленае голасам Бовіна...

Я так і ўявіла сабе, што “белыя мужчыны” прыедуць у няшчасную краіну, змучаную расавай сэгрэгацыяй, СьНІДам, жахлівымі нацыянальнымі канфліктамі і гаротай. Набудуюць там стадыёнаў і дарог да іх, наствараюць сотні тысяч працоўных месцаў на пару гадоў, і ўсё гэта проста для таго, каб выявіць сваю “добрую волю”. Ніякіх іншых прычынаў я тады не пабачыла, напэўна таму, што мне сапраўды шчыра нецікавы спорт.

Але мне ў час трапілася на вочы кніга "Больш, чым гульня: Футбол супраць апартэіду: Найважнейшая з усіх футбольных гісторыяў". У часы апартэіду ў паўднёва-афрыканскай турме “Робін Айлэнд”, дзе дзесяцігодзьдзямі ў жахлівых умовах утрымліваліся палітычныя зьняволеныя, з 1969 па 1991 год дзейнічала Футбольная Ліга Макана (Makana Football Association). Па ўспамінах былых зьняволеных, менавіта спорт, ад пачатку жорстка забаронены ўладамі, дазволіў ім захаваць годнасьць і еднасьць. Спачатку яны гулялі ў сутарэньні мячамі, згорнутымі з кашуляў і паперы. Але прытрымліваліся міжнародных стандартаў гульні, пра якія даведаліся з кніжкі, знойдзенай у турэмнай бібліятэцы. Потым ўмяшаўся Чырвоны крыж, і вязьням дазволілі гуляць на полі...

Усё гэта магло б застацца шчымлівай гісторыяй, годнай нават для галівудзкага фільму, калі б Якаб Зума, цяперашні прэзыдэнт ПАР і старшыня Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу, ня быў калісь капітанам аднаго з клюбаў турэмнае лігі, гэтаксама як і іншыя палітычныя і грамадзкія дзеячы ПАР, якія цяпер вядуць сваю рэспубліку новымі, зусім не футбольнымі шляхамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG