Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі шкодна позна есьці?



Чаму шмат хто прызвычаіўся есьці перад сном? Ці сапраўды есьці проці ночы — настолькі шкодна, як пра гэта пішуць апошнім часам? Такія пытаньні хвалююць многіх людзей з залішняй вагой. У папулярных выданьнях можна пазнаёміцца з парадамі лекараў-дыетолягаў: ня варта, кажуць яны, вячэраць пазьней як за тры-чатыры гадзіны да сну, бо позьняя яда вядзе да атлусьценьня. Як лічаць адмыслоўцы, калі пад'есьці перад сном, то страўнік пачне ператраўліваць ежу ў той час, калі астатнія органы і сыстэмы будуць адпачываць. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да парушэньня абмену рэчываў. Акрамя таго, рэшткі позьняй ежы, нягледзячы на вечаровую гігіену зубоў, усё ж застаюцца ў роце. Калі да сну праходзіць даўжэйшы час, то сьліна іх звычайна вымывае. Калі ж есьці ўначы, выдзяляецца вельмі мала сьліны, і нэгатыўны эфэкт ад салодкага ды кіслага ўзмацняецца. Апошнія дасьледаваньні навуковых супрацоўнікаў Капэнгагенскага ўнівэрсытэту і іхніх калегаў з ЗША давялі, што начныя візыты да лядоўні спараджаюць самыя розныя прыкрыя наступствы, у тым ліку і заўчасную страту зубоў.
Далёка ня кожнаму, хто прывык есьці позна ўвечары, варта адмаўляцца ад гэтай звычкі", перакананыя кембрыджскія навукоўцы.


Сумесная праца дацкіх і амэрыканскіх навукоўцаў заняла 6 гадоў. За гэты час быў вывучаны стан здароўя 2217 датчанаў, спаміж якіх 173, то бок 8%, мелі звычку есьці позна перад сном.

Як высьветлілася, менавіта гэтыя людзі страцілі найбольш зубоў у параўнаньні з астатнімі — нават калі ўзяць пад увагу ўзроставыя зьмены, звычку паліць, колькасьць спажыванага цукру ці іншых вугляводаў. І хоць стаматолягі ня могуць забараніць сваім пацыентам есьці ўначы, кіраўніца групы, прафэсар Джэніфэр Лундгрэн заклікае дантыстаў папярэджваць пацыентаў наконт наступстваў такой звычкі.

Паводле дасьледчыка, лекары павінны часьцей правяраць стан зубоў у аматараў есьці ўначы і лепш вучыць іх гігіене поласьці рота. Такім людзям трэба чысьціць зубы пастай з фторам, у тым ліку і непасрэдна перад сном. Прычым цягам гадзіны да гэтай апошняй чысткі ня трэба нічога есьці, хіба што піць, і то ваду.

"Гігіена гігіенай, аднак далёка ня кожнаму, хто прывык есьці позна ўвечары, варта адмаўляцца ад гэтай звычкі", перакананыя кембрыджскія навукоўцы. На іхні погляд, калі чалавек кладзецца спаць галодным, ён ня можа пазбыцца навязьлівых думак пра ежу, у яго разладжваецца сон, нарастае агрэсія. Гэта найперш тычыцца прадстаўнікоў так званага вечаровага тыпу актыўнасьці, то бок "соваў". Адмыслоўцы спасылаюцца на вялікага брытанскага генэтыка і мікрабіёляга Фрэнсыса Крыка, які яшчэ ў 1950-я гады давёў, што дзённы выкід гармонаў у "соваў" у 1,5 раза вышэйшы, чым у "жаўрукоў". Гэта той допінг, які дазваляе забясьпечваць вечаровую і начную актыўнасьць чалавека. У сваю чаргу, падвышаны выкід адрэналіну і норадрэналіну ў "соваў" спрыяе парушэньню абмену рэчываў; у гэтых людзей істотна часьцей назіраюцца інфаркты міякарду. Аднак "совы" могуць і, пры патрэбе, павінны есьці да 24 гадзіны, што для "жаўрукоў" недапушчальна. Зразумела, гэтая вечаровая ежа павінна быць лёгкай — садавіна, кісламалочныя прадукты, тушаная ці вараная (але ня смажаная) гародніна, нятлустая рыба, мінімум прыправаў.

Аналягічных поглядаў прытрымліваюцца і прадстаўнікі нетрадыцыйнай мэдыцыны. Так, ёгі лічаць, што ежа найлепш ператраўляецца, калі чалавек бярэцца за лыжку не раней як апоўдні і не пазьней як апоўначы. То бок у першай палове дня лепей нічога ня есьці. Апошні ж раз трэба прымаць ежу не раней як за 2 гадзіны да сну, як бы позна вы ні клаліся ў ложак — абы да паўночы.

Тым часам лінгвісты даюць звычцы есьці ў позьні час сваё тлумачэньне. Вывучаючы сэмантыку слова "абед" — "dîner" (першапачаткова яно азначала "перапынак у начным посьце"), францускія дасьледчыкі робяць выснову, што ў эпоху франкаў гэты
Уставайце а шостай, абедайце а дзявятай, вячэрайце а шостай, кладзіцеся а дзявятай — пражывяце да 99 гадоў.
тэрмін азначаў самы першы прыём ежы, яшчэ да сьвітанку. Зь цягам вякоў "dîner" пераносіўся на ўсё пазьнейшы час. У XII—XIII стагодзьдзях "dîner" ужо быў абедам. Ён пачынаўся не пазьней за 9 гадзіну раніцы пасьля малітвы. Вячэралі ж людзі пасьля дзённай малітвы, дзесьці пасьля 15-й гадзіны. Празь некаторы час зьявілася прымаўка: "Lever à six, dîner à neuf, souper à six, coucher à neuf, font vivre d`ans nonante neuf" (Уставайце а шостай, абедайце а дзявятай, вячэрайце а шостай, кладзіцеся а дзявятай — пражывяце да 99 гадоў). Тыя, хто рана ўставаў, як правіла, перакусвалі яшчэ да абеду. Гэта называлася ўжо "desjeuner" — раманскі варыянт таго ж самага слова.

Істотныя зьмены адбыліся ў XVII стагодзьдзі. Так, двор Генрыха IV абедаў аб адзінаццатай, а вячэраў пасьля шостай. У часы Людовіка XV у Парыжы абедалі дзесьці а другой, пазьней — а трэцяй гадзіне. Пры Напалеоне сталі абедаць а 17-й. Адпаведна, сьняданак пачынаўся а 10-й і ўжо ня быў такім лёгкім. Гэты расклад можна знайсьці, у прыватнасьці, у архівах францускіх ваенных школ. На пачатку XIX стагодзьдзя Парыж сьнедае аб 11-й і абедае а 18-й. Вячэра (souper) пачынаецца ўсё пазьней уначы, пасьля тэатру ці балю, а раніцай падаюць "малы абед" — "petit déjeuner".

Характэрна, што іншыя мовы таксама сьведчаць пра зьмены ў традыцыях харчаваньня. Так, расейскае слова "ужин", баўгарскае "ужина", "южина", славенскае "južinа" першапачаткова азначалі тое ж, што і аўстрыйскае ці нямецкае "Jause" — паўдзённую яду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG