Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская стратэгія адносна СНД



Нядаўна Інстытут сучаснага разьвіцьця, які з’яўляецца адным з “мазгавых цэнтраў” сучаснай крамлёўскай каманды, апублікаваў даклад “Эканамічныя інтарэсы і задачы Расеі ў СНД”. З прычыны блізкасьці цэнтру да прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева нельга выключаць, што па меншай меры некаторыя з падыходаў гэтага дакумэнту будуць увасобленыя ў расейскую палітыку. Прапануем вам асноўныя тэзы гэтага дакладу.

МЭТЫ РАСЕІ Ў СНД


Ва ўмовах актывізацыі дзейнасьці вядучых сусьветных дзяржаваў на прасторы СНД Расеі неабходна выпрацаваць эфэктыўную і старанна вывераную палітыку, асновай якой павінен стаць геаінтэграцыйны падыход, які прадугледжвае «мяккую» рэінтэграцыю істотнай часткі постсавецкай прасторы ў адкрытым гандлёва-палітычным фармаце, практычны выхад на стварэньне шырокай эўразійскай зоны супрацоўніцтва, якая дазволіць забясьпечыць доўгачасовыя інтарэсы нашай краіны ў СНД.

Для Расеі, як дамінуючай дзяржавы, асноўны інтарэс – геаэканамічны, рэалізацыя якога расьцягнутая ў часе і патрабуе дакладнай пасьлядоўнасьці дзеяньняў. Партнэры ж па СНД пераважна бачаць сваю зацікаўленасьць у максымалізацыі бягучых выгодаў, зьвязаных з атрыманьнем рознага роду субсыдыяў (прамых і ўскосных) і прэфэрэнцыяльнага доступу на расейскі рынак.

Дзяржавы Садружнасьці – гэта жыцьцёвае прастора, неабходная РФ для захаваньня статусу вялікай дзяржавы, для забесьпячэньня ўласнага ўстойлівага разьвіцьця, для падтрыманьня гаспадарчай цэласнасьці. Больш канкрэтна Расея мае патрэбу ў наступным:

• фармаваньне агульнай эканамічнай прасторы СНД з шырокім выхадам да межаў Эўрапейскага зьвязу і на Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён для выкананьня місіі эўразійскай дзяржавы;

• доступ да распрацоўкі мінэральна-сыравіннай базы краін СНД для ўмацаваньня ўласнай рэсурснай базы і атрыманьня дэфіцытных карысных выкапняў, а таксама для павышэньня сваёй ролі на сусьветных сыравінных рынках і ў якасьці гаранту міжнароднай энэргетычнай бясьпекі;

• пазьбяганьне нерацыянальнай канкурэнцыі з краінамі СНД на сусьветных рынках праз рэалізацыю сумесных праектаў у галіне перапрацоўкі першасных рэсурсаў;

• доступ да інтэлектуальнай, у значнай ступені расейскамоўнай эліты краін СНД для папаўненьня «уцечкі мазгоў» на Захад;

• доступ да сыстэматворных актываў, забесьпячэньне стабільнасьці і прадказальнасьці супрацоўніцтва ў сфэрах, якія прадстаўляюць стратэгічную цікавасьць для Расеі (ў абароннай, атамнай, авіяцыйнай, ракетна-касьмічнай прамысловасьці);

РАСЕЯ І БЕЛАРУСЬ


Пры ацэнцы магчымасьцяў Расеі ў Садружнасьці варта асобна разглядаць Беларусь. Залежнасьць апошняй ад Расеі вельмі вялікая – прычым па шырокім коле накірункаў эканамічнага ўзаемадзеяньня. Для расейска-беларускіх стасункаў характэрная значная асымэтрыя матывацыяў і вынікаў супрацоўніцтва бакоў: выгады Беларусі ад супрацоўніцтва маюць тэрміновы і жыцьцёва важны для гэтай краіны характар, тады як бягучыя інтарэсы Расеі ўлічваюцца слаба, а магчымыя (зусім негарантаваныя) дывідэнды ад супрацоўніцтва аднесены ў будучыню. Сумарныя выгады, даходы і здабыткі Беларусі ад супрацоўніцтва з Расеяй (па пяці артыкулах: сальда руху капіталу, ускосныя энэргетычныя субсыдыі, даходы ад экспарту ў трэція краіны тавараў з расійскай нафтагазавай сыравіны, даходы ад экспарту тавараў і транспартных паслугаў у РФ) у апошнія гады стабільна перавышаюць 60% беларускага ВУП.

Тым ня менш, Расея павінна захоўваць высокую інтэнсіўнасьць двухбаковага супрацоўніцтва з Беларусьсю, зыходзячы з геаэканамічных і ваенна-палітычных меркаваньняў. Таму для Расеі ў адносінах з Беларусьсю галоўнай бачыцца задача максымальна фармалізаваць адносіны доўгатэрміновага стратэгічнага партнэрства ў эканамічнай і палітычнай сфэрах.

ПЕРАШКОДЫ І ПРЫЯРЫТЭТЫ ІНТЭГРАЦЫІ


Захоўваецца асымэтрыя эканамічных вынікаў супрацоўніцтва – адкладзеных для Расеі і тэрміновых для партнэраў па СНД, што спараджае з расейскага боку жаданьне яе пераадолець і дамагчыся імгненных выгод. Апошняе, за выключэньнем выпадкаў нядобрасумленнай канкурэнцыі і відавочнага парушэньня расейскіх эканамічных інтарэсаў, праблематычна для дасягненьня доўгатэрміновых мэтаў Расеі ў СНД.

Пры іншых роўных умовах Расея больш зацікаўленая ў рэальным прасоўваньні па інтэграцыйным шляху, паколькі сыстэма інтэграцыйных пагадненьняў і фармаваньне адзінай эканамічнай прасторы даюць для больш моцнай Расеі неабходныя і дастатковыя ўмовы атрыманьня геаэканамічных выгад. У сваю чаргу, іншыя краіны Садружнасьці, якія маюць значныя бягучыя дывідэнды ад супрацоўніцтва з РФ, пакуль зацікаўлены ня столькі ў канчатковых выніках інтэграцыйных праектаў, колькі ў самім працэсе інтэграцыі, падчас якога магчымае атрыманьне ад РФ дадатковых рэсурсаў і прывілеяў.

МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ КРАІН СНД


Пастаўкі тавараў з Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) у СНД узрасьлі ў 2008 г. у параўнаньні з 2000 г. у 31,5 разы, у тым ліку да ўзроўню 2004 году – у 6,7 разы, а экспарт з 27 краін Эўрапейскага Зьвязу (ЭЗ-27) у 2008 г. павялічыўся ў параўнаньні з 2004 годам у 2,6 разы.

Склалася сытуацыя, калі ўсё большая частка патрэбаў дзяржаў Садружнасьці ў вырабах апрацоўчай прамысловасьці, абсталяваньні, тэхналёгіях, таварах народнага спажываньня стала пакрывацца за кошт імпарту з далёкага замежжа, што ператварылася ў істотны фактар тармажэньня інтэграцыйных працэсаў і ўзмацненьня цэнтрабежных тэндэнцый у рэгіёне.

У экспарце найбольш прамыслова разьвітых краін СНД – Беларусі і Ўкраіны – каля 60% прыпадае на мінэральныя прадукты, мэталы, базавыя хімікаты і ўгнаеньні.

За апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі роля краін СНД у зьнешнім гандлі Расеі заўважальна зьнізілася: калі ў 1994 г. на іх прыпадала 24% таваразвароту, то ў 2009 г. – толькі 14,6%. У той жа час тры галоўных контрагенты РФ з гэтай групы краін – Беларусь, Украіна і Казахстан – працягваюць уваходзіць у лік найважнейшых гандлёвых партнэраў Расеі. У 2009 г. Беларусь займала 5-е месца, Украіна – 6-е, Казахстан – 13-е.

У імпарце Расеі доля краін СНД няўхільна зьніжаецца: у 1990-я гг. яна была роўная 25-30%, а да 2009 году скарацілася да 13%. Гэта абумоўлена тым, што РФ актыўна разьвівала імпарт высакаякасных тавараў як інвэстыцыйнага, так і спажывецкага прызначэньня, якія дзяржавы Садружнасьці часьцей за ўсё ня ў стане прапанаваць. Крызіс яшчэ больш зьнізіў канкурэнтаздольнасьць прадукцыі з СНД на расейскім рынку.

Нягледзячы на зьніжэньне ролі Расеі ў зьнешнім гандлі краін СНД, амаль для ўсіх зь іх Расея працягвае заставацца адным з найважнейшых гандлёвых партнэраў. У 2008 г. Расія займала 1-е месца сярод партнэраў па экспарце: Армэніі, Беларусі, Кыргызстану, Туркмэністану і Ўкраіны, а па імпарце – ва ўсіх краінах СНД, акрамя Грузіі і Малдовы.


ГАНДЛЁВЫЯ ПЕРАДУМОВЫ МЫТНАГА САЮЗУ


Згодна зробленым у самы апошні час расейскім разьлікам і прагнозным
ацэнкам узаемнага гандлю краін СНД і Мытнага саюзу (МС), пры інэрцыйным сцэнары, гэта значыць, без уліку магчымага стымулюючага эфэкту пасьлядоўнага паглыбленьня інтэграцыі ў рамках МС, значнасьць узаемнага гандлю для постсавецкіх дзяржаў, у першую чаргу для Расеі, у лепшым выпадку захаваецца на ранейшым узроўні або будзе падаць. Удзельная вага Галяндыі ў экспарце Расеі (12% у 2009 г.) ужо значна больш, чым краін Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС) (9,6%), а доля Кітая ў імпарце РФ (13,6%) пераўзыходзіць сумарную вагу ўсіх дзяржаў СНД (13,0%).

У сваю чаргу, сучасная інтэнсіўнасьць гандлю паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам ужо вышэй, чым сярэдні разьліковы ўзровень для краін, якія знаходзяцца ў адным мытным саюзе. Гэта тлумачыцца ў тым ліку інэрцыяй традыцыйных гаспадарчых сувязяў у рамках былога СССР, але таксама сьведчыць аб высокай ступені рэалізаванасьці патэнцыялу ўзаемнага гандлю.

ЛЁС ІНТЭГРАЦЫЙНЫХ ПРАЕКТАЎ НА ПОСТСАВЕЦКАЙ ПРАСТОРЫ


На прасторы былога СССР сёньня фактычна рэалізуюцца тры інтэграцыйныя праекты з удзелам Расеі (СНД пры наяўнасьці палітычнай волі і эканамічных перадумоваў яшчэ трэба стаць інтэграцыйным праектам). Гэта Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі (СДРБ), ЭўрАзЭС у складзе Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану і Мытны саюз у складзе Беларусі, Казахстану, Расеі.

Праект стварэньня СДРБ з-за розных падыходаў бакоў да яго будаўніцтва пакуль фактычна замарожаны. Гандлёва-мытны складнік супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў перадаецца ў створаны Мытны саюз. Захаваньне СДРБ як самастойнай групоўкі ўнутры СНД з улікам новых рэалій патрабуе пераасэнсаваньня, у тым ліку маючы на ўвазе пэрспэктыву фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы краін-сябраў МС.

У той жа час, у сувязі са стварэньнем МС Расеі з прычыны эканамічнага патэнцыялу і геапалітычных матываў давядзецца несьці асноўны цяжар выдаткаў па яго фармаваньні і функцыянаваньні. Наяўныя аптымістычныя ацэнкі прыросту ВУП дзякуючы МС і агульнаму эфэкту фармаваньня саюзу не ўлічваюць непазьбежныя буйныя выдаткі Расеі на інтэграцыйныя мерапрыемствы і інтэграцыйную інфраструктуру, магчымыя выдаткі на дадатковыя прэфэрэнцыі партнэрам, магчымыя страты РФ у сувязі з рашэньнем фіскальных пытаньняў функцыянаваньня Мытнага саюзу.

КАНКУРЭНТЫ РАСЕІ Ў СНД


Асноўнымі канкурэнтамі Расеі на рынках краін СНД выступаюць Эўразьвяз, Кітай і ЗША. Пашыраны Эўразьвяз у цяперашні час выступае вядучым гандлёвым партнэрам для большасьці краін СНД. Доля ЭЗ-27 у зьнешнегандлёвым абароце СНД павялічылася ў 2008 г. амаль на 7 пунктаў у параўнаньні з 2000 г., у тым ліку ў экспарце – на 10 пунктаў, у імпарце – на 2 пункты. Найбольш прыкметна ўмацаваліся пазыцыі ЭЗ у экспарце Малдовы, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану, Армэніі. Па дадзеных Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, сумарны экспарт ЭЗ-27 у СНД (без РФ) дасягнуў 65,18 млрд. даляраў у 2008 г. супраць 10,34 млрд. даляраў у 2000 г., гэта значыць, вырас у 6,3 разы.

Расія больш не зьяўляецца безальтэрнатыўным стратэгічным партнэрам для сумеснага разьвіцьця краін Садружнасьці. Эканамічна гэтую ролю гатовыя ўзяць на сябе, перш за ўсё, Кітай і Эўразьвяз. Абодва гэтыя цэнтры сілы будуць вызначаць свае далейшыя дзеяньні з улікам палітычных сыгналаў, якія яны атрымаюць (або не атрымаюць) з Масквы, але ў любым выпадку іх пранікненьне ў эканоміку і ступень уплыву на фармаваньне эканамічнай палітыкі краін СНД будуць узрастаць.

У пэрспэктыве стаўленьне Эўразьвязу да інтэграцыйных працэсаў у рамках СНД можа зьмяніцца ў лепшы бок. Асноўная прычына – верагоднае скарачэньне долі Эўропы ў сусьветнай эканоміцы (па прагнозах, яна можа зьнізіцца да 2050 г. да 12% супраць 22% у пачатку стагодзьдзя), што будзе стымуляваць Эўразьвяз да пошуку новых стратэгічных партнэраў у канкурэнтнай барацьбе зь іншымі буйнымі гульцамі; у гэтым выпадку стратэгічнае партнэрства з Расеяй як лідэрам інтэграцыйных працэсаў у СНД можа стаць карысным ЭЗ для ўмацаваньня пазыцый у сьвеце. Такое разьвіцьцё падзей будзе адпавядаць і інтарэсам Расеі, якой у адзіночку, нават з апорай на партнэраў па інтэграцыі, цяжка разьлічваць на сваё ўмацаваньне ў якасьці аднаго з галоўных сусьветных эканамічных цэнтраў.

ШЛЯХІ ПАЛЯПШЭНЬНЯ ІМІДЖУ РАСЕІ Ў СНД


Паляпшэньню іміджу Расеі на постсавецкай прасторы будзе спрыяць недапушчэньне паўтору «газавых» і «нафтавых» войнаў, максымальна магчымы вывад канфліктных энэргетычных пытаньняў са сфэры публічнай дыпляматыі, настойлівая праца з партнэрамі на ўзроўні бізнэс-структур. «Энэргетычныя войны”выклікалі рост антырасейскіх настрояў у Беларусі і Ўкраіне, нанесьлі пэўную шкоду дзелавой рэпутацыі Расеі як надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў.

Адным з сродкаў у намаганьнях па ўмацаваньню пазыцый Расеі могуць стаць ініцыятывы па ажыцьцяўленьні буйных трохбаковых праектаў у эканоміцы постсавецкіх дзяржаў з удзелам Эўразьвязу, Расеі ды іншых краін СНД. Яны могуць тычыцца сфэраў агульнай зацікаўленасьці – энэргетыкі, транспарту, стварэньня агульнай інфраструктуры, аховы навакольнага асяродзьдзя. Рэалізацыя сумесных праектаў дазволіць зьнізіць рызыкі аддаленьня Ўкраіны і шэрагу іншых дзяржаў Садружнасьці ад Расеі, зьмякчыць канкурэнцыю з ЭЗ на постсавецкай прасторы.

Сур'ёзным інструмэнтам зьяўляецца ўзмацненьне прысутнасьці Расеі ў культурным і інфармацыйным полі краін-партнэраў па Садружнасьці, у тым ліку з дапамогай падтрымкі расейкай мовы, якая захоўвае сваю функцыю сродку міжнацыянальных зносінаў. Адным з ключавых напрамкаў расейскай палітыкі ў СНД павінен стаць улік настрояў грамадзтваў і новых элітаў, якія фармуюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG