Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вера Рыч. Запозьненае віншаваньне


фота: http://gallery.me.com/ihar
фота: http://gallery.me.com/ihar

Замест вянка на магілу ангельскай паэткі, перакладачыцы, вялікага сябра Беларусі Веры Рыч Радыё Свабода зьвярнулася да шэрагу беларускіх паэтаў з просьбай перакласьці адзін зь яе апошніх вершаў, які яна апублікавала 11 сьнежня, за некалькі дзён да свайго апошняга ўздыху – “Запозьненае віншаваньне”.

Пераклады друкуюцца паводле паступленьня ў рэдакцыю.


***
На жаль, спазьняецца да вас
Мая калядная паштоўка:
Я занядужала ня ў час
І пачуваюся няёмка.
Сказаў мне доктар: "Не бяды,
Стрыножым мы мікроба злога!..
Калі лютуюць халады,
"Вакол і ў нас такога многа".

Пісаць наўмелась дзён за пяць,
Ды абратала спраў навала,
І з Калядой павіншаваць
Сяброў, хоць плач, не пасьпявала.
І я адчайна дзень пры дні
Трывала нудную аблогу
Абавязковай мітусьні
(Вакол і ў нас такога многа).

І сам сабою склаўся тост,
Пара яму якраз прысьпела:
Усіх даброт вам навырост
Я ў Новы год жадаць хацела б.
Асушым келіхі да дна,
Не абмінаючы нікога
Вясёлай радасьцю віна:
Вакол і ў нас такога многа.

Як гаварыў малеча Цім.
“Пароўну ласкі нам ад Бога".
Я зычу шчасьця вам усім,
Якога не бывае многа.

Пераклаў Кастусь Знарачан


***

Паштоўка гэтая дайшла
Нашмат пазьней за дзень калядны,
Бо, здарылася, я зьлягла –
З прастуды ці зь якога ляда –
Доктар сказаў мне недакладна,
(Ці мо бацылы завяліся?),
Але ж запэўніў неадкладна:
“Такога ў нас тут – заваліся”.

Пяць дзён да сьвята – самы час
Узяцца рассылаць пасланьні,
Ды лёс ліхі саслаў якраз
На галаву маю дэдлайны,
І я пісала без адхланьня
Пра крызіс, што псуе нам сьвята,
Сумневы й іншыя насланьні –
Такога ў нас цяпер багата.

Урэшце – скончана! Мой тост:
Жадаю назапасіць шчасьця
Ў наступным годзе навырост,
Зьдзяйсьненьня помыслаў, багацьця.
Вып’ем гарэлкі ці віна
З Бардо, з Шампані там ці з Порта,
Чаго хаця - абы да дна,
Такога ў нас цяпер да чорта.

Скажу, як Дробка Цім казаў
У час каляднага застольля:
“Дабраславі нас бог!” Бо спраў
Яшчэ чакае нас – да столі!

Пераклад Максіма Шчура

***

Спазьняюся я з віншаваньнем, на жаль,
Ня дойдзе, відаць, да Калядаў яно.
Здарылася вось няшчасьце амаль:
Грып нейкі падчапіла ажно.
Што гэта за немач, за вірус такі, —
Ня кажа доктар. Ды, як прысуд,
Дыягназ абвяшчае цяжкі:
“Гэтага хапае тут”.

Я рана ўставала. На стале
Бялеўся калядных паштовак стос.
Падпісваць бралася... Але
Нібыта ўмешваўся Антыхрыстос,
І я пісала той жа рукой
Пра безьліч турботаў, праблемаў, пакут,
Азмрочвалі што сьвяточны настрой:
“Гэтага хапае тут”.

Ды годзе! Гатовая ўзьняць я тост:
Удачы табе з галавы да ног!
У Новым годзе хай будуць уздым і рост
І ў доме тваім хай будзе дастатку рог!
Давай, як сустрэнемся, напоўнім чары віном,
Вып’ем да дна за сьветлых Калядаў цуд:
Віскі, гарэлкі, портэру, джыну нальём:
“Гэтага хапае тут”.

Мой сябра, у гэты сьвяточны час
Я ўсклікну, як той маленькі Дыкенсаў чмут:
“Дай Бог нам здароўя!” Пакуль на ўсіх нас
Гэтага хапае тут.

Пераклад Анатоля Вярцінскага


***


Вітаньне гэтае да вас
Ня трапіць на калядны стол:
Сьпяшалася пасьпець у час,
Ды ліха скокнула ў прыпол.
Ці грып, а ці які павеў –
Але зваліў мяне на дол.
Адно, ў чым лекар пэўнасьць меў:
“Тут поўна гэтага наўкол”.

Дзён пяць да Божага Раства –
Я ўстала напісаць лісты,
Але турботы, як дрыгва,
Але паўсюль даўгі, хвасты!
Сяджу пішу да сьлепаты
Пра жахі, крызіс і раскол,
Што льюць у сьвята гаркаты
(Тут поўна гэтага наўкол!).

Нарэшце дарабіла ўсё!
Цяпер узьняць жадаю тост:
Няхай расшчодрыцца жыцьцё,
Хай вам шанцуе навырост!
Сабрацца нам пара даўно,
Бяседа на календары,
А ў чарках віскі, джын, віно:
Тут поўна гэтага, сябры!

ENVOI

Давайце прамаўляць услых:
Будзь блаславёны твой парог!
Атуліць Ласка хай усіх –
Тут поўна гэтага, дальбог!

Пераклала Галіна Дубянецкая

***

Віншую вас – на жаль, нашмат,
Нашмат пазьней за дні Каляд.
Бо ўсё ў раптоўны заняпад
Прыйшло – ад грыпу ці то ад
Бацылы шчэ якой? Урач,
Ля ложка стоячы майго,
Сказаў адно – хоць пой, хоць плач:
“У Вас тут гэтулькі ўсяго!”

Да сьвят было яшчэ пяць дзён.
Пісаць паштоўкі села. Сьмех!
Турбот адразу – легіён
І тэрміновых справаў мех.
Сяджу друкую дзень і два.
Дзе ж сьвяты? Сум без берагоў:
Тут брак, тут крызіс, тут правал –
У нас тут гэтулькі ўсяго!

Ды справы скончаны! Мой тост:
Усім, усім вясёлых сьвят,
Зьдзяйсьненьня мар – у поўны рост
І шчасьця – з макаўкі да пят!
Уздымем келіхі, хто з чым
(Бо будзе смак – было б пітво):
Шампанскае, гарэлка, джын –
У нас тут гэтулькі ўсяго!

Хай, як казаў Маленькі Цім,
Бог блаславіць нас. Як яго.
Бо, дзякуй Богу, па-за тым
У нас тут гэтулькі ўсяго!

Пераклала Вера Бурлак

***

А віншаваньне з Калядой
Ты атрымаеш пазнавата.
Я ў гэтым мала вінавата —
Грып нейкі стаў таму віной.
Не растлумачыў доктар мой,
Завошта гэткая расплата,
Чаму шалець прыемна болю:
«Тут гэтага даволі».

Яшчэ пяць дзён да Каляды.
Я падпісаць паштоўкі ўстала.
І на мяне сьмялей навала
Нахлынула, і я тады
Рупліва дзень і ноч пісала,
І думку грэлі халады,
Я весялела, як ніколі
(Тут гэтага даволі).

Тост уздымаю, п’ем да дна.
Няхай спрыяе нам удача.
Няхай як з поўнага збана
Ліецца шчасьце — зайздрасьць плача.
Віна хмялее ад віна,
Хай цесна будзе і ў застольлі, —
Тут гэтага даволі.

Мой сябра, прэч гані зьнямогу! —
Гукну, як Дыкенсавы Цім,
Дай Бог здароўя нам усім, —
Яго хапае, дзякуй Богу.

Пераклаў Рыгор Барадулін

***

Даруй, калядную паштоўку
Шлю не да сьвятаў, а цяпер:
Грып падкасіў тваю сяброўку
І ёй было не да папер.
Мой доктар кажа: “Вірус – зьвер,
І лекі – болей не ахова.
У гэтым горадзе, павер,
Такога «шчасьця» дастаткова!”

Пяць дзён да сьвятаў, і я зранку
Сядаю за паштоўкі… Не!
Чарговая неспадзяванка,
А зь ёю праца для мяне:
Пісаць аб крызісах, вайне
І росьце цэн – абавязкова,
Бо сёньня ў кожнай навіне
Такога «шчасьця» дастаткова.

Нарэшце сьвята! Да бяседы!
І я ўздымаю першы тост:
“Хай нас мінаюць сум і беды,
Хай нам удача ў поўны рост!
Віном, гарэлкай скончым пост.
Джын, віскі, ром – усё гатова.
Дык будзьма! Cheers! Na zdrowie! Prost!”
Такога шчасьця дастаткова!

Дазволь, як дыкенсаўскі Цім,
Напрыканцы прамовіць слова:
“Дай Бог здароўя нам усім!”
Дальбог, для шчасьця дастаткова!

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Belated Greeting

Vera Rich. Belated Greeting
This greeting comes to you, alas,
Far far too late for Christmas Day,
But great disaster came to pass:
I caught the ’flu — or anyway
Some bug — the Doctor did not say
Just what it was had caused the bout,
Though he proclaimed without delay:
«There is a lot of it about».

Five days to Christmas, I got up
And hoped (in vain) my cards to write!
But troubles flowed into my cup,
And deadlines came at me, full-flight,
I had to type, both day and night
On every crisis, threat and doubt
That pours on festive joy its blight
(There is a lot ot it about!).

All done at last! I raise a toast:
Good luck to you from head to shoes,
May New Year bring what you wish most,
Good fortune pour from flowing cruse.
Let’s meet and drink some festive booze:
Wine, whisky, champagne, port or stout,
Rum, vodka, gin — whate’er you choose:
There is a lot of it about.

ENVOI

Friend, at this season of good-will,
I raise with Tiny Tim my shout:
«God’s blessing on us all!» For still
There is, praise be, a lot about!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG