Паплечнікі Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка

Мітынг на Дзень Волі, 2016 год

Чалец аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Спарыш расказаў БелаПАН аб падачы заяўкі на сьвяточнае шэсьце 25 сакавіка ў Менску ад плошчы Якуба Коласа да сквэру Янкі Купалы.

Ранейшая заяўка на шэсьце і мітынг-канцэрт была адхіленая, затым была прынятая заяўка на мітынг-канцэрт бяз шэсьця.

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз шэсьця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заяўляў, што правядзе на Дзень Волі шэсьце, нават калі яго не дазволяць. Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР падзяліўся на дзьве працоўныя групы, якія будуць паасобку займацца арганізацыяй канцэрту і правядзеньнем шэсьця.

Летась на Дзень Волі былі сотні затрыманых, шэсьце незаконна «недазабаранілі»

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.

Your browser doesn’t support HTML5

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Канцэрт будзе з «Крамай» і «Дзецюкамі», але без Саладухі

Удзел у канцэрце 25 сакавіка пацьвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і сьпявак Пётра Клюеў, верагодна выступяць таксама Лявон Вольскі, гурты Akute, Neruo Dubel і J:Морс. На канцэрт таксама запрашалі Аляксандра Саладуху, але ён «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць».

На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай, на Talaka.by ужо сабралі 74% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаніяў, першым такім спонсарам стала мэблевая фірма «Цесьляры» Зьмітра Дашкевіча.