Расейскія войскі зноў атакавалі Ўкраіну. У Кіеве і Львове ахвяры, паветраная трывога ў Польшчы

Людзі хаваюцца на станцыі мэтро ад расейскіх ракетных удараў і нападаў бесьпілётнікаў. Кіеў, 20 лістапада 2026 году

Паводле кіеўскіх уладаў, Расея паразіла тры масты ў сталіцы Ўкраіны, тры чалавекі загінулі.

Раніцай 20 лістапада расейская армія атакавала Кіеў — паводле мэра Віталя Клічко, імаверна, з выкарыстаньнем балістычных ракет.

Ён паведаміў, што ў выніку ўдару пашкоджаны Падольска-Васкрасенскі маставы пераход, рух па ім з правага берагу Дняпра на левы цяпер прыпынены. Таксама пашкоджаны Дарніцкі мост. Спэцыялісты змогуць ацаніць маштаб пашкоджаньняў гэтых збудаваньняў пасьля завяршэньня паветранай трывогі, сказаў Клічко.

«Удар быў нанесены і па Паўднёвым мосьце. Рух там цяпер абмежаваны: дазволены праезд толькі зь левага берагу на правы для транспартных сродкаў вагой да 10 тон і грамадзкага транспарту вагой да 18 тон», — заявіў мэр.

Пазьней Клічко паведаміў, што ў выніку ўдараў пашкоджаны аб’ект крытычнай інфраструктуры.

Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя пацьвердзіла інфармацыю пра загінулых і пацярпелых у сталіцы: загінулі 3 чалавекі, яшчэ,15 чалавек пацярпелі, 7 параненых шпіталізавалі.

Наступствы расейскай атакі на горад Дніпро. 20 лістапада 2026 году

Паветраная расейская атака адбываецца і на іншыя гарады Ўкраіны. У Львове расейскія вайскоўцы забілі двух чалавек, ёсьць параненыя, паведаміў мэр гораду Андрэй Садавы.

Начная трывога ў Люблінскім ваяводзтве

Як паведаміў Dziennik Wschodni, уначы ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы абвяшчалі паветраную трывогу.

«Гэта было зьвязана з атакай Расеі на Ўкраіну і меркаваным парушэньнем паветранай прасторы Польшчы. Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сілаў паведаміла, што неідэнтыфікаваны аб’ект мог упасьці каля гораду Хмелек у Білгорайскім павеце. Трывога была адкліканая каля 7:30 раніцы»,— паведамляе выданьне.

Польскія вайскоўцы падымалі зьнішчальнікі, сыстэмы супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў стан баявой гатоўнасьці. Пасьля 6:30 раніцы ў Любліне й іншых гарадах Люблінскага ваяводзтва загучалі сырэны паветранай трывогі. Гукавое папярэджаньне ахапіла ўсе 17 паветаў рэгіёну, паведаміла польскае выданьне.


Чаму гэта важна

Расейскія войскі сыстэматычна з розных відаў зброі — бесьпілётнікамі, ракетамі, авіябомбамі і з артылерыі — атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру Ўкраіны.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляецца прызнаваць, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і зьнішчаючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і настойваюць на тым, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Абстрэлы сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электраэнэргіі, цяпла, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі, іншых умоваў для жыцьця — прыкмета генацыдных дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ААН: ва Ўкраіне за дзесяць месяцаў 2026 году загінулі больш цывільных, чым за ўвесь мінулы год

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі зноў атакавалі Адэсу і Кіеў, цэлілі па цывільных аб’ектах