У Камышувасе ў адным месцы ў выніку расейскага абстрэлу загінулі 72 чалавекі. Ілюстрацыйнае фота
Ва Ўкраіне ў выніку расейскай агрэсіі ў кастрычніку загінулі сама меней 372 цывільныя асобы і яшчэ 1981 чалавек атрымаў раненьні.
Як адзначаецца ў справаздачы Маніторынгавай місіі ААН у правах чалавека ва Ўкраіне, загінулых і параненых у кастрычніку было на 95 адсоткаў больш, чым летась у кастрычніку, і гэта найбольшы паказьнік ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.
У ААН пацьвердзілі гібель 2957 чалавек і раненьні 17 218 асобаў з студзеня па кастрычнік 2026 году. Гэтая лічба на 63 адсоткі вышэйшая за аналягічны пэрыяд 2025 году, і больш чым у два разы перавысіла паказьнікі за той самы пэрыяд 2024 году.
«Сёлета за першыя дзесяць месяцаў загінулі больш цывільных асобаў, чым за ўвесь 2025 год, калі загінулі больш цывільных, чым у папярэднім 2024 годзе. Сьвет не павінен звыкаць да таго, колькі цывільных жыцьцяў ва Ўкраіне забірае гэтая вайна», — сказала кіраўніца місіі ААН ва Ўкраіне Дэньел Бэл.
У ААН адзначылі, што асноўнай прычынай ахвяраў сярод мірнага насельніцтва застаецца зброя вялікай далёкасьці (ракеты і бесьпілётнікі), ад якой пацярпелі 55% ад іх агульнай колькасьці (177 загінулых, 1108 параненых).
Згодна з справаздачай, пабольшала ахвяраў кіраваных авіяцыйных бомбаў — лік загінулых вырас удвая ў параўнаньні зь верасьнем і дасягнуў 92 асобаў, яшчэ 331 чалавек атрымаў раненьні.
Факты гібелі і раненьняў сярод мірнага насельніцтва зафіксавалі ў 22 вобласьцях Украіны і Кіеве. Найбольш ахвяраў задакумэнтавалі ў Кіеве (25 загінулых, 174 параненыя), Краматорску (29 загінулых, 124 параненыя), Харкаве (19 загінулых, 129 параненых), Запарожжы (31 загінулы, 103 параненыя) і Славянску (27 загінулых і 96 параненых).
У ААН таксама зьвярнулі ўвагу, што ў пацьверджаных зьвестках улічылі інфармацыю аб 12 загінулых і 18 параненых на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны.
Расейскія войскі сыстэматычна з розных відаў зброі — бесьпілётнікамі, ракетамі, авіябомбамі і з артылерыі — атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру Ўкраіны.
Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і зьнішчаючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і настойваюць на тым, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Абстрэлы сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электраэнэргіі, цяпла, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых умоваў для жыцьця — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
Форум