Наступствы расейскага ўдару па лякарні ў Кіеве, 13 лістапада 2026 году
Украінскія ўзброеныя сілы зноў нанесьлі ўдар па расейскай станцыі «Самара», празь якую беларускія заводы атрымліваюць нафту.
Расейскія войскі ў ноч на 13 лістапада атакавалі некалькі рэгіёнаў Украіны. Мясцовыя ўлады паведамляюць аб пацярпелых.
Ёсьць ахвяры ў Сумах і пацярпелыя ў Кіеве і Віньніцы
Кіеўскія ўлады паведамілі аб частковым руйнаваньні лякарні ад удару расейскага дрона. Пацярпелі тры пацыенты, сямёх змаглі ўратаваць і 30 — эвакуаваць у бясьпечнае месца. Пажар патушылі.
У Сумскай вобласьці апэратар расейскага дрона атакаваў двух мужчын, якія знаходзіліся каля матацыкла. Абодва загінулі.
У Віньніцы пацярпелі два чалавекі, іх шпіталізавалі. Ад улучэньня расейскага бесьпілётніка загарэўся жылы дом. Выбуховай хваляй пашкодзіла суседнія дзіцячы садок, шматкватэрныя і прыватныя дамы.
У Роўне расейскі бесьпілётнік пацэліў у шматпавярховы дом — 6 чалавек параненыя, у тым ліку двое дзяцей.
У Запарожжы ў выніку расейскіх абстрэлаў загінуў 17-гадовы юнак і яшчэ чатыры атрымалі раненьні. Пашкоджаныя жылыя дамы.
У Адэсе два чалавекі загінулі, сем атрымалі раненьні. Паводле ўладаў, у выніку расейскага абстрэлу зруйнаваны жылы дом. Позна ўвечары 12 лістапада расейскія войскі атакавалі фабрыку мэблі, пажар распаўсюдзіўся на 1300 квадратных мэтраў.
У Расеі пажары на НПЗ, нафтавых станцыях і складах
Украінскія і расейскія маніторынгавыя каналы паведамілі аб атаках сілаў абароны Ўкраіны па двух нафтавых аб’ектах у Расеі і адным складзе.
У прамысловай зоне Валгаградзкага нафтаперапрацоўчага заводу ў некалькіх месцах зафіксавалі ўзгараньні. Начная атака стала прынамсі 13-й за апошні час. Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў ускосна пацьвердзіў удар па «паўднёвай прамысловай зоне Валгаграду». Паводле яго, чатыры чалавекі загінулі і двух шпіталізавалі.
У Растоўскай вобласьці пасьля ўлучэньня дрона загарэўся склад. Агонь распаўсюдзіўся на 1,5 тысячы квадратных мэтраў. Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсарудакладніў, што склад загарэўся ў Аксайскім раёне. Паводле яго, расейская СПА зьбіла больш за 120 украінскіх дронаў над 10 раёнамі рэгіёну і абласным цэнтрам.
У Самарскай вобласьці зноў пацярпеў найбольшы нафтавы вузел Расеі — лінейная вытворча-дыспэтчарская станцыя «Самара» ў мястэчку Прасьсвет Самарскай вобласьці. Празь яе нафта перапампоўваецца ў Беларусь для беларускіх прадпрыемстваў і далей на Захад. Гэта найбольшы рэзэрвуарны парк у эўрапейскай частцы Расеі. Мінулым разам у выніку ўкраінскай атакі ўдалося зьнішчыць сама меней 10 рэзэрвуараў.
Улады Самарскай вобласьці пакуль не паведамляюць пра наступствы атакі. У той жа час яны папярэдзілі аб затрымцы «праз вонкавае ўмяшаньне» двух пасажырскіх цягнікоў, якія рушылі з Масквы ў Самару.
Украіна ў адказ на расейскія ўдары па сацыяльнай інфраструктуры атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых магутнасьцях. Вайсковае камандаваньне заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.
Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва.
У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.
Пэўную частку дэфіцыту паліва на рынку Расеі закрываюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Форум