Дасьледаваньне: выгады Беларусі ад расейскага паліўнага крызісу вычарпаныя

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (архіў). Ілюстрацыйнае фота
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (архіў). Ілюстрацыйнае фота

Беларускія НПЗ ня маюць рэзэрваў нарасьціць вытворчасьць нафтапрадуктаў, патрэбных Расеі для кампэнсацыі дэфіцыту, сфармаванага ў выніку ўкраінскіх атак на расейскі нафтаперапрацоўчы комплекс.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на дасьледаваньне, апублікаванае 9 лістапада сеткай FREE Network (аўтары — дасьледнік цэнтру BEROC Дзьмітры Крук і спэцыяліст iSANS Яўген Макарчук), беларускія пастаўкі кампэнсавалі прыблізна «30% недавытворчасьці бэнзіну» ў Расеі, забясьпечыўшы амаль палову імпарту гэтага паліва на расейскі рынак.

У дасьледаваньні адзначаецца, што рост паставак стымуляваў беларускую нафтаперапрацоўку, транспарт і гуртовы гандаль. Дадатковыя экспартныя паступленьні паспрыялі інвэстыцыям і падвышэньню заробкаў. Разам з тым значную частку ўзрослага ўнутранага попыту забясьпечваў імпарт, што абмяжоўвала станоўчы эфэкт для эканомікі.

Аўтары канстатавалі, што да ліпеня–жніўня беларускія НПЗ наблізіліся да максымальнай загрузкі. Рэзэрваў далей нарошчваць вытворчасьць, згодна з дасьледаваньнем, не засталося. Дадатковым абмежаваньнем стаў восеньскі рамонт установак ААТ «Нафтан».

Згодна з дасьледаваньнем, важную ролю адыгрывае «давальніцкая перапрацоўка»: расейскія кампаніі даюць нафту і забіраюць нафтапрадукты, аплачваючы беларускім прадпрыемствам перапрацоўку. Такая схема абмяжоўвае даходы апошніх ад спрыяльнай каньюнктуры.

Паводле аўтараў, атрыманыя Беларусьсю выгады падтрымлівалі эканамічны рост цягам аднаго-двух кварталаў. Пасьля, на думку Крука і Макарчука, іх могуць пераважыць наступствы расейскага запаволеньня: высокія працэнтныя стаўкі, паслабленьне попыту на беларускія тавары, інфляцыйны ціск.

Пры скарачэньні расейскага попыту на паліва, адзначаецца ў дасьледаваньні, станоўчы эфэкт здольны хутка зьмяніцца адмоўным.

Аўтары засьцерагаюць ад пераацэнкі палітычнага значэньня паставак: на іх думку, такія пастаўкі ня сьведчаць ні пра незаменнасьць Беларусі для РФ, ані пра зьяўленьне ўстойлівай крыніцы дадатковых даходаў уладаў Беларусі.

Што папярэднічала

У пачатку верасьня старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ільля Ікан заявіў, што дэфіцыт нафтапрадуктаў у Расеі і яго папаўненьне сіламі беларускіх НПЗ станоўча адбіліся на фінансавых паказьніках апошніх.

«Галіна спрацавала прыбыткова, і гэта адзін з найлепшых вынікаў за апошняе, мабыць, дзесяцігодзьдзе, — заявіў ён у інтэрвію ведамаснаму часопісу „Вестник Белнефтехима“. — На фоне такой каньюнктуры мы максымальна выкарысталі спрыяльную сытуацыю на вонкавых рынках, перш за ўсё на ўсходнім кірунку».

Дэфіцыт паліва ў Расеі выкліканы незаплянаванымі спыненьнямі НПЗ пасьля рэгулярных удараў украінскіх дронаў па аб’ектах нафтаперапрацоўкі і захоўваньня нафтапрадуктаў.

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў для расейскай арміі. На наступны дзень у звароце да суайчыньнікаў ён заявіў, што толькі за студзень–травень пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею вырасьлі ў 13 разоў у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, дызэльнага паліва — утрая.

Зьвестак пра экспарт нафтапрадуктаў у РФ Менск не раскрывае.

Чаму гэта важна

30 кастрычніка Ўкраіна аднавіла атакі на абʼекты паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі. Удары былі прыпыненыя прыблізна на два тыдні пасьля патрабаваньня Дональда Трампа. Але затым Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўдары па расейскіх НПЗ спыняцца тады, калі ЗША даставяць Украіне ракеты для перахопу расейскіх ракет і дронаў, якія штодзённа атакуюць цывільныя і энэргетычныя будынкі.

Як падлічыла «Агентство», з 30 кастрычніка цэлямі атак украінскіх бесьпілётнікаў у Расеі сталі Навакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласьці, «Башнефть-Новойл» ува Ўфе, Разанскі НПЗ і «Славнефть-НОС» у Яраслаўлі — супольнае прадпрыемства двух расейскіх нафтавых гігантаў «Газпромнефть» і «Роснефть», найбольшы нафтавы вузел Расеі — лінейная вытворча-дыспэтчарская станцыя (ЛВДС) «Самара» ў мястэчку Прасьсвет Самарскай вобласьці, Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод, Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі, Разанскі НПЗ.

У канцы кастрычніка агенцтва Bloomberg пісала з спасылкай на крыніцы пра занепакоенасьць кіраўніцтва карпарацыі «Роснефть» тым, што нават некалькі месяцаў вайны ўва Ўкраіне могуць нанесьці істотную шкоду справам кампаніі.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў паміж краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія дзяржавы, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
  • Цягам усяго часу ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
​
XS
SM
MD
LG