Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі зноў атакавалі Адэсу і Кіеў, цэлілі па цывільных аб’ектах

Пажар у Адэсе пасьля расейскай атакі 1 верасьня 2026 году
Пажар у Адэсе пасьля расейскай атакі 1 верасьня 2026 году

Пуцін 1 верасьня абвясьціў, што загадаў расейскім войскам нанесьці ўдары па аб’ектах украінскай энэргетыкі.

Расейскія войскі ў ноч на 2 верасьня зноў атакавалі Адэсу. Пра гэта паведамілі кіраўнік Адэскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак і старшыня абласной адміністрацыі Алег Кіпер.

Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі восем чалавек, сярод іх пяцігадовае дзіця. Дваіх шпіталізавалі.

Кіпер адзначыў, што цэльлю атакі стала цывільная і энэргетычная інфраструктура.

У Адэсе пашкоджаныя кватэры 24-павярховага жылога дому з 17-га па 23-і паверхі і прыпаркаваныя побач аўтамабілі, а таксама фасады і шыбы двух ліцэяў, пяціпавярховага бізнэс-цэнтру і складоў.

Праз пашкоджаньні ў адукацыйных установах вучобу часова арганізавалі ў дыстанцыйным фармаце, дадаў кіраўнік абласной адміністрацыі.

У Галасееўскім раёне Кіева ў выніку падзеньня абломкаў дрона на адкрытай тэрыторыі пачаўся пажар, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко.

У горадзе Вішнёвае Бучанскага раёну на Кіеўшчыне згарэлі два таўнхаузы. Паводле Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў Украіны (ДСНС), пажар ужо патушылі, разьбіраюць завалы.

Паводле Паветраных сілаў УСУ, Расея запусьціла па Ўкраіне дзьве балістычныя ракеты «Іскандэр-М», дзьве кіраваныя ракеты Х-59/69 і 174 бесьпілётнікі. Украінскія сілы зьбілі 141 цэль (138 дронаў і тры робата-ракеты S8000 «Бандэроль»).

Загад аддаў Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 1 верасьня абвясьціў, што загадаў расейскім войскам нанесьці масаваныя ўдары па аб’ектах украінскай энэргетыкі.

Заява прагучала на прэс-канфэрэнцыі пасьля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку.

Пуцін паскардзіўся, што Ўкраіна працягвае наносіць удары па расейскім паліўна-энэргетычным комплексе:

«Улічваючы ўдары па Расеі, расейскім узброеным сілам дадзены загад падрыхтаваць і нанесьці масаваныя ўдары па абʼектах украінскай энэргетыкі. Яны наносяць удары па нашых — яны атрымаюць адказ».

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ўва ўсіх рэгіёнах Украіны рознымі відамі зброі — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі бомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі й іншых неабходных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыдных дзеяньняў.
  • Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што яго армія падчас поўнамаштабнай вайны чыніць мэтанакіраваныя атакі на цывільную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы шпіталі, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG