У Расеі заявілі пра новую атаку Ўкраіны на Крымскі мост, гэта можа не дазволіць аднавіць аўтобусны рух

Так выглядалі аркі на Крымскім мосьце перад пачаткам сэрыі ўкраінскіх удараў у лістападзе 2026 году. Архіўнае фота
Так выглядалі аркі на Крымскім мосьце перад пачаткам сэрыі ўкраінскіх удараў у лістападзе 2026 году. Архіўнае фота

Гэта трэцяя ўкраінская атака на мост за апошнія тры дні. 19 лістапада расейскія ўлады плянавалі аднавіць аўтобусны рух паміж Крымам, Расеяй і Беларусьсю.

Кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што «ў выніку чарговай атакі на Крымскі мост рух часова спынілі».

Паводле яго, усе адказныя службы знаходзяцца на месцах і ацэньваюць маштабы ўрону. Аб пацярпелых ён нічога не сказаў.

У Міністэрстве транспарту Расеі паведамілі аб спыненьні чыгуначнага руху. Напярэдадні заяўлялі, што 19 лістапада адновяць пасажырскія аўтобусныя перавозкі з Крыму ў Расею і Беларусь і назад па маршрутах Севастопаль—Краснадар, Еўпаторыя—Масква і Ялта—Менск.

Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, уначы ўкраінскія сілы атакавалі мост ракетамі. Telegram-канал Exilenova+ апублікаваў запіс, на якім можна пачуць сэрыю моцных выбухаў.

Падпісьнікі праўкраінскага Telegram-каналу «Крымскі вецер» паведамілі, што пакуль немагчыма пабачыць вынікі новага ўдару, пажару ў кірунку мосту таксама не было. Перад гэтым іншыя відавочцы адзначалі, што адбылося сама меней два ўлучэньні.

Што папярэднічала

Украінскія вайскоўцы аднавілі ўдары па Крымскім мосьце 16 лістапада. На наступны дзень, 17 лістапада, у выніку атакі ў мора абрынулася адна арка і аўтамабільны пралёт даўжынёй амаль 300 мэтраў.

Як паведамілі пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны, гэтая апэрацыя складалася з 7 этапаў і рыхтавалася прыблізна месяц — спачатку «выбівалі» расейскую супрацьпаветраную абарону, а потым пачалі атакі проста на мост.

Для зьнішчэньня мосту выкарыстоўвалі ракеты-дроны «Паляниця», а таксама іншыя бесьпілётнікі, у тым ліку Dovbush, «⁠Вендета», Da Vinci, «Січень», Mich-2000, Ruta, «Ан-197», FP-1, а таксама ракеты «Фламінго» і «Нептун».

Апошняя атака стала пятым моцным ударам украінскіх сілаў па мосьце, пачынаючы з 2022 году, тры зь іх адбыліся ў ноч на 16, 17 і 18 лістапада 2026 году.

Расейскія адміністрацыі Крыму пераконваюць, што закрыцьцё Крымскага мосту не адбілася на лягістыцы дастаўкі грузаў і паліва на паўвостраў.


​
XS
SM
MD
LG