Расейскі порт Усьць-Луга на Балтыйскім моры пасьля ўкраінскага ўдару 11 лістапада 2026 году. Спадарожнікавае фота 15 лістапада
Улады Растоўскай вобласьці заявілі аб пацэльваньні ўкраінскіх сілаў адразу ў чатыры вытворчыя аб’екты.
«Усяго ў Азове адбыліся ўзгараньні на чатырох вытворчых аб’ектах. Надзвычайныя службы працуюць на месцах здарэньняў», — паведаміў губэрнатар Юрый Сьлюсар.
Паводле яго, пацярпелі тры цывільныя жыхары.
Украінскія маніторынгавыя каналы з спасылкай на мясцовых жыхароў адзначылі, што ўкраінскія дроны пацэлілі ў газаразьмеркавальную станцыю і нафтабазу ў горадзе Азоў Растоўскай вобласьці.
Расейская служба Радыё Свабода апублікавала спадарожнікавы здымак балтыйскага экспартнага вузла пасьля ўкраінскай атакі 11 лістапада. Праз гэты порт Беларусь экспартуе свае нафтапрадукты.
Як вынікае з фота, у порце Усьць-Луга згарэлі сама меней 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі, а побач зь іншымі можна пабачыць пену для тушэньня пажару.
Пасьля ўкраінскай атакі на порт 11 лістапада расейскія Telegram-каналы пісалі, што пры зьбіцьці дронаў пацярпелі крушэньне тры расейскія вайсковыя гелікоптэры. Аднак Міністэрства абароны Расеі гэтую інфармацыю не камэнтавала.
Пасьля накладаньня санкцыяў на Беларусь Усьць-Луга стала асноўным портам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў. 19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб транспартаваньні нафтапрадуктаў праз гэты порт адразу на тры гады. Беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.
Форум