Паветраныя атакі Ўкраіны на расейскую нафтавую інфраструктуру не навіна. Аднак за апошні год, паводле адкрытых зьвестак і ацэнак галіновых аналітыкаў, колькасьць удараў рэзка вырасла, а выбар цэляў стаў значна больш дакладным.
Расейскі віцэ-прэм’ер працягваў ісьці далей, але ўсё ніяк ня мог пазбавіцца ад журналістаў, якія распытвалі яго пра нарастаньне паліўнага крызісу ў краіне. Аляксандар Новак прызнаў, што здабыча нафты зьменшылася праз «пазаплянавае абслугоўваньне» нафтаперапрацоўчых заводаў, але ўхіліўся ад адказу, чаму гэтае абслугоўваньне спатрэбілася.
Гэта было 4 чэрвеня. А ўжо 9 чэрвеня Міністэрства энэргетыкі Расеі апублікавала заяву, якая расставіла ўсё па месцах.
«Кампаніі паліўна-энэргетычнага комплексу сутыкнуліся з узмацненьнем варожых паветраных атак, што прывяло да часовых ускладненьняў з пастаўкамі», — гаварылася ў заяве.
У сукупнасьці гэта стаў першы выпадак, калі расейскія ўлады прызналі, што ўзмоцненыя ўкраінскія атакі на нафтавы сэктар сёлета прывялі да скарачэньня вытворчасьці і дэфіцыту паліва. Адначасова Ўладзімір Пуцін прызнаў, што Расеі патрэбная больш эфэктыўная супрацьпаветраная абарона.
Удары па гідракрэкінгу
Прычына можа быць ня толькі ў павелічэньні колькасьці атак, але і ў больш дакладным выбары цэляў.
Старшы аналітык кампаніі Kpler Ніхіл Дубей адзначае, што ключавым фактарам сталі ня проста ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах, а пераход да атак на канкрэтныя ўстаноўкі ў іх складзе.
«На НПЗ ёсьць розныя вытворчыя вузлы. Напрыклад, дыстыляцыйная калёна, дзе награваецца сырая нафта і атрымліваюцца розныя прадукты, — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода. — Гэта базавая ўстаноўка, бо менавіта яна прымае сырую нафту. Але прадукты, якія выходзяць зь яе, яшчэ не прыдатныя для продажу. Іх нельга проста заліць у бэнзабак».
Для гэтага патрэбныя другасныя ўстаноўкі перапрацоўкі, у тым ліку ўстаноўкі Гідракрэкінг — гэта працэс глыбокай перапрацоўкі нафтавай сыравіны для атрыманьня бэнзыну, дызэльнага паліва і інш.., якія, напрыклад, выдаляюць серу і дазваляюць вырабляць дызэльнае паліва. Яны складаюцца з больш складанага абсталяваньня, замена якога займае значна больш часу.
«Гэтае абсталяваньне не захоўваецца проста на тэрыторыі заводу. Калі яно пашкоджанае, трэба замаўляць новае. Паколькі гэта спэцыялізаваныя вузлы, іх выраб і пастаўка патрабуюць часу», — кажа Дубей.
Тэрміны пастаўкі могуць складаць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, а заходнія санкцыі на камплектуючыя яшчэ больш іх павялічылі.
Паводле дадзеных Kpler, у траўні 2026 году аб’ём другасных магутнасьцяў перапрацоўкі, выведзеных з працы ў Расеі, быў прыкладна на 1,2–1,3 мільёна барэляў за дзень большы, чым год таму. Значная частка гэтага зьвязана з ударамі дронаў. На ўстаноўкі гідракрэкінгу прыпадала каля 250 тысяч барэляў за дзень супраць 50–60 тысяч годам раней.
«Калі атакі паўтараюцца менавіта па такім абсталяваньні, эканамічны эфэкт значна большы, чым пры ўдарах толькі па рэзэрвуарах або першасных вытворчых вузлах», — сказала Радыё Свабода Тацяна Мітрова з Цэнтру глябальнай энэргетычнай палітыкі пры Калюмбійскім унівэрсытэце (ЗША).
«Іншымі словамі, ня ўсе ўдары аднолькавыя. Страты ад пашкоджаньня вузкіх тэхналягічных месцаў значна цяжэй кампэнсаваць, чым страты ад пашкоджаньня больш простых аб’ектаў».
Паўторныя атакі
Яшчэ адзін элемэнт новай тактыкі палягае ў тым, што Ўкраіна пачала шматразова атакаваць адны і тыя ж прадпрыемствы, што яшчэ больш зацягвае рамонт.
«Гэта адносна новая тэндэнцыя. У 2026 годзе мы бачым яе значна часьцей, чым раней», — кажа аналітык Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі і чыстага паветра (CREA) Айзэк Леві.
Раней, паводле яго, атакі выводзілі НПЗ з працы на «тры, чатыры ці пяць дзён», але цяпер гэта ўжо не заўсёды так.
Прыклад — Туапсэ, нафтавы экспартны порт і нафтаперапрацоўчы комплекс на Чорным моры. У красавіку ён быў атакаваны тройчы, а ў траўні яшчэ двойчы.
Рэпартажы Радыё Свабода паказвалі вялізныя слупы чорнага дыму над горадам і густыя нафтапрадукты, якія траплялі ў мора. Яшчэ раней, напярэдадні Новага 2025 году, удар быў нанесены па галоўнай дыстыляцыйнай устаноўцы комплексу, а ў лістападзе 2025 году пацярпеў нафтавы тэрмінал.
Паводле дадзеных CREA, аб’ёмы пагрузкі нафты ў Туапсэ ў траўні былі на 91% меншыя, чым год таму.
Туапсэ таксама паказвае, што Ўкраіна працягвае атакаваць расейскую экспартную інфраструктуру. Аднак у гэтай сфэры вынікі выглядаюць менш значнымі, бо рамонт адбываецца хутчэй.
Прыклад — Усьць-Луга на Балтыйскім моры. Порт пацярпеў падчас масаванай хвалі ўдараў напрыканцы сакавіка, якая, паводле ацэнак, вывела з ладу каля 40% расейскіх экспартных магутнасьцяў для нафты.
Аднак эфэкт аказаўся кароткатэрміновым. Паводле CREA, у траўні аб’ёмы пагрузкі сырой нафты ва Ўсьць-Лузе, чацьвёртым паводле велічыні экспартным порце Расеі, вырасьлі на 49% у параўнаньні з красавіком. Порт аднавіў працу і ліквідаваў чаргу танкераў, якая ўтварылася ў Фінскай затоцы.
«Усьць-Луга вельмі хутка аднавілася, — адзначыў Леві. — Порты ў цэлым аказаліся больш устойлівымі».
Крызіс ці пераломны момант?
Паветраная кампанія Ўкраіны супраць расейскай нафтавай інфраструктуры пачалася не ўчора. Яшчэ ў 2025 годзе паведамлялася пра дэфіцыт паліва ў выніку ўкраінскіх атак.
Аднак маштаб апэрацыі ў 2026 годзе істотна павялічыўся.
Брытанскі часопіс The Economist са спасылкай на дадзеныя праекту ACLED паведаміў, што з 2022 году да канца 2024 году было зафіксавана 335 удараў па цэлях, якія знаходзіліся ня менш як за 100 кілямэтраў ад украінскай мяжы.
«У 2025 годзе Ўкраіна нанесла ўжо 658 такіх удараў — амаль удвая больш за адзін год, чым за тры папярэднія разам. Калі цяперашнія тэмпы захаваюцца, у 2026 годзе колькасьць далёкіх удараў перавысіць 800», — адзначае выданьне.
Міністэрства абароны Расеі заяўляе пра ўсё большыя лічбы перахопленых дронаў, а агенцтва Bloomberg паведаміла пра рэкордную колькасьць атак на нафтавыя аб’екты ў траўні пасьля папярэдняга рэкорду ў красавіку.
Чэргі аўтамабіляў на запраўках у акупаваным Крыме таксама сьведчаць пра наступствы гэтай кампаніі.
Расейскае выданьне «7×7» паведаміла пра абмежаваньні на продаж паліва ў 14 рэгіёнах Расеі — ад Масквы да Камчаткі. У некаторых рэгіёнах, а таксама ў акупаваным Крыме, назіраўся ажыятажны попыт.
1 красавіка Масква забараніла экспарт бэнзіну, а з 1 чэрвеня дзейнічае аналягічная забарона на экспарт авіяцыйнага паліва.
Украінская кампанія дронавых удараў дэманструе вынікі, але Тацяна Мітрова заклікае не сьпяшацца з высновамі.
«Я б асьцярожна ставілася да выкарыстаньня дэфіцыту паліва ці ўвядзеньня абмежаваньняў на яго як доказу таго, што пераломны момант ужо настаў», — сказала яна, нагадаўшы, што Расея сутыкалася з дэфіцытам паліва і раней, нават у мірны час.
«У 2026 годзе ўкраінскія ўдары сталі больш значнымі не таму, што яны ўжо зламалі расейскую нафтавую сыстэму, а таму, што ўсё мацней вычэрпваюць яе здольнасьць адаптавацца да стрэсу», — дадала яна.
Форум