Наступствы ўдару ўкраінскіх сілаў па Крымскім мосьце ў ноч на 17 лістапада 2026 году
На Крымскім мосьце спынілі рух транспарту. Відавочцы сьцьвярджаюць, што адбылося некалькі моцных выбухаў.
Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Кіеве і іншых украінскіх гарадах. Пашкоджаныя інфраструктурныя аб’екты і лягістыка. Ёсьць ахвяры і параненыя.
Расейская адміністрацыя заклікала ўстрымацца ад паездак праз Крымскі мост
Кіраўнік расейскай адміністрацыі акупаванага Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў аб новай атацы ўкраінскіх войскаў на Крымскі мост.
Параўнальныя фота мосту да і пасьля атакі 17 лістапада 2026 году
«Рух транспарту прыпынілі. Просім жыхароў і гасьцей Крыму ўстрымацца ад паездак у кірунку мосту і зважаць на абмежаваньні пры плянаваньні маршрутаў», — адзначыў Аксёнаў у сваім Telegram-канале.
Ніякіх дэталяў маштабу наступстваў ён не паведаміў. Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, арка аўтамабільнай часткі маста апынулася ў вадзе, чыгуначная часткі нібыта не пацярпела.
Апроч таго, ад украінскіх дронаў пацярпеў нафтавы аб’ект у Башкартастане, дзе атакавалі «Газпром нефтехим Салават» і там зафіксавана некалькі асяродкаў узгараньня, а таксама электрападстанцыя ў Курску.
У СБУ пацьвердзілі абрушэньне часткі Крымскага мосту ў мора
Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб «пасьпяховай шматэтапнай спэцыяльнай апэрацыі» па пашкоджаньні Крымскага мосту.
«У выніку ўдараў адну з мэталічных арак і аўтамабільны пралёт пад ёй цалкам зьнішчаны. Таксама папярэдне пашкодзілі чыгуначную частку мосту», — адзначылі ў СБУ.
Апэрацыя складалася з 7 этапаў і рыхтавалася прыблізна месяц — спачатку «выбівалі» расейскую супрацьпаветраную абарону, а потым пачалі атакі проста на мост.
У СБУ паведамілі, што для зьнішчэньня мосту выкарыстоўвалі ракеты-дроны «Паляниця», а таксама іншыя бесьпілётнікі, у тым ліку Dovbush, «Вендета», Da Vinci, «Січень», Mich-2000, Ruta, «Ан-197», FP-1, а таксама ракеты «Фламінго» і «Нептун». Гэта чацьвёрты моцны ўдар украінскіх сілаў па мосьце, пачынаючы з 2022 году.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў вайскоўцам за ажыцьцяўленьне апэрацыі.
«Мы ня раз прапаноўвалі Расеі дээскаляцыйныя крокі і на ўсе прапановы чулі толькі гучныя адмовы. Расея штодня наносіць удары па нашай інфраструктуры, у тым ліку і па мастах, у Запарожжы, Дніпры, Кіеве, у Адэскай вобласьці. Мы аднаўляем нашу інфраструктуру. Але і нагадваем Расеі, што вайна заўсёды будзе вяртацца туды, дзе яна пачалася. Украінскі патэнцыял абароны ёсьць і будзе высокім, і мы ніколі не пакінем без адказу тэрор супраць нашых гарадоў і людзей», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
У Расеі адрэагавалі на ўкраінскую атаку толькі ў другой палавіне дня
На афіцыйным рэсурсе Крамля толькі ў другой палавіне дня паведамілі, што інфармавалі Ўладзіміра Пуціна аб «сытуацыі вакол Крымскага маста».
«Пасьля пасяджэньня ўрадавай камісіі па ліквідацыі наступстваў атакі на Крымскі мост намесьнік старшыні ўраду Марат Хуснульлін далажыў Уладзіміру Пуціну аб справах вакол Крымскага маста. Будзе падрыхтаваны канкрэтны плян, вызначаныя чарговасьць і часовыя межы па аднаўленьні», — адзначылі ў афіцыйным паведамленьні.
У Кіеве пацярпелі два масты, у Запарожжы — інфраструктура
Улады Кіева паведамілі аб ракетнай атацы па горадзе. Папярэдне зафіксавалі ўлучэньне ў Паўночны і Паўднёвы масты, што зьвязваюць берагі Дняпра. Апроч таго, расейскія войскі пацэлілі ў інфраструктуру — некалькі раёнаў зноў апынуліся безь цяпла і вады. Два чалавекі загінулі.
У Запароскай вобласьці 5 чалавек загінулі і 18 атрымалі раненьні. Расейскія войскі прыцэльна атакавалі крытычную інфраструктуру абласнога цэнтру. Паводле мясцовых уладаў, адбылося сама меней 6 выбухаў.
Форум