Ініцыятыва Maldzis набыла карціну знакамітага мастака, які паходзіў з Гомля. Яе можна будзе пабачыць у Варшаве

Кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч і мэнэджэрка Тацяна Капітонава з карцінай Міхаіла Кікоіна, набытай на аўкцыёне ў Ізраілі. 27 кастрычніка 2026 года, Варшава, Польшча

Ініцыятыва Maldzis набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну знакамітага прадстаўніка Парыскай школы мастацтва — Міхаіла Кікоіна, які паходзіў з Гомля.

Набытая карціна выкананая ў тэхніцы алейнага жывапісу на дошцы. Яна мае авальную форму і падпісаная аўтарам.

Карціна называецца «Партрэт жанчыны», датуецца 1918–1920 гадамі. Гэта раньні парыскі пэрыяд творчасьці мастака, калі ён яшчэ жыў у інтэрнаце бедных мастакоў «La Ruche» («Вулей») і толькі пачынаў набываць прызнаньне.

«Вяртаньне імёнаў мастакоў Парыскай школы — гэта ня толькі праца зь мінулым і з нашай гістарычнай памяцьцю, калі мы аднаўляем забытыя ці невядомыя старонкі і постаці. Лёс і творчасьць Кікоіна даюць нам новы доказ таго, што Беларусь была часткай эўрапейскай культуры і зрабіла значны ўнёсак у яе разьвіцьцё», — сказаў кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч.

Твор Кікоіна набылі на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мэцэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.

7 лістапада карціну можна будзе пабачыць на канфэрэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen у Варшаве.

У будучыні карціну плянуюць перадаць у Музэй гісторыі Гомля ў якасьці грамадзкага падарунка. У гомельскіх музэях няма жывапісных твораў Кікоіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры гістарычныя фатаграфіі радзімы Касьцюшкі набыла ініцыятыва Maldzis

Што вядома пра ініцыятыву Maldzis

Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну.

Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобраза Беларусі як эўрапейскай краіны.

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса (1932–2022), які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі і ініцыятыва Maldzis працягвае гэтую справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ініцыятыва Maldzis набыла слоўнік НасовічаІніцыятыва Maldzis набыла гравюру з выявай Берасьця да будаўніцтва Берасьцейскай крэпасьціУ Беларусь вернецца карціна мастака парыскай школы Якава БалглеяІніцыятыва Maldzis набыла малюнак беларускага мастака Парыскай школы Восіпа ЛюбічаБеларусы купілі і адлічбавалі ўнікальны архіў касьцёлу на Горадзеншчыне