Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы купілі і адлічбавалі ўнікальны архіў касьцёлу на Горадзеншчыне

Дакумэнты архіву зь Вялікіх Эйсмантаў
Дакумэнты архіву зь Вялікіх Эйсмантаў

Ініцыятыва Maldzis пасьля таго, як у сакавіку паведаміла пра набыцьцё ўнікальнага капіярыю, цяпер расказала пра яго алічбаваньне.

Капіярый набылі сёлета на аўкцыёне ў Польшчы. Старадаўні капіярый — рукапісны зборнік службовых дакумэнтаў і ліставаньня з касьцёлу ў Вялікіх Эйсмантах на Горадзеншчыне.

Працы ў сканаваньні выконвалі ў польскай Лодзі прадстаўнікі спэцыялізаванай кампаніі — Пятро Скандальскі і Мацей Невядомскі. Гэта адбылося дзякуючы падтрымцы рэгулярных ахвярадаўцаў ініцыятывы Maldzis.

Грамадзеі паведамілі, што кожная старонка старадаўняга зборніка вымагала далікатнага падыходу. У выніку атрымаўся PDF-файл памерам 1,7 ГБ — такі аб’ём зьвязаны з тым, што файл захаваны ў вельмі высокай якасьці. Дзякуючы гэтаму ён добра надаецца для падрабязнага вывучэньня.

«Алічбаваныя архівы перастаюць быць недасяжнай рэдкасьцю, схаванай у адзінкавым экзэмпляры. Яны становяцца агульным здабыткам — гісторыкі, краязнаўцы, дасьледнікі і проста цікаўныя людзі зь любога кутка сьвету могуць працаваць зь імі ў любы час. А значыць, імёны мясцовых жыхароў, сямейныя гісторыі, штодзённыя падзеі ваколіц Горадні XIX стагодзьдзя выходзяць зь нябыту і вяртаюцца ў жывую памяць», — гэтак працэс пракамэнтаваў кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч.

Стваральнікі праекту запрашаюць пагартаць алічбаваную кнігу.

«Калі вы заўважыце імя, якое мае важнае гістарычнае ці культурнае значэньне, цікавы факт, незвычайную нататку ці нешта, што заслугоўвае ўвагі, — напішыце нам. Кожная знаходка дапаможа лепш зразумець наша мінулае», — адзначылі ў ініцыятыве Maldzis.

У хуткім часе архіў чакае яшчэ адзін важны этап — рэстаўрацыя, пра якую паведамяць асобна.

Як знайшлі дакумэнты?

Капіярый набылі на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі мэцэната ініцыятывы Maldzis Ільлі Пакроўскага.

У будучыні кніга ў якасьці грамадзкага падарунку вернецца на сваё месца — у парафію імя Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах, запэўніваюць у ініцыятыве.

На вокладцы рукапісу напісана: «Zurnały plebanii Eysymonttowego ад 1833 да 1847» («Журналы плябаніі Эйсмантавай з 1833 года да 1847»).

У зборніку захаваліся распараджэньні сьвецкіх і касьцёльных уладаў, зьвесткі пра жыцьцё парафіі і мясцовай супольнасьці, трапляюцца прозьвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра мэтрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касьцёла і шмат іншага.

Большасьць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784–1850), якія вяліся цягам 14 гадоў.

Стартавая цана архіўнай кнігі на польскім інтэрнэт-аўкцыёне OneBid складала 704 эўра, а прадалі лот за 1562 эўра.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG