29 красавіка ініцыятыва MALDZIS і фонд Марыі Магдалены Радзівіл прывезьлі ў швайцарскі горад Золятурн падмурак зь беларускага валуна і новыя мэмарыяльныя табліцы для помніка Тадэвушу Касьцюшку, пастаўленага там у 2017 годзе. Праект зрэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мэцэнаткі, якая пажадала не называць сваё імя публічна.
Надпіс «выдатнаму сыну Беларусі» давялося прыбраць
Помнік Тадэвушу Касьцюшку зьявіўся ў 2017 годзе ў швайцарскім горадзе Золятурне, дзе нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША і Францыі пражыў свае апошнія гады і дзе памёр. Невялікую статую паставілі 15 кастрычніка 2017 году, калі адзначалася 200-я гадавіна сьмерці Касьцюшкі.
Ідэя паставіць помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі ўзьнікла ў кіраўніка беларускай дыяспары Алеся Сапегі ў 2010 годзе. Да справы тады далучыўся часовы павераны Беларусі ў гэтай краіне Андрэй Кулажанка. Давесьці праект да канца дыплямат не пасьпеў — скончылася ягоная кадэнцыя. Аднак бронзавая скульптура Тадэвуша Касьцюшкі вышынёй 1,81 мэтра ўжо была адлітая ва Ўкраіне.
Тагачасны кіраўнік амбасады Беларусі ў Швайцарыі, сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Павал Мацукевіч расказаў, што ўвосень 2017 году ўзьніклі складанасьці з палякамі з прычыны інфармацыйнай табліцы на гатовым помніку, і дату адкрыцьця давялося перанесьці.
«На табліцы спачатку было напісана: „Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў“, а сама шыльда была на беларускай і нямецкай мовах. Палякі наагул не пагаджаліся, каб там быў надпіс па-беларуску. Гэта стварала б цалкам іншую гісторыю пра Касьцюшку ў Швайцарыі і, у прыватнасьці, ў Золятурне, дзе ўсе ведаюць пра яго як пра польскага героя — там вельмі буйная польская дыяспара. Дагэтуль на інфармацыйным стэндзе ў Золятурне пазначана, што радзіма Касьцюшкі Марачоўшчына — гэта таксама Польшча. І помнік з табліцай на беларускай мове ствараў бы дысананс», — узгадвае ў размове з Свабодай Павал Мацукевіч.
Ён вельмі ўдзячны мэру Золятурну, які сустрэўся зь беларускім дыпляматам і пагадзіўся на кампрамісны варыянт надпісу на табліцы. У выніку словы «выдатнага сына Беларусі» прыбралі. Бо інакш мэрыя Золятурну рызыкавала б сапсаваць стасункі з палякамі. Урэшце было напісана па-нямецку і па-беларуску так:
«Tadeusz Kosciuszko 04.02.1746 — 15.10.1817
von der Belarussischen Vereinigung in der Schweiz 2017
Тадэвуш Касьцюшка 04.02.1746 — 15.10.1817
ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі 2017».
У нямецкім варыянце прыметнік «беларуская» напісалі як «Belarussische», а не «Weissrussische».
Аднак імя генэрала напісалі ў польскай трансьлітарацыі. Менавіта такое напісаньне імя Касьцюшкі ёсьць у Золятурне на шыльдах, плякатах і ў мясцовым музэі, кажа Павал Мацукевіч.
Камень зь Беларусі
Помнік хоць і з спазьненьнем, але ўрачыста адкрылі 21 кастрычніка 2017 году. Цяпер надышоў час яго аднавіць.
«Ідэя з валуном паўстала таму, што сам помнік фактычна ўсталяваны на зямлі. Калі паглядзець фота, ён быў забруджаны. Літары на табліцы сьцерліся. У Алеся Сапегі зьявілася ідэя — падняць гэты помнік вышэй, зрабіўшы падмурак з валуна. У Польшчы і Швайцарыі шмат камянёў, але паўстала ідэя прывезьці валун менавіта з палёў Беларусі. І вось два гады таму мы дыстанцыйна знайшлі прыдатны камень, выкупілі яго. Беларускі скульптар даволі хутка яго апрацаваў, зрабіў з валуна падмурак, новыя табліцы», — апавядае Павал Мацукевіч.
Але ўзьнікла праблема зь перавозкай валуна церазь беларуска-польскую мяжу. На той час працаваў толькі адзін грузавы памежны пункт, і той закрывалі. Былі цяжкасьці і з пошукамі лягістычнай кампаніі, якая пагадзілася б перавезьці валун.
«А камень важыць 900 кіляграмаў — амаль тону. Плюс мы хацелі прывезьці палету зь беларускай брукаванкай для аздабленьня падмурку. Пытаньне зь перавозкай зацягнулася на два гады. Нарэшце ў лютым 2026 году мы перавезьлі валун ў Польшчу. І тут ужо зусім іншая гісторыя стасункаў з суседняй дзяржавай: кампанія зь Белай Падляскай DTA Customs Service прапанавала нам захоўваць валун на мытным складзе бясплатна. І за перавозку валуна да Золятурну з нас нічога не ўзялі. Дырэктар фірмы Яраслаў Мысткоўскі і мэнэджар Мар’юш Нічыпарук — людзі шчырыя, адкрытыя, і гэта вялікі кантраст з тым, што адбываецца паміж дзяржавамі», — расказвае Павал Мацукевіч.
29 красавіка Алесь Сапега і Павал Мацукевіч перадалі валун камунальнай службе гораду Золятурну, якая будзе займацца аднаўленьнем помніка, мантажом падмурку.
Чым напалохалі патэнцыйнага перавозьніка
Прыгоды зь перавозкай валуна ў размове са Свабодай згадвае і кіраўнік фонду Марыі Магдалены Радзівіл, мэцэнат Алесь Сапега. І ў беларускіх, і ў польскіх мытнікаў былі пытаньні.
«Перавозілі камень без усялякіх таблічак, каб ня выклікаць пытаньняў ні ў беларускага, ні ў польскага боку. Памежнікі пыталіся, дзе табліцы, калі гэта помнік, прасьвечвалі камень рэнгенам. Але дзьве табліцы ехалі іншым транспартам, іх везьлі іншыя людзі. Была і тыльная шыльдачка з словамі падзякі спонсарам, а некаторыя зь іх у Беларусі ў вышуку. Адзін зь перавозьнікаў, які пагадзіўся даставіць падмурак-валун зь Беларусі ў Польшчу за пэўную суму, у апошні момант адмовіўся. Яму нібыта сказалі, што гэты камень пойдзе на помнік „героям-каліноўцам“. Гэта яго напалохала», — апавядае мэцэнат Алесь Сапега.
Кіраўнік беларускай дыяспары ў Швайцарыі спадар Сапега шчыра дзякуе двум мэрам гораду Золятурну — і былому, і цяперашняму. А таксама амбасадарцы Швайцарыі ў Беларусі Крыстыне Гонэгер-Залатухінай і польскай кампаніі DTA Customs Service зь Белай Падляскай, якая бясплатна захоўвала валун на сваім складзе і даставіла яго з Польшчы ў Швайцарыю.
«У 2017 годзе ў нас былі канфлікты з палякамі — чыноўнікамі, дыпляматамі. Але ёсьць палякі, якія лічаць, што Касьцюшка — наша агульная каштоўнасьць. І гэтым разам нам дапамаглі сябры-аднадумцы з Польшчы. Адкрыцьцё адноўленага помніка плянуецца сёлета ўвосень. У верасьні спаўняецца 70 гадоў кватэры-музэю Касьцюшкі ў Золятурне», — кажа Алесь Сапега.
Калі быў пастаўлены помнік Касьцюшку ў Золятурне, на мапе Швайцарыі зьявіўся беларускі пункт. Цяпер зьявіцца валун — і гэта будзе ўжо фізычная сувязь: камень зь Беларусі, брукаванка зь Беларусі, мяркуе сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Павал Мацукевіч.
«Гэтую беларускасьць ужо ня сьцерці. Ну ня тое, каб мы забіралі гэтага героя сабе. Мы проста кажам, што беларусы таксама маюць права на яго. Гэта наша агульная спадчына, наш агульны падмурак для супрацы, для доўгатэрміновых стасункаў. Для палякаў з Падляшша імя Тадэвуша Касьцюшкі было своеасаблівым паролем, каб прапанаваць нам, беларусам, дапамогу: „Чым я магу быць карысны?“ Прычым гэта былі людзі, якія даведваліся ад нас, што мы прывезьлі камень і што ёсьць складанасьці. Яны шукалі магчымасьці дапамагчы. Гэта вельмі натхняе. Мы адчувалі, наколькі постаць Тадэвуша Касьцюшкі, хоць ён і жыў даўно, па сёньня яднае нас. Шкада, што Касьцюшку шануюць у Польшчы больш, чым у Беларусі», — разважае Павал Мацукевіч.
Форум