Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Maldzis набыла ў Польшчы ўнікальную парафіяльную кнігу, каб вярнуць у касьцёл на Горадзеншчыне

Архіўная кніга з касьцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Горадзенскай вобласьці
Архіўная кніга з касьцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Горадзенскай вобласьці

Кніга паходзіць з парафіі Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёну.

Ініцыятыва Maldzis на інтэрнэт-аўкцыёне OneBid, які праходзіць у Польшчы, набыла рукапісную архіўную кнігу першай паловы XIX стагодзьдзя беларускага паходжаньня. Унікальная кніга паходзіць з парафіі Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёну Горадзенскай вобласьці. Лот быў набыты 7 сакавіка, на наступны дзень пасьля пачатку інтэрнэт-аўкцыёну.

«Гэта вельмі каштоўная крыніца інфармацыі пра тагачаснае канфэсійнае і сьвецкае жыцьцё рэгіёна» — паведамляе Maldzis.

На вокладцы рукапісу напісана: «Zurnały plebanii Eysymonttowego ад 1833 да 1847» («Журналы плябаніі Эйсмантавай з 1833 года да 1847»). Гэта так званы капіярый — рукапісны зборнік службовых дакумэнтаў і перапіскі з касьцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Горадзенскай вобласьці.

Архіўная кніга з касьцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Горадзенскай вобласьці
Архіўная кніга з касьцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Горадзенскай вобласьці

У зборніку захаваліся распараджэньні сьвецкіх і касьцёльных уладаў, зьвесткі пра жыцьцё парафіі і мясцовай супольнасьці, трапляюцца прозьвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра мэтрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касьцёла і шмат іншага.

Большасьць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784–1850), якія вяліся цягам 14 гадоў.

«Амаль штодзень недзе ў сьвеце прадаюцца калекцыйныя рэчы, зьвязаныя з Беларусьсю. Але сустрэць у продажы каштоўнасьць, вывезеную з беларускай тэрыторыі, зьвязаную з ёй зьместам і праз паходжаньне, калі да таго ж месца ўзьнікненьня дакладна вядомае, — гэта сапраўдная рэдкасьць», — сказаў з нагоды набыцьця рэдкай кнігі кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч.

Паводле Мацукевіча кніга была набытая на сродкі мэцэната ініцыятывы Ільлі Пакроўскага, у будучыні ў якасьці грамадзкага падарунку яна вернецца на сваё месца — у парафію ў Вялікіх Эйсмантах.

Парафія Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Яна Непамуцкага ў Вялікіх Эйсмантах сёньня адносіцца да Горадзенскай каталіцкай эпархіі. Першы драўляны касьцёл тут пабудавалі ў 1659 годзе, у 1843–1850 гадах узьвялі новы мураваны храм, асьвечаны ў 1851 годзе.

Паводле інтэрнэт-выданьня Most стартавая цана архіўнай кнігі на польскім інтэрнэт-аўкцыёне OneBid складала 704 эўра, а прадалі лот за 1562 эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG