Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Maldzis выкупіла 30 літаграфіяў мастака Напалеона Орды

Рыгор Астапеня і Павал Мацукевіч зь літаграфіямі Напалеона Орды
Рыгор Астапеня і Павал Мацукевіч зь літаграфіямі Напалеона Орды

19 зь іх прысьвечаныя краявідам і архітэктурным помнікам у межах сучаснай Беларусі, іншыя — зьвязаныя з тэрыторыямі сучасных Літвы, Украіны і Польшчы.

«Літаграфіі Орды захоўваюць наглядныя сьведчаньні нашай бліскучай і адначасова шматпакутнай гісторыі. Дзякуючы ім маем уяўленьне, як у другой палове XIX стагодзьдзя выглядалі палацы і сядзібы, большасьці якіх у наступным стагодзьдзі было наканавана зьнікнуць», — сказаў кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч.

У набытай калекцыі — выявы замкаў, палацаў, касьцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятні, Жамыслаў, Нясьвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асьвея, Каменец, Скокі, Высокае.

Гэтыя літаграфіі ў Варшаве стварыў Алёйзы Місяровіч у майстэрні Максымільяна Фаянса ў 1870-я гады паводле малюнкаў Напалеона Орды і зь ягонымі арыгінальнымі подпісамі. Літаграфіі былі надрукаваныя ў альбоме гістарычных відаў Рэчы Паспалітай («Album Widoków Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę»). Выданьне альбому фінансаваў сам Напалеон Орда.

Усяго з 1873 да 1883 году выйшла з друку 8 сэрыяў гэтага альбому з 260 літаграфіямі агульным накладам звыш 1000 асобнікаў. Каля паловы арыгінальных малюнкаў, зь якіх былі вырабленыя гэтыя 260 літаграфіяў, лічацца страчанымі.

Літаграфіі Напалеона Орды набылі на польскім аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сьліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і мэцэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.

У ініцыятыве паведамілі, што ў будучыні калекцыю перададуць як грамадзкі падарунак у музэй Напалеона Орды ў адноўленай радзіннай сядзібе мастака ў Варацэвічах Іванаўскага (Янаўскага) раёну. Да вяртаньня ў Беларусь літаграфіі будуць выстаўляцца падчас адмысловых імпрэзаў за мяжой.

Беларускую частку калекцыі (19 літаграфіяў) можна будзе пабачыць на выставе Maldzis «Беларусь Напалеона Орды», якая пройдзе ў Варшаве ў Музэі Вольнай Беларусі з 28 лютага да 8 сакавіка.

Беларускі мастак, пісьменьнік, кампазытар і пэдагог Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў Варацэвічах Пінскага павету. Орда таксама вядомы як паўстанец. Быў адлічаны зь Віленскага ўнівэрсытэту за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве, 15 месяцаў правёў у турме. У часе паўстаньня 1830–1831 гадоў камандаваў партызанскім аддзелам, атрымаў ордэн Залатога Крыжа і годнасьць капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля разгрому паўстаньня Напалеон Орда правёў 24 гады ў Францыі, быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы, але вярнуўся ў родныя Варацэвічы ў 1856-м. Памёр у 1883 годзе. Пахаваны ў фамільным склепе ў Янаве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG