8 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава аднаго твору — сусьветна вядомай карціны Марка Шагала «Прагулка», напісанай у Віцебску ў 1917 годзе. Гэта ня першы «візыт» шагалаўскіх твораў на радзіму аўтара. Працы Шагала з калекцыі яго сям'і паказвалі ў 1997 годзе ў Менску на выставе «Марк Шагал. Творы міжземнаморскага пэрыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949–1985».
У 2000 годзе была выстава «Марк Шагал. Прысьвячэньне Парыжу», у 2002-м — «Марк Шагал. Краявіды», у 2004-м — «Марк Шагал і сцэна». Гэтыя выставы арганізоўвалі ўнучкі Шагала Бэла і Мэрэт Мэер. Пазьней ў Нацыянальным мастацкім музэі праходзілі выставы «Марк Шагал і мастакі эўрапейскага авангарду» (2010), «Марк Шагал: жыцьцё і каханьне» з калекцыі Музэю Ізраілю (Ерусалім), «Марк Шагал: Колер каханьня» з музэйных і прыватных калекцыяў Беларусі.
Цяперашняя выстава працягнецца тры месяцы, «Прагулка» вернецца ў Расею ў ліпені.
«Яго вочы былі такія блакітныя»
Марк Шагал напісаў «Прагулку» ў 1917 годзе — пасьля вяртаньня зь Пецярбургу ў Віцебск ён працаваў у родным горадзе камісарам па мастацтве і адкрыў у Віцебску мастацкую школу.
Галоўная тэма «Прагулкі» — каханьне, якое ўзьнімае над зямлёй, палёт, свабода. Зямля — рэальнасьць, неба — эмоцыі. На карціне сам мастак стаіць на зямлі, а ягоная маладая жонка Бэла ляціць у небе, трымаючы мужа за руку.
Пазнаёміліся Марк і Бэла ў 1909 годзе ў Віцебску. Яму 22, ёй 19. Ён — бедны мастак, яна — з багатай сям’і. Гэта было каханьне зь першага погляду. Пабраліся маладыя ў 1915-м, падчас Першай усясьветнай вайны. Гэта быў пэрыяд максымальнага шчасьця, які пазьней стане асновай для многіх іншых Шагалавых палотнаў.
Бэла стала музай мастака, інтэлектуальнай партнэркай. Яна прысутнічае амаль на ўсіх ягоных галоўных карцінах. І Марк таксама быў для яе ўсім. Бэла пазьней напіша: «Яго вочы былі такія блакітныя, быццам неба ўвайшло ў іх».
Калі Бэла ў 1944 годзе памерла ад віруснай інфэкцыі, Марк Шагал ня мог маляваць амаль год, быў у глыбокай дэпрэсіі.
Больш за стагодзьдзе мастацтвазнаўцы расшыфроўваюць «Прагулку». Зялёныя хаткі — пэйзаж вёскі Завольша каля Лёзна, дзе правялі свой шчасьлівы мядовы месяц Марк і Бэла. Ружовая царква — Пакроўская, гэта від з акна бацькоўскай хаты ў Віцебску. Дамы крыху «няправільныя», пэрспэктыва скажоная. Бутэлька і ежа на стале — сымбаль хатняга жыцьця, сьвята, сямейнага шчасьця. Чыстае неба — сымбаль бясконцасьці.
Мастацтвазнаўцы дагэтуль разважаюць, чаму Марк Шагал не выявіў сябе таксама «лятучым». Найбольш пашыраная вэрсія — мастак трымае Бэлу, бо ён — апора, ён стаіць упэўнена, але крыху «прыземлены». Ён той, хто бачыць цуд, але застаецца ў рэальнасьці.
«Прагулка» ў Віцебску
З 1920 году карціна знаходзіцца ў пастаяннай экспазыцыі Дзяржаўнага Рускага музэю ў Пецярбурзе. За больш чым сто гадоў «Прагулка» пабывала на выставах у Празе, Маскве, Лёндане, Мадрыдзе, Рыме, Мілане, Більбао, Пэкіне, Сэуле. І нарэшце дабралася да Беларусі.
Мастацтвазнаўца, які пракамэнтаваў выставу Свабодзе на ўмовах ананімнасьці, уважае, што было б правільна прывезьці «Прагулку» ў родны горад мастака — Віцебск.
«Прагулку» спачатку павезьлі ў Кітай, а пасьля ўжо ў Менск. Каб паказаць карціну на радзіме Шагала, спатрэбілася амаль 40 гадоў незалежнасьці. Нарэшце яна прыехала ў Менск. Было б, вядома, сымбалічна, каб яе прывезьлі ў Віцебск. Гэта быў бы таксама этычны, маральны момант. «Прагулку» Шагал у Віцебску пісаў як частку трыптыху. Я б назваў гэты трыптых так: «Прагулка» (або «Прамэнад»); «Двайны партрэт з келіхам віна», які знаходзіцца ў Парыжы, у цэнтры Пампіду; «Над горадам» (у Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве)», — апавядае мастацтвазнаўца.
Зь Пецярбургу ў Менск палатно даставілі 4 красавіка. Фармат «Прагулкі» 170 на 164 сантымэтры. Страхавы кошт карціны — камэрцыйная таямніца. Як і сама яе цана: адмыслоўцы называюць лічбу 15-16 мільёнаў даляраў. І гэта для Шагала не рэкорд. Найдаражэйшае яго палатно — «Сон цара Давіда» — ацэньваюць ў 26,5 млн даляраў, яно знаходзіцца ў Японіі.
Мастацтвазнаўца кажа, што выстава адной карціны Марка Шагала ў Менску — натуральна, не за кошт Нацыянальнага мастацкага музэю. Асноўным яе спонсарам стаў расейскі банк «Сбер». У залі, дзе выстаўлена карціна, побач зь дзяржаўным чырвона-зялёным паставілі вялікі расейскі сьцяг.
«Міністэрству культуры Беларусі не па кішэні такая страхоўка. І гэта не дабрачыннасьць з боку Расеі — ня трэба надаваць гіпэр- і супэрперабольшваньняў гэтай падзеі. Гэта канкрэтныя рэклямныя мэты спонсараў і арганізатараў — карціна прывезена ў Менск у рамках расейска-беларускага сяброўства. Рэкляма, спонсары — чысты бізнэс. І ў цэлым нашаму Нацыянальнаму музэю няма з чаго выбіраць. Раней выставы Шагала ў Беларусь прывозілі ягоныя ўнучкі. Тое было лягічна: нашчадкі прадстаўлялі творы свайго геніяльнага дзеда. У гэтым выпадку кантэкст крыху іншы: умацаваньне расейска-беларускага партнэрства. Гэта разавая акцыя, якая відавочна носіць палітычны характар», — перакананы мастацтвазнаўца.
Гэта ня першая выстава адной карціны ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. І гэта мала што зьмяняе ў культурнай прасторы, працягвае ён.
«Прыходзяць пару дзясяткаў чалавек, якія ведаюць, што гэта высокае мастацтва і чаму яго трэба цаніць. А некалькі соцень прыйдуць, каб зрабіць сэлфі і выставіць сябе на фоне твору Шагала ў інстаграме. Але гэта ім не дадае разуменьня, кім быў Шагал, не дадае кантэксту, дзе ён нарадзіўся і вырас. Цікава, колькі разоў у школе ўзгадваюць Шагала і на якіх прадметах — пасьля скасаваньня „Ўсясьветнай мастацкай культуры“? У Менску маглі б хоць вуліцу імем Шагала назваць. Вось ў Аўстрыі ёсьць усясьветна вядомы брэнд цукерак „Моцарт“», — кажа мастацтвазнаўца.
Суразмоўца ўзгадвае, што ў Беларусі ў канцы 1990-х была спроба назваць імем Марка Шагала брэнд гарэлкі. Але дзякуючы ўмяшаньню грамадзкасьці і ўнучак мастака гэтага не адбылося.
У родным для мастака Віцебску вуліца і праезд Марка Шагала ёсьць, яны побач з музэем і арт-цэнтрам. А больш за ўсё вуліц Шагала ў Францыі: у Парыжы, Ніццы, Сэн-Поль-дэ-Вансе (дзе мастак жыў у апошнія свае гады); у Ізраілі — у Тэль-Авіве і Хайфе. Ёсьць вуліцы Марка Шагала ў расейскім Калінінградзе, украінскім Дніпры.
Шагалаўскую «Прагулку» можна будзе пабачыць у Менску да 6 ліпеня.
Форум