Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь вернецца карціна мастака парыскай школы Якава Балглея

"Партрэт жанчыны", Якаў Балглей
"Партрэт жанчыны", Якаў Балглей

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карціну «Партрэт жанчыны» выхадца зь Беларусі Якава Балглея. У будучым твор мастацтва будзе перададзены на радзіму мастака — у Музэй гісторыі Берасьця.

Ініцыятыва Maldzis 13 ліпеня ў Варшаве прадставіла чарговы твор, выкуплены для перадачы ў будучыні ў беларускі музэй.

Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну. Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі, распавядае Рыгор Астапеня.

«Мы аб’ядноўваем беларусаў і беларусак. Што важнае ў нашай дзейнасьці — аб’яднаць людзей у супольнай справе. Вяртаньне нашай спадчыны — карціны, кнігі, мапы, архівы. Maldzis — гэта супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну», — гаворыць адзін са стваральнікаў ініцыятывы.

Гэтым разам на аўкцыёне ў Нямеччыне беларусы выкупілі карціну прадстаўніка парыскай школы Якава Балглея «Партрэт жанчыны».

Якаў Балглей, аўтапартрэт, 1928 год
Якаў Балглей, аўтапартрэт, 1928 год

Якаў Балглей нарадзіўся ў 1891 годзе ў Берасьці ў сям’і равіна. Вывучаў мэдыцыну ў Санкт-Пецярбургу, вучыўся ў Адэскай малявальнай школе імя Грэкава.У 1911 годзе пераехаў у Парыж, дзе навучаўся архітэктуры і філязофіі. Як і многія іншыя маладыя мастакі парыскай школы, Якаў Балглей жыў у вядомай камуне «Вулей». У 1920 годзе паступіў у Школу дэкаратыўнага мастацтва.

Павал Мацукевіч падкрэсьлівае, што Балглей апынуўся на Парнасе і стаў адным зь яскравых прадстаўнікоў Парыскай школы.

«Ягоныя афорты былі прызнаныя аднымі зь лепшых. А ў Беларусі гэта імя мастака застаецца невядомым: падзеі ХХ стагодзьдзя аказаліся мацнейшымі за нашу памяць. Якаў Балглей памёр даволі маладым, у 43 гады. Пасьля яго засталіся карціны, раскіданыя па сьвеце. Сёньняшуяя падзея вельмі важная, бо вяртаецца імя мастака родам зь Берасьця. Ён быў часткай гісторыі сусьветнага мастацтва.

А беларуская культура стваралася прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцяў. На жаль, мы ня ведаем, адкуль родам гэтая жанчына, ня ведаем яе імя. Ведаем толькі, што намаляваная яна ў Парыжы паміж 1920-м і 1930-м гадамі. Набылі карціну мы ў Нямеччыне на аўкцыёне. І гэта імя — Якава Балглея — вяртаецца да нас», — кажа Павал Мацукевіч.

Maldzis фэст у Варшаве
Maldzis фэст у Варшаве

Ён падзякаваў беларусу Паўлу Сенчанку ды іншым мэцэнатам, якія пажадалі застацца непублічнымі і перадалі свае асабістыя сродкі на набыцьцё карціны. У будучым «Партрэт жанчыны» будзе перададзены ў Музэй гісторыі Берасьця.

«Гэта маладая жанчына стане сымбалем вяртаньня дадому. Як іншая карціна нашага славутага земляка стала сымбалем пратэсту ў 2020 годзе», — перакананы Павал Мацукевіч.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG