Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зьвярнуліся да кіраўніцтва музэю Бітвы пад Грунвальдам. Просяць паставіць на полі беларускі штандар

Карціна Яна Матэйкі, прысьвечаная супольнай перамозе пад Грунвальдам
Карціна Яна Матэйкі, прысьвечаная супольнай перамозе пад Грунвальдам

У час сьвяткаваньняў гадавінаў Бітвы пад Грунвальдам беларускі нацыянальны сьцяг можна ўбачыць лёгка — наведнікі-беларусы прывозіць яго з сабой. Але ў музэі і на полі праз палітыку цяперашняй беларускай дзяржавы, якая мае іншы сьцяг і не сьвяткуе перамогу пад Грунвальдам, пра Беларусь гаворкі няма.

Цяпер беларускія грамадзкія дзеячы склалі і апублікавалі ў сеціве пэтыцыю, у якой просяць кіраўніцтва музэю Бітвы пад Грунвальдам разгледзець магчымасьць усталяваньня на тэрыторыі Грунвальдзкага поля штандару зь бел-чырвона-белым сьцягам — гістарычным нацыянальным сымбалем беларускага народу.

«Грунвальдзкая бітва 1410 году стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У гэтай бітве палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, татары і прадстаўнікі іншых народаў Эўропы супольна абаранялі свае дзяржавы — Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае — ад вонкавай агрэсіі Тэўтонскага ордэну. Гэта была барацьба за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць сваю культуру, сваю веру і сваю свабоду», — гавораць аўтары пэтыцыі.

Далей аўтары заўважаюць, што сёньня ў памяць пра гэтыя падзеі на Грунвальдзкім полі стаяць дзяржаўныя сьцягі Польшчы, Літвы і Ўкраіны. Яны нагадваюць пра народы, якія разам змагаліся за свабоду і перамаглі.

«Беларусы таксама былі неад’емнай часткай гэтай перамогі. Харугвы Вялікага Княства Літоўскага, сфармаваныя на беларускіх землях — у Менску, Полацку, Віцебску, Наваградку, Горадні і іншых гарадах, — змагаліся пад Грунвальдам нароўні з іншымі ўдзельнікамі бітвы. Таму ўсталяваньне побач з польскім, літоўскім і ўкраінскім сьцягамі беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага штандарта зьяўляецца актам гістарычнай справядлівасьці і салідарнасьці паміж нашымі народамі.

Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьцяг, пад якім беларусы абвясьцілі сваю дзяржаўнасьць у 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта сьцяг, пад якім Рэспубліка Беларусь аднавіла сваю незалежнасьць у 1991 годзе. Гэта сымбаль, пад якім беларусы абаранялі і працягваюць абараняць свае нацыянальныя гонар, годнасьць і права на свабоду».

Таксама ў пэтыцыі гаворыцца, што «сёньня беларускі народ перажывае адзін з самых цяжкіх пэрыядаў сваёй гісторыі, знаходзячыся пад прыгнётам дыктатуры і ідэалёгіі так званага „рускага сьвету“», якая пагражае нацыянальнай ідэнтычнасьці, культуры і незалежнасьці Беларусі.

Хто запачаткаваў збор подпісаў?

Збор подпісаў пад дакумэнтам пачаў Юрась Меляшкевіч, вядомы грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сын Віктара Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.

Юрась Меляшкевіч — былы дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск» — ініцыятывы па аднаўленьні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, якую фінансаваў прадпрымальнік і мэцэнат беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў. Цяпер Меляшкевіч жыве за мяжою.

Як падпісаць?

Трэба ўвайсьці на старонку праз свой фэйсбук або гугл-акаўнт, або з дапамогай электроннай пошты і пазначыць «падпісаць пэтыцыю».

Для таго, каб дакумэнт адправіўся на разгляд, трэба атрымаць 250 подпісаў.

На момант публікацыі сабрана ўжо 164 подпісы. Таксама можна падаць свой камэнтар да подпісу, каб паказаць матывацыю і важнасьць падпісаньня.

Чаму важная бітва пад Грунвальдам?

15 ліпеня 1410 году аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы здабыло перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам. Грунвальдзкая бітва — гэта бітва паміж аб’яднанымі войскамі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (таксама прысутнічалі баявыя атрады чэхаў і татараў) і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы Тэўтонскага ордэну.

Перамога хаўрусьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі.

Таксама бітва выяўленая на шэрагу карцінаў, памяць пра яе захоўваецца ў гістарычных кнігах народаў, якія бралі ў ёй удзел. Яна частка нацыянальнага міту беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў. Беларускія гісторыкі працягваюць дасьледаваць Грунвальдзкую бітву і яе значэньне для нацыянальнай гісторыі.

Іншыя ініцыятывы беларусаў

Гістарычная спадчына даўно хвалюе беларускіх эмігрантаў. Адной з ідэяў паказаць Беларусь за мяжою стаў помнік Тадэвушу Касьцюшку. Ён зьявіўся ў 2017 годзе ў швайцарскім горадзе Золятурне, дзе нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША і Францыі пражыў свае апошнія гады і дзе памёр. Невялікую статую паставілі 15 кастрычніка 2017 году, калі адзначалася 200-я гадавіна сьмерці Касьцюшкі. Ідэя паставіць помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі ўзьнікла ў кіраўніка беларускай дыяспары Алеся Сапегі ў 2010 годзе.

Нядаўна ў Швайцарыю на месца сьмерці Касьцюшкі прывезьлі і валун зь Беларусі.

Ініцыятыва Maldzis набыла малюнак беларускага мастака Парыскай школы Восіпа Любіча. Кіраўнік ініцыятывы Павал Мацукевіч заявіў, што Любіч стаў часткай эўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёньня застаецца малавядомай у Беларусі.

Малюнак Любіча «Рабочыя» набыты на сродкі мэцэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю. У будучыні набыты твор плянуюць перадаць у Горадню ў дар.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG