Кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч заявіў, што Восіп Любіч стаў часткай эўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёньня застаецца малавядомай у Беларусі:
«Мы хочам гэта зьмяніць праз вяртаньне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасьці».
Малюнак Любіча «Рабочыя» набыты на сродкі мэцэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю. У будучыні набыты твор плянуюць перадаць у Горадню ў дар.
27 чэрвеня малюнак можна будзе пабачыць у рамках «Art-кавярні Maldzis зь Дзьмітрыем Салодкім» у Варшаве.
Хто такі Восіп Любіч
Восіп Любіч (1896–1990) — мастак беларускага паходжаньня, адзін з прадстаўнікоў Парыскай школы.
Нарадзіўся ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў клясычную мастацкую адукацыю. У 1920-м годзе пераехаў у Бэрлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, опэры, кіно.
З 1923 году жыў у Парыжы, у асяродзьдзі Манпарнаса — цэнтра мастацкага жыцьця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыскай школы.
Ягоная творчасьць уключае партрэты, пэйзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцьця.
Падчас Другой сусьветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лягер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасьля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.
Ягоныя творы знаходзяцца ў музэях і прыватных зборах па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі — у Нацыянальным мастацкім музэі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку».
Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем.
Што такое ініцыятыва Maldzis
- Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну.
- Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобраза Беларусі як эўрапейскай краіны.
- Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса (1932—2022), які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі і ініцыятыва Maldzis працягвае гэтую справу.