Ініцыятыва Maldzis выкупіла «Слоўнік беларускай гаворкі» («Словарь бѣлорусскаго нарѣчія») Івана Насовіча, выдадзены ў 1870 годзе. Гэты слоўнік — адзін з найважнейшых лексыкаграфічных збораў у гісторыі беларускага мовазнаўства, гаворыцца на сайце ініцыятывы Maldzis.
На момант выхаду кнігі ўлады Расейскай імпэрыі не прызнавалі беларускую мову асобнай, адсюль і назва. Сам Іван Насовіч, мовазнаўца, фальклярыст і этнограф, хацеў назваць сваю працу слоўнікам «крывіцкай мовы»
«Слоўнік Насовіча — гэта спроба зафіксаваць сьвет, які мог зьнікнуць бязь сьледу. І хоць сам Насовіч мысьліў у катэгорыях сваёй імпэрскай эпохі, вынік ягонай дзейнасьці і да сёньня працуе на беларускую будучыню. Вяртаючы гэты слоўнік у беларускі кантэкст, мы вяртаем сьведчаньне таго, што беларуская мова стагодзьдзямі была паўнавартаснай і жывой», — сказаў кіраўнік ініцыятывы Павал Мацукевіч.
Кнігу набылі на аўкцыёне ў Нідэрляндах за сродкі, якія Maldzis зьбірае дзякуючы штомесячным ахвяраваньням.
«Насовіч склаў інвэнтар беларускай мовы за паўстагодзьдзя да таго, як зьявілася беларуская дзяржава. На гэтым слоўніку базаваліся і „Наша Ніва“, і школьная граматыка, і сама звычка грамадзка-палітычнай эліты думаць пра сябе як пра народ з уласнай мовай, а ня як пра ўскраіну чужой дзяржавы», — сказаў апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня.
Слоўнік зьбіраюцца ў будучыні перадаць у Чавускі гісторыка-краязнаўчы музэй — на радзіму аўтара.
Іван Насовіч нарадзіўся 7 кастрычніка (26 верасьня паводле старога стылю) 1788 году ў вёсцы Гразівец (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласьці) у сям’і псаломніка. Працаваў у сыстэме народнай асьветы Расейскай імпэрыі. Апроч беларускай і расейскай, ведаў стараславянскую, лацінскую, грэцкую, францускую, старажытнагабрэйскую і польскую мовы.
У свае 64 гады выдаў «Беларускія прыказкі і прымаўкі». У 79 — «Зборнік беларускіх прыказак», у 80 — «Беларускія прыказкі і загадкі», у 85 — «Беларускія песьні».
Галоўная праца — «Слоўнік беларускай гаворкі» — выйшла ў 1870 годзе, калі аўтару было 82. Пачаў ён яе ў 1847 годзе і прысьвяціў ёй 16 гадоў.
Што такое ініцыятыва Maldzis
Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну.
Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобраза Беларусі як эўрапейскай краіны.
Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса (1932–2022), які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі і ініцыятыва Maldzis працягвае гэтую справу.
Форум