Ініцыятыва Maldzis набыла на аўкцыёне ў Польшчы тры фатаграфіі 1930-х гадоў, зьвязаныя з радзімай Тадэвуша Касьцюшкі — Косава і Мерачоўшчынай (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці). У будучыні здымкі перададуць у Музэй-сядзібу Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне, паведаміла ініцыятыва.
На адной фатаграфіі адлюстраваная мэмарыяльная таблічка з барэльефным партрэтам Касьцюшкі, якая знаходзілася на доме, дзе ён нарадзіўся. Здымак памерам 10×14 см датаваны 1936 годам. Паводле інфармацыі Maldzis, гэта можа быць адзіная вядомая выява таблічкі.
На двух іншых фота намаляваны палац Пуслоўскіх у Косава (вядомы таксама як Косаўскі замак). На адной бачны фрагмэнт фасаду, на другой — будынак цалкам з характэрнымі вежамі. На здымку фасаду бачныя выбітыя вокны і пашкоджаньні інтэр’ераў.
У 1936 годзе ў доме Касьцюшкі адкрылі музэй. Прыкладна ў той жа час на будынку зьявілася бронзавая таблічка з рэльефным партрэтам і памятным надпісам. Паводле інфармацыі Maldzis, яе, напэўна, зьнялі ў 1939 годзе пасьля прыходу савецкіх войскаў у Заходняю Беларусь. Далейшы лёс таблічкі невядомы.
У жніўні 1942 года дом згарэў. У 2004 годзе яго аднавілі на старых падмурках і зноў адкрылі музэй.
Палац Пуслоўскіх быў пабудаваны ў XIX стагодзьдзі на замову Вандаліна Пуслоўскага. У 1944 годзе ён пацярпеў ад пажару, а ў наступныя дзесяцігодзьдзі паступова разбураўся. Нядаўна палац адрэстаўравалі і адкрылі для наведвальнікаў. Побач паставілі помнік Тадэвушу Касьцюшку.
Кіраўнік Maldzis Павал Мацукевіч адзначыў, што набытыя фатаграфіі былі зроблены ў Беларусі і захоўваюць сведчанні яе гісторыі. На абароце ўсіх трох здымкаў захаваліся штампы «Archiwum płk. dr. Czesława Hake» (архіў палкоўніка доктара Чэслава Гаке). Гаке жыў і працаваў у Косаве ў 1935–1937 гадах.
Сузаснавальнік Maldzis Рыгор Астапеня паведаміў, што набыць фатаграфіі ўдалося дзякуючы ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы.
Хто аўтар фота
Аўтар фатаграфій палацу — вядомы беларускі і польскі фатограф Юзаф Шыманчык, які нарадзіўся ў Косаве ў 1909 годзе.
Пасьля пачатку вайны ён жыў і працаваў як фатограф у Слоніме, па ваёне пераехаў у Польшчу.
Аўтар многіх гістарычных здымкаў з Заходняй Беларусі.
Пасьля выхаду на пэнсію Шыманчык некалькі разоў наведваў Беларусь, у 1999 годзе разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачаньня наведаў Косаўшчыну, Слонім і іншыя мясьціны, там здымалі пра яго дакумэнтальны фільм «Fotograf Polesia» (Фатограф Палесься).
Шыманчык памёр у 2003 годзе.
У 2024 годзе выйшаў альбом твораў Юзафа Шыманчыка. У 2025 годзе ў Варшаве адбылася выстава «Polesie w fotografii Józefa Szymańczyka» (Палесьсе ў фатаграфіі Юзафа Шыманчыка).
Што такое ініцыятыва Maldzis
Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну.
Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобраза Беларусі як эўрапейскай краіны.
Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса (1932–2022), які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі і ініцыятыва Maldzis працягвае гэтую справу.
Форум