Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛОДЗІ АДБЫЛОСЯ ПАХАВАНЬНЕ ВЫБІТНАГА БЕЛАРУСКАГА ФАТОГРАФА ЮЗЭФА ШЫМАНЧЫКА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Юзэф Шыманчык нарадзіўся ў Косаве ў 1909 годзе ў сям’і звычайных беларускіх сялянаў, але ўжо ва ўзросьце 13 гадоў страціў бацькоў і мусіў сам зарабляць на жыцьцё. У юнацтве спадар Шыманчык моцна зацікавіўся фатаграфіяй, назьбіраў грошы на фотаапарат, самастойна навучыўся ім карыстацца і ў 20-я гады ўжо зарабляў, здымаючы турыстаў, што прыяжджалі ўлетку адпачываць на Агінскі канал каля Целяханаў.

Гаворыць знаўца біяграфіі Юзэфа Шыманчыка, доктар этналёгіі Анна Энгелькінг.

(Энгелькінг: ) “Ён меў талент рэпарцёра, ўмеў назіраць і ў пэўным часе пачаў выяжджаць на ровары ў глухія палескія вёскі. Рабіў там здымкі сялянскіх хатаў, навакольля, але перадусім людзей – у полі, у падворку, каля царквы. Ягоныя здымкі маюць ня толькі этнаграфічную, але і вялікую мастацкую каштоўнасьць. Гэта быў несумненна таленавіты чалавек. На фатаграфаваньне палешукоў ён увесь час выдаваў уласныя грошы і казаў, што робіць гэта, каб “зафіксаваць тое, што мінае”.

Празь некалькі гадоў у Косаве паўстала ўласнае фотатэлье Юзэфа Шыманчыка, якое забралі прадстаўнікі савецкай ўлады ў 1939 годзе. У часе нямецкай акупацыі спадар Шыманчык пераехаў у Слонім і працягваў фатаграфаваць. На пачатку гэтага году ў Польшчы выйшаў фотаальбом зь ягонымі здымкамі жыцьця простых людзей у Слоніме пэрыяду акупацыі. У 1945 годзе Юзэф Шыманчык, як шмат хто з Заходняй Беларусі, выехаў у Польшчу.

Працягвае Анна Энгелькінг:

(Энгелькінг: ) “Прычынай ягонага выезду ня быў, як можна падумаць, польскі патрыятызм, бо ён ніколі не адмовіўся ад сваёй беларускасьці і выразна адчуваў сябе беларусам. Спадар Шыманчык проста ўжо ведаў, што нясе з сабой савецкая ўлада, і ведаў, што ў савецкай Беларусі яму не дадуць самастойна працаваць”.

У Польшчы спадар Шыманчык далей займаўся фатаграфіяй і апрацоўваў калекцыю здымкаў Палесься міжваеннага пэрыяду, рабіў выставы ў Польшчы і Беларусі. Сёньня ягоныя фатаграфіі маюць вялікую гістарычную каштоўнасьць. Іх можна пабачыць у музэях Менску, Бярозы, Варшавы, Лодзі, а таксама ў шэрагу кніжак, часопісаў і фоттальбомаў.

А 4 гады таму падчас здымкаў дакумэнтальнай стужкі пра жыцьцё і творчасьць Юзэфа Шыманчыка польскія кінематаграфісты знашлі на Палесьсі шмат здымкаў і паштовак аўтарства спадара Шыманчыка, якія палешукі захоўвалі ў сем’ях цягам 70 гадоў.
XS
SM
MD
LG