Праз шэсьць месяцаў пасьля таго, як удары ЗША і Ізраілю па Іране паклалі пачатак канфлікту, які скалануў энэргетычныя рынкі і парушыў сусьветнае суднаходзтва, яснага канца супрацьстаяньню па-ранейшаму ня бачна. Хоць вайсковы патэнцыял Ірану панёс сур’ёзныя страты, Тэгеран па-ранейшаму захоўвае важны рычаг уплыву ў Армускай пратоцы.
Апытаныя Радыё Свабода экспэрты, якія прадстаўляюць розныя кірункі палітычнай думкі ў Вашынгтоне, лічаць, што наступны этап канфлікту будуць вызначаць чатыры пытаньні:
- як доўга Іран здолее вытрымліваць эканамічны ціск,
- ці зможа дыпляматыя ператварыць вайсковыя дасягненьні ў трывалае пагадненьне,
- што будзе з Армускай пратокай,
- ці дапамогуць Расея і Кітай Тэгерану аднавіць свае сілы.
«Эканамічны наступ»
Адстаўны віцэ-адмірал Робэрт Гарвард, былы намесьнік камандуючага Цэнтральным камандаваньнем ЗША, называе цяперашнюю сытуацыю «ўстойлівым станам». Але, на яго думку, час працуе супраць Тэгерану.
«Час для іх — самая вялікая праблема», — сказаў Гарвард Радыё Свабода, адзначыўшы, што працяглы эканамічны ціск у нейкі момант можа ператварыцца ва ўнутраную пагрозу для іранскіх уладаў.
Менавіта праблемы штодзённага дабрабыту сталі прычынай масавых пратэстаў у сьнежні-студзені, якія ўлады здолелі здушыць толькі з ужываньнем жорсткай сілы, у выніку чаго загінулі тысячы дэманстрантаў.
«Час для Ірану — самая вялікая праблема»,
Цяпер Вашынгтон прадстаўляе канфлікт наступным чынам. 24 жніўня міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт абвясьціў пра «эканамічны наступ», мэтай якога ёсьць далейшая ізаляцыя Ірану. Бэсэнт мае намер дамагацца падтрымкі гэтай палітыкі ад міністраў фінансаў краінаў «Вялікай дваццаткі» на сустрэчах у Эшвілі (штат Паўночная Караліна) 31 жніўня і 1 верасьня.
Гарвард мяркуе, што ціск можа ператварыцца ва ўнутраную пагрозу, калі Тэгерану ўрэшце стане цяжка забясьпечваць выплаты Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), апалчэньню «Басідж» і іншым дзяржаўным структурам або калі звычайныя іранцы сутыкнуцца з дэфіцытам паліва і іншых тавараў першай неабходнасьці.
Паводле яго, зімовыя ўмовы могуць зрабіць гэты ціск асабліва адчувальным.
Важную ролю ў гэтых разьліках адыгрывае Кітай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША пачынаюць «эканамічны наступ» на Іран і патрабуюць ад іншых краін спыніць падтрымку ТэгерануЭлэйн Дэзэнскі, кіраўніца Цэнтру эканамічнай і фінансавай моцы пры Фондзе абароны дэмакратыяў, адзначае, што эканамічныя адносіны Кітаю зь Іранам маюць вялікае значэньне, але гэта не саюз у традыцыйным разуменьні.
Паводле яе, каля 80% іранскага нафтавага экспарту накіроўваецца ў Кітай, аднак іранская нафта складае толькі каля 12–13% агульнага імпарту сырой нафты Кітаем.
«Калі б Кітай спыніў закупкі іранскай нафты… гэта мела б велізарны эфэкт», — сказала Дэзэнскі.
«Калі б Кітай спыніў закупкі іранскай нафты… гэта мела б велізарны эфэкт»
Аднак дагэтуль Пэкін супраціўляецца ціску ЗША ў справе гандлёвых адносінаў з Тэгеранам.
У гэтага пытаньня ёсьць і доўгатэрміновы фінансавы аспэкт. Продаж іранскай нафты за юані і разьлікі праз сыстэмы па-за даляравай фінансавай сеткай могуць умацоўваць альтэрнатыўную фінансавую інфраструктуру.
«Тое, як Іран праводзіць гэтыя апэрацыі і як Кітай іх падтрымлівае, зьяўляецца спробай рэальна аслабіць ролю даляра ЗША на сусьветным энэргетычным рынку», — сказала Дэзэнскі.
Ці можа вярнуцца дыпляматыя?
Хоць магчымасьць новых вайсковых дзеяньняў не выключаецца, афіцыйныя асобы даюць зразумець, што вайсковая кампанія, магчыма, ужо дасягнула мяжы сваёй эфэктыўнасьці. Іншымі словамі, для новых удараў засталося ня так шмат цэляў.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў чэрвені заявіў, што абаронна-прамысловая база Ірану панесла «велізарныя разбурэньні» і, паводле яго ацэнкі, страціла 80–90% свайго патэнцыялу. Прэзыдэнт Дональд Трамп спачатку заявіў, што былі зьнішчаныя 90% іранскіх ракет і пускавых установак, а пазьней назваў лічбу 82%. Ён таксама неаднаразова заяўляў, што іранскі ваенна-марскі флёт зьнішчаны.
Аднак тыя сілы, якія засталіся, упарта дэманструюць здольнасьць перашкаджаць суднаходзтву праз Армускую пратоку.
Для Брэдлі Боўмана, старшага дырэктара Цэнтру вайсковай і палітычнай моцы пры Фондзе абароны дэмакратыяў, галоўнае адрозьненьне палягае паміж аслабленьнем вайсковага патэнцыялу і дасягненьнем трывалага палітычнага выніку.
Амэрыка часта перамагае на полі бою і прайграе за сталом перамоваў
«Амэрыка пастаянна сутыкаецца з праблемай на Блізкім Усходзе: як ператварыць посьпех на полі бою ва устойлівыя і пазытыўныя палітычныя вынікі, — сказаў Боўман Радыё Свабода. — Мы часта перамагаем на полі бою і прайграем за сталом перамоваў».
Паводле яго, для ўстойлівай палітычнай трансфармацыі ў Іране патрэбныя рашучыя дзеяньні саміх іранцаў. У Вашынгтону, дадаў ён, няма палітычнай волі адпраўляць у Іран «тысячы і тысячы» вайскоўцаў і несьці страты, якіх запатрабавала б такая апэрацыя.
Боўман таксама адзначыў, што вайна прадэманстравала маштаб расходаваньня амэрыканскіх узбраеньняў і выклікала пытаньні наконт колькасьці наступальных і абарончых боепрыпасаў, даступных для іншых магчымых тэатраў ваенных дзеяньняў.
З самога Ірану паступаюць супярэчлівыя сыгналы.
Некаторыя сілы, у тым ліку Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі, відаць, не сьпяшаюцца прасоўваць перамовы напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША ў лістападзе. Іншыя ўплывовыя прадстаўнікі рэлігійных уладаў у апошні час неаднаразова гаварылі пра цяжкія эканамічныя наступствы і важнасьць аднаўленьня дыпляматыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як зьвязаныя войны ва Ўкраіне і Іране. Аналіз СвабодыАрмуская пратока: галоўны рычаг Ірану
На думку Гаўдата Бахгата, прафэсара ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ў Цэнтры стратэгічных дасьледаваньняў Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі пры Нацыянальным унівэрсытэце абароны ЗША, найважнейшай падзеяй апошніх шасьці месяцаў, магчыма, стала тое, што Армуская пратока ператварылася ў галоўны рычаг Ірану на перамовах.
«Нават калі будзе падпісанае часовае пагадненьне, яно застанецца часовым. У будучыні яны ўсё роўна будуць пагражаць перакрыць пратоку», — сказаў ён.
Праз гэты водны шлях традыцыйна праходзіць каля пятай часткі сусьветных паставак нафты, звадкаванага прыроднага газу і іншых жыцьцёва важных тавараў. Гэта таксама стварае эканамічны ціск на Злучаныя Штаты, паколькі рост цэнаў на сусьветных рынках падштурхоўвае ўверх цэны на бэнзін.
У самым вузкім месцы пратока мае шырыню ўсяго каля 39 кілямэтраў. І Іран, і Аман прэтэндуюць кожны на максымальныя 22,2 кілямэтра тэрытарыяльных водаў, дазволеныя Канвэнцыяй ААН у марскім праве, таму міжнародных водаў у гэтай зоне няма.
Судны ў Армускай пратоцы каля пляжу Бандар-Абас, Іран. 28 жніўня 2026 году
Канвэнцыя ААН у марскім праве павінна гарантаваць права транзытнага праходу камэрцыйных суднаў і забараняе іх блякаду. Аднак Тэгеран ніколі не ратыфікаваў Канвэнцыю і заяўляе, што ня лічыць сябе зьвязаным яе палажэньнямі. Злучаныя Штаты таксама яе не ратыфікавалі.
Бахгат мяркуе, што краіны Пэрсыдзкай затокі ў нейкі момант могуць пачаць дамагацца пагадненьня, якое верне стабільнасьць, нават калі яно афіцыйна замацуе пэўную ролю Ірану ў пратоцы. Паводле экспэрта, галоўны прыярытэт для гэтых краінаў — вяртаньне эканамічнай стабільнасьці.
Больш складанае пытаньне палягае ў тым, ці зможа Вашынгтон пагадзіцца на нейкую форму іранскага кантролю над водным шляхам або атрыманьня Іранам эканамічнай выгады ад яго.
Боўман лічыць, што ключавое значэньне мае тое, ці будуць капітаны камэрцыйных суднаў і страхавыя кампаніі лічыць гэты маршрут бясьпечным.
Таму Ірану неабавязкова цалкам закрываць Армускую пратоку. Пэрыядычныя ракетныя або дронавыя атакі могуць павялічваць кошт страхаваньня і стрымліваць суднаходзтва, а ўдары па інфраструктуры краінаў Пэрсыдзкай затокі могуць ствараць дадатковы ціск на дзяржавы, якія супрацоўнічаюць з Вашынгтонам.
«У выніку нашы арабскія партнэры фактычна становяцца інструмэнтамі таго ціску, які Іран аказвае на Вашынгтон», — сказаў Боўман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На ўсясьветных рынках нафта патаньнела пасьля навін з Армускай пратокіДапамога Ірану з боку Расеі і Кітаю
Яшчэ адно важнае пытаньне палягае ў тым, ці змогуць замежныя партнэры Ірану дапамагчы яму аднавіць свае сілы.
Боўман назваў пастаўкі з Кітаю хімічных Хімічнае рэчыва, зыходны кампанэнт (рэагент) або ўдзельнік прамежкавых рэакцый пры сынтэзе любога рэчыва), а таксама расейскую выведную інфармацыю для вызначэньня цэляў і падтрымку ў сфэры бесьпілётнікаў сьведчаньнямі росту такой дапамогі.
Паводле яго, Масква разглядае магчымасьць пастаўкі Ірану зьнішчальнікаў Су-35, а Пэкін можа перайсьці ад паставак матэрыялаў падвойнага прызначэньня да гатовых узбраеньняў і боепрыпасаў.
Будучыня такой падтрымкі, паводле экспэрта, у значнай ступені будзе залежаць ад таго, як Пэкін і Масква ацэньваюць магчымую рэакцыю ЗША.
«Галоўнае, чаго баіцца Кітай, — гэта другасныя санкцыі з боку Злучаных Штатаў», — сказаў Боўман.
У заяве Бэсэнта быў намёк на магчымасьць такіх санкцыяў, аднак яны нясуць і рызыку захадаў у адказ з боку Кітаю, і пакуль незразумела, наколькі далёка Вашынгтон гатовы зайсьці ў нарошчваньні такога ціску.
На думку Боўмана, аднаўленьне вайсковага патэнцыялу Ірану нельга разглядаць асобна ад шырэйшай сеткі яго падтрымкі.
Дасьледаваньне пад кіраўніцтвам Боўмана задакумэнтавала 616 выпадкаў супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі паміж Кітаем, Расеяй, Іранам і Паўночнай Карэяй у пэрыяд са студзеня 2019 году па сьнежань 2025 году. Яны ахоплівалі распрацоўку і перадачу ўзбраеньняў, вайсковыя вучэньні, абмен выведнай інфармацыяй і вайсковую дыпляматыю.